
Пётр Гузаевский
Пра тое, што “мы будзем заўсёды паважаць вялікі подзвіг франтавікоў і працаўнікоў тылу, якія кавалі перамогу”, і пра тое, што “будзем берагчы гістарычную праўду пра падзеі тых гадоў, перадаючы яе маладому пакаленню”.
Вельмі засмучае тое, што словы, якія гучаць з трыбун, разыходзяцца са справамі. Пасля вайны прайшло больш за шэсць дзесяцігоддзяў. У нашым раёне жывуць людзі, якія ў вайну працавалі на заводах, сапраўды кавалі будучую Перамогу ў тыле ворага, а пра іх саміх забыліся.
Да такіх «забытых» адносяцца і жыхаркі вёскі Люсіна Яўгенія Арцёмаўна Рылка (1926 г. нарадж. па пашпарце) і Занька Юлія Піліпаўна (1922 г. нарадж.). Ніхто іх раней не віншаваў са святам 9 Мая, не ўручаў падарункі і не дзякаваў і ўвогуле не ўспамінаў пра іх нялёгкую працу.
Па словах Яўгеніі Арцёмаўны, у свае 16 гадоў яна папрасіла старшыню сельсавета прыпісаць ёй “лішнія” два гады, каб у 1944 годзе трапіць на работу і стаць санітаркай, нават аддзячыла яму за гэта скруткам якаснага льнянога палатна.
А трапіла ў далёкі горад Орск (зараз гэта горад у Арэнбургскай вобласці ў Расіі), дзе больш за тры гады працавала фармоўшчыцай на ваенным заводзе, на якім выпускалі снарады для артылерыі, патроны для агнястрэльнай зброі.
Паехала туды, бо немцы, калі адыходзілі, скасілі іхні гектар збожжа, і заставацца дома без хлеба азначала памерці з голаду. Ды яшчэ і санітаркі з Расіі, якія пасля вызвалення ад немцаў спыніліся ў вёсцы, агітавалі, што лепш пайсці на вайну, бо там хоць кормяць і даюць вопратку.
Бацькоў ужо не было ў жывых, а дома засталася старэйшая сястра. Жыццё на заводзе было цяжкім. Працавалі ў дзве змены па 12 гадзін у суткі, атрымлівалі 500 грамаў хлеба і сціплае двухразовае харчаванне.
“Былі дні, калі галадалі, елі мерзлую бульбу і конскі памёт”, – расказвае пенсіянерка.
Разам з ёй трапілі ў Орск 17 жанчын з Люсіна і шмат іншых з другіх вёсак раёна. Усіх іх мабілізавалі на ваенны завод. У Люсіне, акрамя Яўгеніі Арцёмаўны, жыве яшчэ адна жанчына – Юлія Піліпаўна Занька, якой споўніўся ў красавіку 91 год.
Які лёс выпаў на долю гэтых жанчын – тэма асобнага артыкула. Яны памятаюць і здзекі фашыстаў, і тое, як лютавалі свае “партызаны”, забіраючы апошняе.
Юлія Піліпаўну даглядае дачка, дапамагае ўнук, а вось Яўгенія Арцёмаўна жыве адна. У яе няма ні калодзежа, ні туалета, і паліць у аварыйнай печы пажарныя забаранілі. Яна жыве ў хаце, дзе была раней школа.
Яўгенія Арцёмаўна паказала журналісту “ГЧ” і класы, дзе вучыліся дзеці, дзе была настаўніцкая. Зараз столь у будынку прагніла, дах цячэ і знаходзіцца ў аварыйным стане.
Таму пенсіянерка ў гэтым годзе была вымушана зімаваць у дачкі, таксама пенсіянеркі, у Ганцавічах, хоць тая і сама хварэе, а таму дапамагчы нічым асабліва не можа.
“Звярталася я раней у сельсавет, але ніхто мне не дапамог, а ў апошнія гады і сіл не маю туды дайсці, – расказвае Яўгенія Арцёмаўна. – Зараз дровы няма каму парэзаць, нават за грошы нікога не магу знайсці”.
Пенсія у яе “велізарная”: заслужыла яна, куючы перамогу, аж 1 млн 200 тысяч рублёў. Не нашмат больш атрымлівае і Занька Юлія Піліпаўна – 1 млн 670 тысяч. Бо ніхто тыя гады, калі яны працавалі на ваенным заводзе, у стаж не ўлічваў і нават спроб, каб звярнуцца ў архівы, ніхто з мясцовых уладаў, дэпутатаў і ўпраўлення сацыяльнай абароны, ветэранскай арганізацыі не зрабіў.
І статуса ветэранаў вайны, а разам з гэтым павелічэння пенсіі і льгот яны таксама не атрымалі. У ліпені 2012 года аднавясковец Яўгеніі Арцёмаўны, былы журналіст Міхаіл Бабок, дапамог бабулі і ад яе імя накіраваў пісьмо ў Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь, якое потым пераадрасавалі Генеральнаму консулу РФ у Брэсце.
Напрыканцы мінулага года прыйшоў адказ з дзяржаўнага архіва. Згодна з архіўнай спраўкай №1438 на запыт ад 20.11.2012 напісана:
“В архивном фонде ОАО “Орский завод строительных машин в журнале регистрации работников завода за 1944-1947 гг. в графе “ФИО” записано “Рылко Евгения Артемовна (дата рождения не указана), в графе “цех” – “лит”, в графе “с какого времени работает – 23.11.1944 по 23.01.1947”, отпуск с 2.01 1047 на 18 дней, в графе “выбыл адрес” – Пинская обл., Ганцевичский р-н, Люсинский с/с, д. Люсино), графа “возвращение из отпуска” не заполнена. В расчетных ведомостях по заработной плате работников литейного цеха значится Рылко Евгения А. (отчество неразборчиво) с ноября 1944 по февраль 1974 г.”
Фактычна гэты дакумент з’яўляецца падставай для таго, каб яны атрымалі калі не статус ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, то каб ім хаця б зрабілі пераразлік і павялічылі памер пенсій. Але хто дапаможа Юліі Піліпаўне Занька накіраваць запыт у архіў, бо яна ж таксама працавала на гэтым заводзе?
У гэтым годзе толькі старшыня Люсінскага сельсавета Вячаслаў Шкут наведаў Яўгенію Арцёмаўну і прынёс набор прадуктаў, які выдавалі ветэранам, а са школы ўпершыню прыйшла віншавальная паштоўка. Вячаслаў Шкут паабяцаў, што ў межах сваіх магчымасцяў дапаможа аднавяскоўкам.
Але дзе былі мясцовыя чыноўнікі, дэпутаты да гэтага часу? Чаму не рэагавалі на просьбы і звароты? Дзе тыя актывісты з моладзі БРСМ? Няўжо нельга дапамагчы парэзаць дровы, прынесці нямоглым вядро вады, як гэта рабілі ў савецкія часы піянеры і камсамольцы?
Ці задача БРСМ зараз зводзіцца толькі да таго, каб засядаць на сходах, папаўняць свае рады членамі, якія нават не ведаюць, чаго яны ўступаюць у гэтую арганізацыю, і размахваць сцягамі на мерапрыемствах?
Ці, можа, хто скажа, што дзве гэтыя жанчыны працавалі на ваенным заводзе і “не кавалі перамогу” і не заслугоўваюць, каб хоць напрыканцы іх веку пра іх паклапаціліся? Ёсць час, каб гэтую сітуацыю выправіць, пакуль яны жывыя. Лепш позна, чым ніколі. Але каб не сорамна было глядзець у вочы гэтым людзям і іх нашчадкам.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More