
Цяжка перадаць словами, як было балюча на душы, калі 11-гадовая дачка Святланы пазваніла і праз слёзы сказала: «Мама ўжо не будзе пісаць, яна памерла…»
Цяжкай стратай гэта стала для родных, блізкіх і калектыву рэдакцыі. І напэўна адчуюць боль і смутак тыя людзі, пра якіх Святлана пісала артыкулы, старалася ім дапамагчы вырашыць нейкія праблемы.
Сёлета споўнілася 20 гадоў, з таго моманту, як яна прыйшла працававаць у “Ганцавіцкі час”. З 2003 года Святлана працавала ў газеце. А апошнім часам была ў штаце рэдакцыі інтэрнэт-рэсурса “Ганцавіцкі час”.
Яна закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту завочна. І з гонарам расказвала, як выкладчыкі здзіўляліся прафесійнаму ўзроўню газеты ў невялікім райцэнты, калі яна паказвала свае артыкулы ў газеце “Ганцавіцкі час”.
Дабрыня, сціпласць і спакойны характар дазвалялі Святлане лёгка знаходзіць кантакт з героямі яе публікацый. Але і яе журналісцкая прынцыповасць, калі тычылася нейкіх праблемых артыкулаў, былі дастойны павагі і часам здзіўлення. Асабліва, калі з просьбай падняць тэму ў газеце звярталіся людзі, якія хацелі дабіцца справядлівасці і адстаяць свае правы.
Наўрад ці знойдзецца чалавек, якога Святлана пакрыўдзіла, не лічачы, можа, незадаволенасці нейкіх бакоў, калі пісала праўду і называла аб’ектыўныя факты. Сотні яе артыкулаў на сацыяльныя тэмы выйшлі ў друк на працягу двух дзясяцігоддзяў. За кожным ёсць гісторыя супольнасці людзей ці асобных герояў. А гэта былі і пенсіянеры, і працаўнікі сельскай гаспадаркі, і жыхары Ганцавіч і вёсак.
Калі друкаваліся артыкулы праблемныя, напрыклад, пра жкх, дарогі, аб нявыплаце зарплат ці звальнення, то гэтыя тэмы выклікалі цікавасць і інтарэс чытача. Святлану, як і іншых калег з “ГЧ” пазнавалі на вуліцах горада, у вёсках.
Людзі звярталіся з прапановамі і нейкімі праблемамі. Ведалі, што да надрукаванага слова прыслухоўваліся і чыноўнікі, часта вырашаліся праблемы. Артыкулы Святланы Малышка, а раней яна пісала пад дзявочым прозвішчам Новік, назаўсёды застануцца ў гісторыі і архівах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і іншых. Але шмат іх і на сайце. Вось толькі некаторыя артыкулы на розныя тэмы Святланы Малышка за апошнія гады. Іх тут больш за 1300. Глядзіце па спасылцы.
Адзін з апошніх матэрыялаў Святланы Малышка быў пра прыгожосць Ганцавіч з галасаваннем, аб тым, якія клумбы спадабаюцца чытачам і ці супадзе меркаванне журы конкурса з народным меркаваннем.
Нельга не адзначыць, што праца карэспандэнта часам выклікалі незадавальненне і пэўны ціск. Святлана пісала на сацыяльныя тэмы, але і яны іншы раз бударажылі асобных людзей. Адзін з нядаўніх артыкулаў на сайце «Центр Ганцевичей к «Дожинкам» облысел«, у якім Святлана пісала пра занепакоенасць ганцаўчан, што спілавалі дрэвы ў горадзе.
Аб’ектыўныя факты выклікалі незадавальненне мясцовай улады. Повадам стаў артыкул Ганцевичскому руководству не понравилась статья (ganc-chas.com). Да Святланы прыйшла міліцыя і выклікала “на бяседу”. Па шчырасці кажучы, прыкра назіраць, як на любую крытычную заўвагу ад людзей ідзе такая рэакцыя. І людзі ў пагонах, быццам па камандзе “фас”, бягуць выконваць распараджэнні.
Наўрад ці па сваёй ініцыятыве прыйшла міліцыя да Святланы Малышка, бо акрамя праўды ў артыкуле ніводнага слова не было. І ніякіх законных падстаў для выкліку “на бяседу” таксама не было. Гэта факт. Вось калі саміх іх, ці іх родзічаў будуць выклікаць у праваахоўныя органы, то хай яны раскажуць, ці будуць яны перажываць за такія “дробязі”.
А яшчэ Святлана расказала, што атрымала стрэс, калі старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў, убачыўшы, што яна фатаграфуе клумбы, патрабаваў… пасведчанне. Так, тыя самыя клумбы, зробленыя калектывамі з розных гарадоў Брэсцкай вобласці і якія ўпрыгожылі Ганцавічы да свята абласных “Дажынак”. Уяўляеце узровень? Пасведчанне для чаго, каб паказаць клумбам?!
Мы пакінем падрабязнасці той сустрэчы Святланы са старшынёй райвыканкама, пасля якой жанчына была ў слязах. Хай тое, што ён зрабіў, пакіне сабе на памяць, разам з фоткай на мабільніку.
Перажывала Святлана і пасля артыкула Галіны Пупач у газеце “філіяла “Зары”. Гэта быў адказ з дзяржаўнай газеты на яе артыкул пра “аблыселы” цэнтр Ганцавіч і зрэзаныя дрэвы. Галіна Пупач дрэнна відаць ведае, чым адрозніваецца журналістыка ад белетрыстыкі. Пісаніна яе — тэкст дзеля тэксту, размазванне маслянкай па паперы разважанняў. На жаль, Святлана прыняла блізка да сэрдца і яе пустую пісаніну.
Ці сказаліся гэтыя выклікі на здароўі Святланы Малышка? Адназначна. Хоць яна старалася трымаць усе перажыванні ў сабе, але апошнім часам хаваць нярвознасць з-за навалы “бясед” не магла.
Хто як пераносіць цяжкасці і стрэсы – размова дзясятая. Але спрачацца, што ад нерваў, псіхалагічнага стану чалавека, узнікае шмат хвароб – гэта аксіёма. Але каб так раптоўна абарвалася жыццё, такога ніхто не чакаў.
Суровы факт у тым, што Святлану Малышка, якая любіла сваю працу, якая старалася знайсці цікавую і карысную для людзей інфармацыю, расказаць пра лёсы людзей, да жыцця не вернеш.
Можна па рознаму глядзець на рэчы, ацэньваць, ці як некаторыя дадумваць і распускаць плёткі. Але прыстойныя людзі ў першую чаргу ацэняць жыццёвы шлях чалавека, які ў такім маладым узросце раптоўна памёр.
Двое дзетак, 9-гадовы Цімафей і 11-гадовая Паліна, засталіся без мамы. Святлану ў рэдакцыі ведалі, як клапатлівую маці, для якой дзеці былі на першым месцы. Лепшыя цацкі, развіваючыя гульні, прыгожая вопратка, смачныя пачастункі – не шкадавала для іх ніколі, нават калі былі нейкія складанасці з аплатай іншых паслуг.
Вельмі цяжка на душы, бо не толькі для родных, але для цяперашніх і былых супрацоўнікаў рэдакцыі “Ганцавіцкага часу”, Святлана Малышка была добразычлівай, ветлівай, спакойнай і заўсёды адклікалася на просьбы аб дапамозе. Шмат карыснага зрабіла яна для жыхароў Ганцаўшчыны і cваімі справамі запісала сваё імя ў гісторыю роднага краю.
Вечная памяць Святлане Міхайлаўне Малышка, карэспандэнту “Ганцавіцкага часу”, спачуванні родным і блізкім.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More