Юлія Палеская
Прыемна здзівіў парадак у хаце: здавалася, што ўсё там стаіць і ляжыць пад лінеечку – для адзінокага пенсіянера-мужчыны гэта рэдкасць. На стале лякарствы, газеты, Біблія і малітоўнік, а ў ім закладкі…
Нарадзіўся Іосіф Іванавіч ў 1926 годзе. У сваім шаноўным узросце ён сам коле дровы, саджае агародніну, сам сабе гатуе ежу.
«Пакуль ёсць сілы, то як жа не працаваць? Дый неяк сорамна нічога не рабіць, – усміхаецца дзядуля. – На мяне і даглядчыца мая сварыцца, што ў агародзе корпаюся, але ж не магу я ўседзець. Калі што не так там зраблю, то яна няхай лепш крыху паправіць».
Не раз аднавяскоўцы заўважалі, як Іосіф Іванавіч коле і складае дровы. Працаваць яму не прывыкаць. Усё жыццё цягнуў работу на сабе. Меў ён жонку, якая з-за хваробы магла дапамагчы толькі словамі і парадамі, бо хварэла на ногі. Сяльчане кажуць, што ў іх душа балела, калі яна сядзела ў акне і плакала, гледзячы на тое, як яе гаспадар працуе адзін.
«Калі ў нас быў пажар, яна вельмі моцна спалохалася і ад таго ўвесь час хварэла», – успамінаў дзядуля жонку Юлю.
Каханне ў іх зарадзілася яшчэ тады, калі ім было па 12-13 гадоў. Пазнаёміліся яны на служэнні ў малітоўным доме.
«Усё тады было, канешне, па-дзіцячы, але гэтае першае каханне было такім моцным, што вытрымала выпрабаванне і часам, і адлегласцю. Яна дачакалася мяне з арміі, мы адзін аднаму пісьмы пісалі», – расказаў вясковец.
Служыў у войску Іосіф Іванавіч шэсць гадоў. Прызвалі яго ў сакавіку 1945 года. Служыў спачатку ў Бабруйску, потым у Гомелі, Слуцку, Брэсце, затым у ваенным гарадку пад Пружанамі. Быў вадзіцелем грузавых машын.
Калі вярнуўся з арміі, пайшоў працаваць на станцыю ў Малькавічах, грузіў вагоны. Зарабляў няблага – 150-200 рублёў. Але потым яго напарнік перайшоў працаваць у калгас старшынёй і перацягнуў да сябе Іосіфа. «Там за 10 працаднёў выходзіла каля 40 рублёў. Для маладога хлопца гэта былі вельмі нізкія заробкі. Пакінуў я гэтую працу і пайшоў працаваць у лясніцтва», – успамінаў маладыя гады пенсіянер.
Працаваў спачатку вальшчыкам у лесе, потым адпрацаваў чатыры гады лесніком, але пакінуў гэтую працу.
«Не змог я на гэтай пасадзе заставацца. Была галеча, людзі стараліся неяк выжыць: украдзе хто якую дзеравіну з лесу, а я хоць і ведаю, а сказаць нічога не магу. А калі праверка прыязджала, то за кожнае дрэва мне трэба было трымаць адказ, таму перайшоў я з кіраўнікоў у рабочыя», – расказаў Іосіф Іванавіч.
Па словах расказчыка, у пасляваенныя часы коней трымаць не дазвалялі. Такая жыўнасць была прадметам раскошы. Ездзілі на валах або каровах, на іх вазілі і сена, і дровы.
«Цяпер у ботах ходзім, а тады ў лапцях хадзілі, анучы на ногі закручвалі. Было добра тым, у каго была свая зямля, астатнія галадалі», – успамінае вясковец.
Як ажаніўся, першы час жыў з бацькамі. Свой дом будаваў з лесу, выдзеленага калгасам. Было цяжка, дапамагалі суседзі, сваякі. Была такая галеча, што некаторыя вяскоўцы стрэхі накрывалі саломай, Іосіфу ж пашчасціла дастаць шыферу.
«Цяжка даводзілася ў жыцці, а тут яшчэ пажар нанёс шкоды. Ад маланкі згарэлі хлявы. Добра, што каровы на пашы былі. Свіней паспелі выгнаць з агню, курэй павыкідалі з курніка. З таго часу жонка і хварэла», – падзяліўся ўспамінамі дзядуля.
Жонка памерла, і Іосіф Іванавіч жыве сам. Пахаваў ён ужо і аднаго сына. Цяпер да бацькі заязджае толькі сын Аркадзій ды ўнукі з праўнукамі.
Каб было весялей, Іосіф Іванавіч трымае ката, і вось ужо дзясяткі гадоў не расстаецца з Бібліяй. Дарэчы, і ў дзень майго візіту на стале ў яго ляжалі Біблія, Новы і Стары Запаветы. Некаторыя главы доўгажыхар нават цытаваў… У вёсцы ёсць малітоўны дом, у якім Іосіф Іванавіч вядзе службы, малітвай ён праводзіць у апошні шлях і памерлых.
А спадзяванні ў доўгажыхара незвычайныя: «Мару, што Бог дасць сілу, здароўе і розум, каб дасягнуць вечнага жыцця, таму што на зямлі чалавек жыве толькі часова. Цяпер войны, навадненні, землятрусы – гэта кара за тое, што людзі на гэтым свеце няправільна жывуць».
Костюковичи на два дня станут литературной столицей страны. 5 и 6 сентября здесь пройдёт День…
С начала 2026 года в Беларуси упразднили 18 населённых пунктов, причем 15 из них исчезли…
Как легко наниматель попытался назначить виновного. В одном из филиалов организации в Могилевской области после…
Строители и инвесторы в Беларуси с сентября 2026 года получат новые возможности благодаря изменениям правил…
Тем, кто открывает кофейни самообслуживания, сегодня приходится считать каждую копейку. Нужно очень тщательно выбирать место,…
Для жителей Глубокского района Витебской области обещание «новых производств и рабочих мест» уже можно проверять…
This website uses cookies.
Read More