Пётр Гузаеўскі
Пыталіся работнікі, чаму бугалтэрыя некаторым з іх не налічыла і не паказала ў разліковых лістках адпускныя, куды дзеліся працоўныя дні, за якія таксама недалічылі грошы; пра тое, што няма запчастак, а каб даліць масла, зліваюць яго з трактароў, якія пакуль стаяць без працы.
Некалькі трактарыстаў, якія пайшлі ў адпачынак у канцы снежня, у студзені выклікалі на працу. Як яны расказалі, ні пра загад кіраўніка сельгаспрадпрыемства, ні пра тое, як гэта будзе кампенсавана, і ці пазней дадуць адгуляць свае законныя дні адпачынку, размовы не было.
ПРАБЛЕМЫ КРУГОВІЦКІХ ТРАКТАРЫСТАЎ
“З 26 снежня я пайшоў у адпачынак, а 9 студзеня Мікалаевіч (дырэктар ААТ “Крышылавічы” ) выклікаў на працу, бо няма каму рабіць. А дзе мае адпускныя?” – пытаўся механізатар Уладзімір Зялёнка.
Сяргей Сайко, які працуе ў калгасе з перапынкамі з 1990 года механізатарам, расказаў, што недалічыўся 10-ці дзён і, вядома ж, грошай за гэтыя дні.
“27 снежня я напісаў заяву на адпачынак, але мяне папрасілі напісаць з 24 снежня, а ў разліковым лістку дзён, бачу, не хапае, а я ж здаваў і пуцёўкі, і ўказваў тое, што быў на рамонце. А што не могуць шланг замяніць, то хіба гэта мая праблема? Я на працоўным месцы – дык давайце работу, буду працаваць, – сказаў Сяргей Канстанцінавіч.
Дырэктар ААТ “Крышылавічы” Уладзімір Жу коўскі, выслухаўшы тых, хто выказваў прэтэнзіі, не адкладваючы справу, адразу па тэлефоне звязаўся з падначаленымі.
“Чаму ў Сайкі не хапае 10 дзён і чаму не налічылі Зелёнку грошы за адпачынак!? – грозна спытаў Уладзімір Мікалаевіч і, выслухаўшы, пэўна, бухгалтара, дадаў: – Я зараз прывязу іх у кантору і будзем разбірацца. Шукайце паперы, дзе і як вы налічвалі!”
Але пагаварыўшы па душах, вырашылі разабрацца пазней. Калі дырэктар паехаў, механізатары падзяліліся сваімі поглядамі на праблемы, якія ёсць у гаспадарцы. Але гучала больш пытанняў, чым адказаў.
“Я за дзень грузіў па 500 тон гною, саломы, кармоў. Але ці робіш ты да дванаццаці ночы, ці да васьмі вечара, а зарплата аднолькавая – чыстымі 370- 380 рублёў. Зарплата невядома як налічваецца. Прыязджаю ў кантору ў Востраў і прашу: «Дайце мне расцэнкі за пагрузку гною». А Надзя плячыма паціскае – ці то не ведае, ці не хоча паказаць.
«Пытаюся : «Чаму за выхадныя не плаціце?» – бо казалі, што ў райвыканкаме нейкі сход быў і сказалі аплачваць выхадныя ў двайным памеры, – а ў канторы зноў плячыма паціскаюць, – расказвае трактарыст Іван Булат, які працуе на пагрузчыку. – Дык чаго яны сядзяць у той канторы?”
А яшчэ адзін механізатар Аляксандр Віктаровіч расказаў:
“Летам мы разам працавалі на камбайне, дык у мяне 14 дзён, у Сяргея Сайкі 29 дзён. У лістку гэтым было напісана, што я жывёлавод… Спытаў: «Што гэта? І дзе мае дні дзеліся, што я працаваў?» То дні знайшлі, а грошы і па сённяшні дзень не налічылі. Я ўжо вось чатыры гады працую, а ў адпачынку быў толькі два разы. Куды дзеліся мае два законныя адпачынкі?»
Знікла сем дзён працы і ў трактарыста Мікалая Зайца, якога таксама выклікалі з адпачынку. Праўда, дырэктар гэта пытанне вырашыў на месцы, паабяцаўшы, што трактарыст дні адпачынку адгуляе пазней.
СА СКАРГАМІ ПАЧЫНАЙЦЕ З КАНТОРЫ
Калі абагульніць, то карціна такая: на руках працоўных дагавораў у работнікаў няма; па якіх расцэнках працуюць, механізатары таксама не ведаюць, адпускныя ім налічваюць не так, як прапісана у працоўным кодэксе. Некаторыя лічаць да гэтай пары, што яны члены калгаса, хоць форма кіравання даўно памянялася.
Вось толькі з назвай знікла і былая моц і слава калгаса. Зараз няма ні выбарчых сходаў, ні долі, якую некалі намінальна меў кожны член калгаса. Па словах людзей, і правоў у іх стала менш. А вось спецыялісты гаспадаркі наракаюць, што некаторых работнікаў трэба кожны раз штурхаць, бо такія могуць цэлы дзень з якім-небудзь шлангам тудысюды прабоўтацца, а нічога не зрабіць. І за што ім плаціць?
У бугалтэрыі ААТ “Крышылавічы” на многія пытанні далі адказы і тлумачэнні. Напрыклад, на пытанне, чаму не хапала дзён у некаторых трактарыстаў, адказалі, што калі работнік працаваў адну ці тры гадзіны, то тыя гадзіны падсумоўвалі, каб атрымаўся поўны рабочы дзень.
Бугалтар сельгаспрадпрыемства, з якой размаўляў аўтар артыкул, сказала, што на ўсё ў гаспадарцы грошай катастрафічна не хапае. Прызнала, што адпускныя не атрымліваецца налічваць за тры дні да адпачынку, як таго патрабуе працоўнае заканадаўства, але з людзьмі яны стараюцца разлічвацца ў першую чаргу.
“Няхай бы работнікі перш чым скардзіцца, звярталіся ў бугалтэрыю, да эканаміста ці кіраўніка гаспадаркі. Усё ім патлумачым, – сказала спецыяліст ААТ “Крышылавічы”.
Бугалтар таксама адзначыла, што цяперашні кіраўнік Уладзімір Жукоўскі вельмі стараецца і шмат чаго зрабіў для гаспадаркі. Але каб ён прыйшоў да іх раней, то, магчыма, і эканамічны стан быў бы не такі, як цяпер.
КУПЛЯЙЦЕ ААТ “КРЫШЫЛАВІЧЫ”! НЯДОРАГА, 5 МІЛЬЁНАЎ
Пасля гутаркі з людзьмі, невялікай экскурсіі па тэрыторыі і агляду тэхнікі ўражанні засталіся сумныя. Не верылася, што некалішні слаўны калгас “Сцяг Леніна”, які меў найлепшую тэхнічную базу ў раёне, ператварыўся ў банкрота.
27 студзеня упраўляючы ТАА “БрэстТіпар” Юрый Цішын на сайце bankrot.by размясціў аб’яву пра продаж. Дата прызначана на 11 лютага. Кошт лота – 5 млн 112 тысяч беларускіх рублёў. Гэта паўторныя таргі.
Спадзяванне на тое, што нехта купіць маёмасць “Крышылавіч” адзіным комплексам, такое ж, як і тое, што заўтра круговіцкія механізатары перасядуць з дабітых трактароў на Джон-дзіры.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More