
На час перадвыбарнай кампаніі галоўны рэдактар пайшоў у адпачынак, аднак адгукнуўся на просьбу даць інтэрв’ю, бо паступала шмат пытанняў ад чытачоў газеты. І сёння мы гутарым з кандыдатам у дэпутаты Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання па Камунальнай выбарчай акрузе №7 Пятром Гузаеўскім.
– Пётр Паўлавіч, пэўна, у вас, як у кандыдата ў дэпутаты, ёсць перадвыбарчая праграма. Якія яе пункты вы б назвалі ключавымі?
– Жаданне дапамагчы людзям у вырашэнні праблем – гэта і ёсць ключавыя пункты маіх і перадвыбарчай, і паслявыбарчай праграмы…
Ключавыя – гэта тыя, якія найбольш хвалююць ганцаўчан і грунтуюцца на іх рэальных патрэбах. Людзей зараз цікавіць, як дабіцца павышэння даходаў – бо на ўсё растуць цэны; дзе знайсці работу з дастойнай зарплатай, каб не жыць ледзьве зводзячы канцы з канцамі; як абараніць свае правы і інтарэсы ва ўзаемаадносінах з работадаўцамі і з супрацоўнікамі праваахоўных органаў; як дабіцца нармальных умоў пражывання, абслугоўвання ЖКГ, медыцыны; дзе адпачыць; як арганізаваць свой бізнес і іншыя.
Па кожным з названых пунктаў у мяне ёсць прапановы. Упэўнены, что частку праблем з дапамогай выбаршчыкаў вырашыць можна. Няхай не ўсё, але гэта лепш, чым сядзець і чакаць манны нябеснай.
– Адной з самых вострых праблем нашага раёна з’яўляецца беспрацоўе. У чым вы бачыце яе вырашэнне?
– Фінансаваць сацыяльныя праграмы ў тых маштабах, як было раней, дзяржава ўжо не можа. Таму, акрамя нас саміх, нашы праблемы мала каго цікавяць, а значыць, трэба праяўляць сваю актыўнасць. Калі яна будзе, то дзяржава павінна дапамагчы.
Шляхі вырашэння могуць быть такія: альбо дзеючыя прадпрыемствы павінны праводзіць дыверсіфікацыю – асвойваць новыя віды вытворчасці, пашыраць асартымент выпуска емай прадукцыі, альбо будуць стварацца новыя прадпрыемствы.
Яшчэ адзін шлях – самім пачынаць свой бізнес. Ганцаўчане павінны быць максімальна праінфармаваны пра магчымасці яго стварэння, пра тое, як атрымаць субсідыю, льготны крэдыт, як скласці бізнес-план.
У Ганцавічах існуе Савет прадпрымальнікаў, які мог бы кансультаваць, дапамагаць складаць бізнес-планы і пралічваць рызыкі, пэўны час аказваць кансультацыі ў перыяд станаўлення і развіцця.
Але пра дзейнасць Савета нічога не вядома. Калі ён непрацаздольны, яго трэба мяняць. Калі ж няма такіх спецыялістаў у Ганцавічах, можна скарыстаць магчымасці атрымаць кансультацыі за межамі раёна.
Ёсць магчымасць і бясплатна наведаць семінары і трэнінгі для тых, хто мае жаданне адкрыць свой бізнес. Толькі гэта чамусьці нашы землякі не выкарыстоўваюць.
Стварэнне працоўных месцаў – гэта новыя паступленні ў бюджэт і новыя магчымасці расходаваць сродкі на паляпшэнне жыцця грамадзян нашага раёна.
Але такая праца павінна быць арганізавана сумесна з прадстаўнічымі, выканаўчымі органамі, грамадскімі арганізацыямі і насельніцтвам. Нельга, каб жыхары жылі ў асяроддзі, дзе пануе выказванне: “Нам с тобою думать неча, когда думают вожди”.
– Вы балатуецеся па выбарчай акрузе № 7. Пэўна, ведаеце, чым вылучаецца яна з ліку іншых гарадскіх участкаў?
– Я ў гэтай акрузе жыву, таму праблемы мне вядомыя: дрэнныя дарогі, няякасная вада, неўпарадкаваныя двары, затопленыя падвалы, дзіравыя дахі, адсутнічаюць стаянкі для аўтамабіляў і гульнёвыя пляцоўкі для дзяцей. Поруч з гэтым – іншы раз ігнараванне зваротаў жыхароў чыноўнікамі.
Так, у доме 16 па вуліцы Заводскай затоплены падвал. Аб гэтай праблеме мы даведаліся нядаўна, аднак вырашаць яе ніхто не спяшаецца. Каля дамоў 10 і 12 па Заводскай даўняя праблема добраўпарадкавання тэрыторыі. Яшчэ не так даўно “ГЧ” уздымала пытанне зараснікаў, і вось ужо новыя скаргі: цячэ каналізацыя.
Увогуле ж, тэрыторыя каля гэтых дамоў магла б не толькі радаваць прыгажосцю, але і прыносіць карысць, калі, напрыклад, арганізаваць там спартыўны гарадок ці проста месца для адпачынку. У дамах па вуліцы Будаўнікоў былі праблемы затапленняў і заліваў у час дажджоў.
Усе гэтыя праблемы можна вырашаць і без мандата дэпутата, важна падказаць людзям, як правільна гэта зрабіць, як напісаць зварот у абслугоўваючую арганізацыю і “прабіць” фінансаванне. Людзям для вырашэння такіх праблем патрэбна кансультацыя.
– Адна справа – убачыць і ўзняць праблемы, зусім іншая – вырашыць іх. Па словах адказных асоб, усё ўпіраецца ў дэфіцыт грошай. Як можна вырашаць праблемы, што патрабуюць вялікіх фінансавых уліванняў, якіх у бюджэце раёна пакуль няма? Дзе браць сродкі, адкуль чэрпаць рэзервы?
– Дзе браць грошы? Зарабляць! А яшчэ – эфектыўна выкарыстоўваць тыя сродкі, якія ёсць, распрацоўваць выгадныя праекты, якія прынясуць аддачу, і не красці.
Адкуль могуць у нас быць грошы, калі зімою ў пад’ездах адчынены дзверы, выбіты шыбы, калі праз парывы ў водаправодзе месяцамі выцякае вада, калі днём гараць лямпачкі?
Вось дзе дзясяткі і сотні мільёнаў рублёў! І не дапамогуць ніякія дэпутаты, не станем мы жыць лепш, пакуль самі людзі будуць гадзіць у пад’ездах, абы-дзе кідаць смецце, даваць і браць хабар, напівацца да свінячага піску, красці і не паважаць сваю гісторыю і культуру.
Праблема не толькі ў адсутнасці грошай, але і ў адсутнасці ініцыятывы па пошуку фінансавання. Ёсць абласныя і рэспубліканскія фонды, мэтавыя праграмы, рэзервовыя фонды, якія закладзены ў бюджэце, ёсць дзяржаўныя праграмы, праграмы ААН і міжнародных фондаў.
Ёсць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які выдзяляе крэдытныя сродкі пад значна ніжэйшыя працэнты, чым беларускія банкі, – пад развіццё прыватнага сектара, па праграме крэдытавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў на рэалізацыю праектаў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва, паляпшэнне экалагічных стандартаў, накіраваныя на паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя.
Дзяржава таксама прадастаўляе магчымасць атрымліваць субсідыі і выгадныя крэдыты на адкрыццё і развіццё бізнесу. Тольки ведаюць пра гэта не ўсе, і карыстаюцца тыя, хто бліжэй да ўлады.
– Давайце паспрабуем разгледзець магчымасці фінансавання якога-небудзь канкрэтнага аб’екта, які патрабуе вялікіх сродкаў…
– Напрыклад, фізкультурна-аздараўленчыага комплекса з басейнам, пра неабходнасць будаўніцтва якога кажуць многія ганцаўчане. На яго ўзвядзенне патрэбна выдаткаваць не адзін мільярд рублёў.
У дадзеным выпадку неабходна, умоўна кажучы, “прабіць” фінансаванне асноўнай долі і выкарыстаць усе магчымасці дафінансавання з іншых крыніц – праз правядзенне суботнікаў, спонсарскія ахвяраванні, дзяржаўныя праграмы і г.д.
Патрэбна ініцыіраваць зварот жыхароў да кіраўніцтва вобласці, Саўміна і Прэзідэнта. Мясцовыя органы ўлады таксама павінны звярнуцца па дапамогу дзяржавы з сацыяльна-эканамічным абгрунтаваннем. А яно ёсць: сотні дзяцей і дарослых пакутуюць ад скаліёзу і наведваюць басейны ў іншых гарадах. Ганцаўчане трацяць грошы на транспарт і аплату іншагародніх басейнаў.
А хто палічыць, якія сродкі расходуюцца з бюджэту на медыцынскія паслугі і колькі каштуе здароўе людзей? Дык лепш жа стварыць умовы для здаровага ладу жыцця: лепш няхай яны займаюцца спортам, чым ужываюць наркотыкі і алкаголь. Пашкадаваўшы на гэта зараз, дзяржава праз гады затраціць у разы больш грошай на лячэнне і турму.
Канешне, гэта няпроста. Трэба прадставіць бізнес-план, які ў перспектыве дасць магчымасць калі не стаць прыбытковым, то быць на ўзроўні акупнасці. Але калі ў комплекса будзе добры гаспадар, то з’явяцца там, акрамя паслуг басейна, і трэнажорны зал, і фітнес, і сауна, і ўсё, каб датацыі з бюджэту не спатрэбіліся або былі невялікія.
Падключыць да гэтай справы трэба і нашых дэпутатаў парламента, абласнога Савета, каб яны падымалі гэтае пытанне з высокай трыбуны. Не ў крыўду ім будзе сказана, акрамя віншаванняў са святамі, іх праца карысці для ганцаўчан пакуль не прыносіць.
Іх трэба задзейнічаць ў лабіраванні інтарэсаў жыхароў нашага раёна, у тым ліку і для атрымання фінансавай дапамогі на канкрэтныя справы. Калі плакацца, што няма грошай, што патрэбны інвестыцыі, і пры гэтым сядзець і нічога не рабіць, то нічога і не атрымаем. Ёсць у дзяржавы грошы, толькі пакуль мы бяздзейнічаем, яны дастаюцца іншым.
– Петр Паўлавіч, існуе меркаванне, што ў дэпутатаў мясцовых Саветаў няма паўнамоцтваў, нічога яны не вырашаюць…
– Гэтае меркаванне няправільнае! Паўнамоцтваў у дэпутата мясцовых саветаў хапае. Іншая справа, што іх не заўсёды ведаюць нават самі дэпутаты. Ёсць закон “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”, у якім прадугледжаны паўнамоцтвы і формы дзейнасці дэпутата. Прывяду толькі некаторыя з іх.
Дэпутат Савета можа ўдзельнічаць у праводзімых дзяржаўнымі органамі праверках працы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Савета, мае права звяртацца з запытамі ў розныя органы дзяржулады і арганізацыі, прадстаўляць сваіх выбаршчыкаў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях.
Дэпутат мае права ўносіць прапановы аб устараненні парушэнняў законнасці, а таксама – звярнуцца на сесіі з запытам да старшыні Савета, прэзідыума, кіраўніка выканаўчага камітэта, яго намеснікаў і кіраўнікоў арганізацый.
Па дэпутацкім звароце яму павінны даваць адказ у 10-дзённы тэрмін, у той час як па Законе “Аб зваротах грамадзян” чакаць прыходзіцца іншы раз месяц. Дэпутат у сваёй акрузе мае права ўваходзіць у склад камісіі па прыёмцы дамоў да ацяпляльнага сезону.
Ад таго, ці дэпутат “падмахне” дакумент, ці сам праверыць гатоўнасць дома, залежаць умовы пражывання людзей і сумы, якія будуць плаціць жыхары кватэр.
– Калі чалавек з мандатам здольны вырашаць многае, дык чаму тады, на ваш погляд, большасць людзей нават не ведае сваіх дэпутатаў?
– А тут усё залежыць ад канктэтнага дэпутата. Тых, хто дапамагае людзям, будуць ведаць. А хто ж будзе ведаць таго, чыё прозвішча людзі бачаць толькі ў бюлетэні? Павінна быць зваротная сувязь дэпутата з жыхарамі. Адзін раз у месяц дэпутаты абавязаны сустракацца з выбаршчыкамі, выслухоўваць іх патрэбы і прапановы.
Часам людзі не ведаюць, як звярнуцца да дэпутата і чым ён можа дапамагчы. Два разы ў год дэпутаты павінны здаваць справаздачу перад выбаршчыкамі. Хто за чатыры гады бачыў, каб нейкі дэпутат напісаў у газету пра сваю дзейнасць, абмеркаваў з выбаршчыкамі іх праблемы?
У час гэтай выбарчай кампаніі амаль няма агітацыі, няма выступленняў кандыдатаў у дэпутаты перад людзьмі: гэта сведчыць пра тое, што ўсё запланавана загадзя. У «ГЧ» спачатку звярталіся некалькі кандыдатаў у дэпутаты, каб апублікаваць свае выступленні.
І ім гэта права было дадзена бясплатна. Але потым усе адмовіліся. Пэўна, спужаліся, што ў райвыканкаме іх прылічаць да апазіцыі (смяецца… – заўв. аўтара). Ну, і чые яны інтарэсы яны могуць абараніць?
– У такім выпадку, што датычыцца выбаршчыкаў, бутафорыя нейкая атрымліваецца…
– Так, ад выбаршчыкаў патрабуюць толькі з’явіцца на выбарчы ўчастак і кінуць бюлетэнь у скрыню – мусіць, каб не адвыклі гэта рабіць.
Увогуле, на мясцовых выбарах не патрэбна ніякае датэрміновае галасаванне. Цяпер нават калі з’явіцца адзін чалавек і прагаласуе «за», выбары адбудуцца. Датэрміновае галасаванне – гэта ўвогуле лішняя трата грошай і часу для вялікай колькасці людзей.
– Пётр Паўлавіч, уявім такую сітуацыю: выбары прайшлі, вы атрымалі мандат. З чаго пачне сваю дзейнасць дэпутат Гузаеўскі?
– Пачну з таго, што азнаёмлюся з рашэннямі, якія прымалі дзеючыя дэпутаты райсавета, і правяду аналіз іх дзейнасці. Мне трэба высветліць, наколькі эфектыўна працаваў райсавет, ці ёсць магчымасць палепшыць працу дэпутатаў.
Я ведаю, што мая кандыдатура недаспадобы некаторым дэпутатам і асобным прадстаўнікам выканаўчай улады. Не хачу пакрыўдзіць Віктара Дразда, але, будучы дэпутатам, я адназначна прагаласаваў бы супраць яго кандыдатуры на пасаду старшыні райсавета. Віктар Якаўлевіч мае вялікі вопыт кіраўніка-гаспадарніка, і як мэнеджар, ён мог бы ўзначаліць любое прадпрыемства.
Зараз, калі страшэнны дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, яго вопыт і энергія прынеслі б значна больш карысці людзям і раёну на іншай кіраўнічай пасадзе.
У мяне ёсць шэраг іншых прапаноў, якія патрабуюць абмеркавання і тычацца эканомікі раёна, адкрыцця працоўных месцаў, прыцягнення інвестыцый, развіцця фізкультуры і спорту, эфектыўнасці расходавання і эканоміі энергарэсурсаў і іншыя.
– Будзем спадзявацца, што ў вас з’явіцца магчымасць унесці гэтыя прапановы на разгляд дэпутатаў і яны паслужаць на карысць жыхароў Ганцаўшчыны. Поспехаў вам і дзякуй за шчырыя адказы.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More