
Фота Аляксандра Навіцкага
“У нас у канторы ўсім выплачваюць зарплату, а мне, маёй 21-гадовай дачцы Галіне, якая працуе ветырынарным урачом, і мужу, які працуе трактарыстам, не даюць, бо я адмовілася браць прадуктовы паёк. А навошта ён мне? Я мінулыя месяцы брала і частку прадуктаў выкінула, – расказала Людміла Васільеўна. – Сказалі, што, калі грошай хопіць, атрымаю іх пасля таго, як усім выплацяць”.
Па словах даяркі, паёк выдавалі на суму 270 рублёў. А так як у іх сям’і тры чалавекі, то абавязваюць браць два прадуктовыя наборы.
Праз 15 хвілін пасля званка журналісты “ГЧ” былі ўжо ў праўленні СВК “Дубнякі”. Журналіст «ГЧ» пацікавіўся ў касіра, ці сапраўды жанчыне не выдалі зарплату з-за таго, што тая адмовілася браць прадуктовы паёк. Касір адказала, што гэта распараджэнне галоўнага бухгалтара. “Чаму адны працаўнікі павінны браць натураплату, а іншыя не? Можа, і іншыя не жадаюць браць, але бяруць, і мы таксама! Такое становішча зараз не толькі ў нашым сельгаскааператыве”, – сказала касір.
Праз некалькі хвілін падышла жанчына, якая званіла ў “ГЧ”, і яе дачка. Даярка абуралася: яна, яе грамадзянскі муж і дачка – усе трое працуюць у калгасе, заробкі ў іх невысокія (3–3,5 мільёны рублёў), патрэбна аплачваць камунальныя паслугі, а тут яшчэ гэтыя пайкі. “Я ўжо два разы іх брала. Там малочка, сыркі, цукар, алей – колькі ж можна іх даваць? А калі мы тыя сыркі не ямо? Дык іх браць і выкідаць ці што з імі рабіць? – хвалявалася жанчына. – Выбару няма, што браць, паклалі ў пакет – і бяры, што далі”.
Пасля размовы з рэдактарам “ГЧ” Пятром Гузаеўскім касір выклікала галоўнага бухгалтара. Як патлумачыла галоўны бухгалтар СВК Вольга Булат, практыка, што ва ўсіх сельгаскааператывах Ганцаўшчыны ды і ў іншых раёнах Беларусі частку зарплаты выдаюць прадуктамі, апошнія месяцы вельмі распаўсюджаная. Да гэтага вымусіў цяжкі фінансава-эканамічны стан калгасаў. Але пакуль незадаволеных не было. “Сітуацыя цяжкая, таму было прынята рашэнне даваць частку заробку прадуктамі ў межах 300 тысяч рублёў, але мы даём на 150 тысяч малочкай, а малочны камбінат дазваляе астатняе аддаваць іншым – цукрам, алеем, – сказала Вольга Мікалаеўна. – Калі ў каго зарплата да мільёна, мы ім не даём паёк». Па яе словах, былі выпадкі, калі працаўнікі свае пайкі перапрадавалі другім калгаснікам, бо прадукцыя таннейшая, чым у магазіне.
“ГЧ” ужо друкавала артыкул пра тое, што работнікі сельгаскааператываў атрымлівалі на 250–300 тысяч рублёў прадуктамі і былі нават задаволены. Напрыклад, у Раздзялавічах (у СВК “Адраджэнне”) у мінулым месяцы мы не знайшлі ніводнага чалавека, які б адмовіўся браць паёк. Людзі палічылі, што ў магазіне некаторыя тавары каштуюць даражэй, і нават абрадаваліся. З трохсот тысяч рублёў, якія калгаснікам у Раздзялавічах выдалі прадуктамі харчавання ў кошт зарплаты, эканомія склала каля 80–100 тысяч рублёў. Такі бартар іх задаволіў.
Аднак ёсць адна важная акалічнасць: фінансавыя праблемы калгаса пры разліках натураплатай ніхто не мае права перакладваць на плечы работнікаў без іх згоды. Паводле працоўнага заканадаўства, заработная плата выплачваецца ў грашовых адзінках Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 74 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Ва ўмовах няўстойлівага фінансавага становішча арганізацыі дапускаецца замена грашовай аплаты цалкам ці часткова ў натуральнай форме (ч.2 і 3 арт. 74 ПК Рэспублікі Беларусь). Такая аплата можа ажыццяўляцца шляхам выдачы прадукцыі і тавараў, вырабленых самой юрыдычнай асобай або набытых у трэціх асоб. У адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам у стаўленні да натуральнай аплаты працы ўсталявана наступнае абмежаванне: замена грашовай аплаты цалкам ці часткова натуральнай аплатай дапускаецца толькі са згоды работніка (ч.2 арт. 74 ТК).
“Вы ж разумееце, што скаргі ў міжраённую інспекцыю па працы ці ў пракуратуру будуць, і лішнія праверкі гаспадарцы не патрэбны”, – сказаў рэдактар “ГЧ”.
Гэтыя аргументы аказаліся рашаючымі, і галоўны бухгалтар дала дазвол выдаць зарплаты даярцы, яе мужу і дачцэ. «Калі вы не хочаце браць паёк – не бярыце! Ідзіце і атрымайце вашу зарплату», – сказала Вольга Булат.
У хуткім часе ў праўленне СВК прыехаў і кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Грыгаран. Уладзімір Ваганавіч патлумачыў, што раней ніхто з работнікаў не скардзіўся.
Як сказаў кіраўнік, складанае становішча звязана з тым, што ёсць праблемы з рэалізацыяй сельгаспрадуцыі, у прыватнасці, мяса. “Мясакамбінаты не хочуць прымаць жывёлу, ледзьве не са слязьмі прыходзіцца ўпрошваць. А трэба спачатку заплаціць падаткі, у фонд сацыяльнай абароны і толькі потым зарплату. А грошай на ўсё не хапае. Такая вось зараз сітуацыя, на жаль. Будзем спадзявацца на лепшае і на тое, што работнікі нас разумеюць”, – сказаў старшыня.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More