
Фота з архіва "ГЧ"
Гісторыя гэта ўражвае: столькі розных выпрабаванняў выпала на долю аднаго чалавека!
Пачалося ўсё яшчэ за савецкім часам, у 1986 годзе. Менавіта тады перадавы работнік калгаса “1 Мая” Іван Казак выйшаў на пенсію. Налічылі яму працоўную – дзякуй Богу, зарабіў яе ўласным мазалём, 42 гады шчыруючы сейбітам і будаўніком. Але Іван Андрэевіч ведаў, што заслужыў і іншую пенсію – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Малады хатыніцкі хлопец, які прыпісаў сабе гады, каб трапіць на фронт, у чэрвені 1944 года быў накіраваны ў Польшчу. Там ён будаваў масты, пераправы, мініраваў і размініраваў тэрыторыі. У якасці радавога стралка 48-га асобнага дарожнага батальёна пабываў у Аўстрыі, Германіі, адкуль пасля вайны разам са сваімі франтавымі таварышамі быў дастаўлены ў Мінск.
Дома, у родных Хатынічах, да франтавіка звярнуліся па дапамогу работнікі сельсавета: па лясах хавалася моладзь, якая ўцякла туды, каб не служыць у паліцыі, і трэба было выводзіць яе з лесу. Справа небяспечная: маглі й застрэліць. Але радавы Савецкай Арміі гнаў ад сябе страх і рызыкаваў. Магчыма, смерць не звяртала на яго ўвагі, бо на той час малады салдат лічыўся… загінуўшым на вайне.
Па словах дачкі ветэрана, Таццяны Адамовіч, гэтая акалічнасць высветлілася пасля таго, як у сельсавет звярнулася яе маці з пытаннем, чаму іх шматдзетнай сям’і не ідуць даплаты. Тагачасныя сельсавецкія работнікі пачалі шукаць прычыну і знайшлі прозвішча радавога Савецкай Арміі І.А. Казака ў спісах загінуўшых на вайне. Выкраслілі – і занеслі ў спісы работнікаў тылу…
Даказваць, што ён не работнік тылу, а франтавік, Іван Андрэевіч з дзецьмі пачаў тады, калі папоўніў шэрагі пенсіянераў. “У 1986 годзе я асабіста напісала заяву ў ваенкамат, куды мы прыехалі разам з бацькам, – успамінае Таццяна Іванаўна. – Тады ваенкам і начальнік сацыяльнай службы райвыканкама паабяцалі, што дадуць запыты ў архівы. Але праз некалькі дзён нам з сястрой прыйшла даведка з ваенкамата, што наш бацька з’яўляецца працаўніком тылу. І мы зразумелі, што ніхто ні ў які архіў запыты даваць не збіраецца”.
Дзесьці ў 90-я гадаымінулага стагоддзя дочкі ветэрана зноў паспрабавалі даказаць яго статус. Безвынікова. Не дапамагалі ніякія аргументы, у тым ліку і тое, што бацька мае медалі, якія маглі ўручыць толькі ўдзельніку вайны, і тое, што ён мае чырвонаармейскую кніжку, выдадзеную ў 1944 годзе, з пячаткай “Вайсковая палявая пошта”, якую наўрад ці выдалі б у тыле. Самі пісалі ў архіў, але адказу адтуль не атрымалі. Ветэран знайшоў нават сям’ю свайго франтавога камандзіра, але таго ўжо не аказалася ў жывых.
У 2000-м годзе Таццяна Іванаўна накіравала ліст у рэзідэнцыю Прэзідэнта, адкуль прыйшоў адказ з патрабаваннем да мясцовых улад «разабрацца на месцы”. З таго часу разбіральніцтвы “ішлі” да гэтага года.
Упершыню выслухалі і, галоўнае, пачулі дачку ветэрана і сапраўды дапамаглі былому франтавіку толькі цяперашнія работнікі райваенкамата – ваенкам Валерый Касянюк і галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне Наталля Рудко.
Наталля Уладзіміраўна зрабіла запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (раней – СССР) г. Падольска, дзе захоўваюцца асноўныя дакументы, што датычацца ваеннаслужачых, за перыяд існавання савецкай дзяржавы. Праз паўгода адтуль прыйшоў адказ: «В алфавитной книге учета рядового и сержантского состава 236 армейского запасного стрелкового полка 69 армии за 1944 год значится: «Казак Иван Андреевич (фамилия так в документе). Прибыл 18 августа 1944 года из Ганцевичск. РВК (так в документе). Выбыл 18 сентября 1944 года в 48 одэп (так в документе)… «236 армейский запасной стрелковый полк 69 армии с 05 апреля 1944 года по 09 мая 1945 года входил в состав действующей армии…».
На падставе даведкі з архіва 15 ліпеня 2013 года Казаку Івану Андрэевічу нарэшце выдалі пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. На доказ свайго законнага статусу ветэрану спатрэбілася 27 гадоў.
Як расказала Таццяна Адамовіч, за мінулы месяц бацька атрымаў пенсію на 500 тысяч большую за папярэднюю. “Паліцай маю пенсію атрымліваў (нямала такіх было пад лічынай ветэранаў), а я жыў за працоўную,” – з горыччу прамаўляе Іван Андрэевіч.
Паспрабуем палічыць (у пераліку на сённяшні час і цяперашнія грошы), колькі грошай недаатрымаў шаноўны чалавек. 500х12 атрымліваецца 6 мільёнаў толькі за адзін год. А за 27 гадоў – 162 мільёны рублёў!
Хто ў гэтым вінаваты?
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Клявец віны сваёй службы ў гэтым не бачыць. Увогуле спачатку яна адмаўлялася размаўляць з журналістам, з’едліва заўважаючы: “На якой падставе я павінна даваць вам інфармацыю?!” Аднак пасля змяніла гнеў на міласць і адказала (дарэчы, ні разу так і не назваўшы ветэрана па імені і імені па бацьку): “У яго не было статуса, мы і не плацілі. Не было падстаў. Мне ніхто не прыносіў пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Ніякага пераразліку за апошнія тры гады я рабіць не буду. І ніякі суд цяпер не дапаможа яму зрабіць пераразлік.Не ведаю, хто ўвёў у вушы яго сваякам такую інфармацыю”. Наталля Ігнатаўна заўважыла таксама, што спецыяліст рыхтуе адказ сваякам ветэрана. Таццяна Іванаўна, дарэчы, чакае гэтага адказу даўно – заяву напісала 6 жніўня. Але служба не спяшаецца: пэўна, вышле паперу ў сераду, 21 жніўня, у апошні з 15 дзён, якія вызначаны на адказы грамадзянам, згодна арт. 17 Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Як кажуць, салдат спіць – служба ідзе…
Галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне райваенкамата Наталля Рудко, наадварот, адразу згадзілася адказаць на пытанні журналіста, хаця і знаходзіцца цяпер у адпачынку. Яна аказалася надзвычай тактоўным і дасведчаным у сваёй справе і ў праблеме ветэрана чалавекам.
Па словах Наталлі Уладзіміраўны, адрасы архіваў маюцца ў любым ваенкамаце. Варта было толькі зрабіць туды запыт, каб атрымаць адказ. “Я не магу даваць ацэнку дзейнасці тых людзей, якія працавалі да мяне. Ведаю, што Іван Іванавіч Швайка, якога я змяніла на пасадзе, вельмі трапятліва адносіўся да ветэранаў. Не магу зразумець, чаму ўсё так атрымалася. Пэўна, спрацаваў чалавечы фактар”, – так пракаменціравала спецыяліст сітуацыю.
Што ж гэта за “чалавечы фактар”? Можа, не надта настойліва шукалі справядлівасці дзеці ветэрана? Або праявілі раўнадушша адказныя асобы сацыяльнай служба і ваенкамата? Ці чыноўнікі проста паленаваліся займацца праблемай простага чалавека?..
Аўтару гэтай публікацыі не хацелася б рабіць ніякіх вывадаў. Навошта? Уся інфармацыя, якую ўдалося сабраць, – перад табой, шаноўны чытач. Магчыма, менавіта табе за прыведзенымі фактамі ўдасца разгле-дзець, на якіх этапах і па чыёй віне так няўдала спрацаваў той самы славуты “чалавечы фактар”. А яшчэ можна добрым словам падтрымаць заслужанага працаўніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які рызыкаваў жыццём дзеля мірнага неба над намі.
Нізкі паклон Вам, Іван Андрэевіч, і – прабачце…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More