
Святлана Локтыш
Ці бачылі калі дуб-волат ды вялізныя валуны за вёскай Вялікія Круговічы такое шыкоўнае свята, якое было арганізавана сёлета? Наўрад ці. Спакой старадаўніх рэліктавых прыгажуноў парушылі гоман дзясяткаў вяскоўцаў, якія сышліся на свята вёскі, і іх гасцей ды ўзмоцненыя мікрафонамі выступленні адказных асоб і самадзейных артыстаў, якія былі ўключаны ў святочную праграму.
А праграма была сапраўды насычанай. “Ізюмінкай” яе стала сапраўднае беларускае вяселле – з коньмі, упрыгожанымі стужкамі і званочкамі, з маладажонамі і іх гасцямі ў беларускіх нацыянальных касцюмах, з традыцыйнымі вясельнымі элементамі. У гэты дзень на вачах вяскоўцаў нарадзілася сям’я Сяргея і Алесі Занькаў. Шлюб прыехала рэгістраваць начальнік аддзела ЗАГСа Ганцавіцкага райвыканкама Наталля Іванаўна Гардзей, якая, дарэчы, з’яўляецца ўраджэнкай Вялікіх Круговіч. Маладая сям’я атрымала падарункі ад родных, сяброў і калег, а таксама ад ЗАГСа і Агарэвіцкага сельвыканкама.
Сваёй увагай не абдзяліў свята старшыня СВК “Крышылавічы” Хадатчук Сяргей Іванавіч, які павіншаваў сяльчан, уручыў падарункі сем’ям – “жамчужным” юбілярам. А такіх сёлета было чатыры: 30 гадоў побач ідуць па жыцці Аляксей і Ірына Занькі, Аляксандр і Марыя Занькі, Аляксандр і Галіна Шостакі, Уладзімір і Жанна Лелесы. Ушаноўваліся ў гэты дзень і “сярэбраныя” юбіляры – Вячаслаў і Іна Блінкоўскія, Мікалай і Валянціна Студэнты, якім таксама былі ўручаны памятныя сувеніры.
Традыцыйна вызначаліся лепшыя падворкі і нават… цэлая вуліца і завулак – Лясная і Лясны. Тут, як адзначыла сакратар Агарэвіцкага сельвыканкама Людміла Ленкавец, літаральна ўсе гаспадары пастаянна сочаць за чысцінёй і парадкам.
У святочную праграму былі ўключаны выступленне айца Іаана Пашкевіча, які блаславіў вяскоўцаў на добрыя справы, а таксама спевы хора храма святога Велікамучаніка Георгія Пабеданосца. Прыемна, што разам са сваімі прыхаджанамі спяваў і айцец Іаан.
Са сцэны гучалі жарты вядучых – гаспадынь Вялікакруговіцкага і Кукаўскага СДК Ванды Чабатарэнкі і Святланы Ганчаровай: яны ў гэты дзень пераўтварыліся ў простую вяскоўку Вандаўну і гараджанку Сівілі, якая пабывала за мяжой і спрабавала паводзіць сябе на замежны манер. “Эх, мне ж казалі, тут адны калатоны жывуць, а тут – столькі прыгожых, цудоўных людзей!” – захаплялася Сівілі. “А якія яны працавітыя ды адказныя!” – “падпявала” ёй Вандаўна, згадваючы вясковых працаўнікоў, якія нават у гэты святочны дзень шчыравалі на палях.
Песнямі радавалі прысутных самадзейныя артысты гэтых дзвюх устаноў культуры, а таксама група з Баранавіч “Рубероід”, якая ўвечары завітала на свята разам з мясцовым гумарыстам Леанідам Блінкоўскім. Побач са сцэнічнай пляцоўкай працавалі ларкі, дзе вяскоўцы маглі пад’есці-падмацавацца, каб потым паказаць свой спрыт у спартыўных спаборніцтвах, у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі па мішэнях – палатка стаяла непадалёк. Для дзяцей працавала дзіцячая надуўная пляцоўка.
Вакол сцэны размяшчаліся шматлікія выставы. Праз фотаздымкі, альбомы, публікацыі ў друку яны расказвалі пра ўстановы вёскі і яе знакамітых людзей. Дэманстраваліся вырабы народных майстроў, дары прыроды, старадаўнія каштоўныя іконы мясцовага храма.
Усе, да каго звярталася журналіст з пытаннем, ці падабаецца свята, адказвалі толькі станоўча і не хавалі сваіх эмоцый. “Я сама з Шашкоў, але з задавальненнем бываю на святах вёскі Вялікія Круговічы. Арганізатары, работнікі Вялікакруговіцкага СДК і бібліятэкі, кожны раз стараюцца прыўнесці штосьці новае, цікавае. Сёлета, напрыклад, упершыню на такім свяце спяваў царкоўны хор, рэгістраваўся сапраўдны беларускі шлюб”, – сказала Наталля Муха.
Асабліва спадабалася вяскоўцам выбранае для свята месца. За яго афармленне людзі шчыра дзякавалі дырэктару УП “Ганцавіцкае ПМС”. “Сашу Шуту падзяка за ўсё, што тут зроблена!” – па-свойску цёпла называлі сяльчане ўраджэнца іх вёскі. – Ён вёску любіць, усё робіць, каб яе ўпрыгожыць. Гэтыя валуны да дуба прыцягнуў некалі. Вунь паднімаецца малады парк, які мы са школьнікамі садзілі, таксама адлюстраванне ідэі Сашы і яго дапамогі. А сёлета ён зрабіў гэтую сцэнічную пляцоўку”, – нібы падвёў вынік сказанаму аднавяскоўцамі былы настаўнік Аляксандр Лелес.
Сапраўды пастараліся прыгожа аформіць сцэнічную пляцоўку і Аляксандр Уладзіміравіч, і работнікі мясцовых устаноў культуры. Як выказаўся адзін з вяскоўцаў, выглядала яна “ніяк не горш за гарадскую!” Пэўна, стары дуб слухаў розгалас вяскоўцаў і радаваўся: умеюць яны працаваць, а пасля – ствараць прыгожыя святы і ад душы весяліцца. Не горш за гараджан!
Костюковичи на два дня станут литературной столицей страны. 5 и 6 сентября здесь пройдёт День…
С начала 2026 года в Беларуси упразднили 18 населённых пунктов, причем 15 из них исчезли…
Как легко наниматель попытался назначить виновного. В одном из филиалов организации в Могилевской области после…
Строители и инвесторы в Беларуси с сентября 2026 года получат новые возможности благодаря изменениям правил…
Тем, кто открывает кофейни самообслуживания, сегодня приходится считать каждую копейку. Нужно очень тщательно выбирать место,…
Для жителей Глубокского района Витебской области обещание «новых производств и рабочих мест» уже можно проверять…
This website uses cookies.
Read More