
Зімой у «ГЧ» быў надрукаваны артыкул пра саюз даўжынёй у 65 гадоў – жалезнае вяселле, якое адзначылі Васіль Рыгоравіч з жонкай Марынай Якаўлеўнай. На вялікі жаль, у чэрвені не стала вернай спадарожніцы Васіля Рыгоравіча.
Нягледзячы на гора, ён трымаецца, як і належыць сапраўднаму мужчыне, салдату, але вельмі сумуе. Пра ваеннае жыццё і мірны час, пра добрыя падзеі і пра моманты крыўды ветэран расказаў карэспандэнту «ГЧ».
Нарадзіўся Васіль 3 студзеня 1927 года ў Дзяніскавічах у звычайнай вясковай сям`і. У тыя часы з улікам гадоў нараджэння была блытаніна: не дзіўна, што і Васілю Рыгоравічу прыбавілі цэлы год, пазначыўшы 1926 год датай яго нараджэння.
«Гэта было пры Польшчы. Ніхто і не ведае, як так атрымалася, што мне больш гадоў дабавілі. Царква ў Дзяніскавічах згарэла разам з дакументамі, праўды ўжо не даб`ешся», – патлумачыў Васіль Рыгоравіч.
У 1944-м годзе сямнаццацігадовага юнака, якому па дакументах было васямнаццаць гадоў, прызвалі на фронт. Але і да гэтага хлопцу давялося сам-насам сустрэцца з вайной. У час акупацыі гарэлі Дзяніскавічы, у адзін з такіх дзён людзі беглі хавацца ў лес.
«Нас было шасцёра ў бацькоў. Як сёння помню: схапілі нас бацькі і паперлі ў другі канец вёскі. Адзін я застаўся з бабай, хацелі забраць карову і кабылу, але як толькі скаціну выгналі з хлява, напаткалі партызанаў, якія мяне прымусілі на падводзе адвезці раненага партызана ў штаб, які знаходзіўся ў Будчы. Рабіў я гэта з вялікім страхам, бо калі б даведаліся немцы – разбірацца ніхто не стаў бы, знішчылі б усю сям`ю. Я нават і кабылу ў штабе пакінуў, каб не прыцягнуць да сябе ўвагу ворага», – успамінае Васіль Рыгоравіч.
Калі хлопец вярнуўся дамоў, не было ўжо і бацькоўскай хаты – усё згарэла. Ад галоднай смерці сям`ю Васіля выратаваў склеп з бульбай, які агонь не крануў.
У 1944-м годзе Васіль Берташ быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, ваяваў у пяхоце.
«Хочаш не хочаш, а ісці трэба было. Я быў прызваны ў жніво. Завезлі нас ў горад Шуя Іванаўскай вобласці. Пераапранулі, памылі. Там мы хадзілі на заняткі па ваеннай падрыхтоўцы да лістапада. Потым адправілі на фронт – пасадзілі ў эшалон і павезлі ў Венгрыю.
Я запытала ў ветэрана, ці было яму страшна ваяваць у такія маладыя гады. «Нічога страшнага. Ідзі, пакуль не заб`юць. А калі папраўдзе, то плакалі і мужчыны, і маладыя хлопцы. Ці я думаў, што буду жыць да гэтай пары? – сказаў Васіль Рыгоравіч. – Нядоўга мне прыйшлося паваяваць: пад Новы год, 29 снежня, на тэрыторыі Славакіі я атрымаў раненне ў грудную клетку, – працягваў Васіль Рыгоравіч. – Я страціў прытомнасць, прачнуўся ўжо ў шпіталі ў Венгрыі, дзе прабыў да красавіка.
Два разы мне рабілі аперацыю, рана ніяк не гаілася і так смярдзела, што я пад шыю падкладваў прасціну, каб не чуць той смурод. Аднойчы адчуў, што нешта ў ране як быццам варушыцца ці капошыцца. Гэта былі чэрві. Перавязачных матэрыялаў не хапала, сродкаў дэзынфекцыі таксама. Калі я запытаў у доктара, што мне рабіць з гэтым, то пачуў у адказ, што чэрві – гэта добра, яны ачышчаюць кроў. Так я данаступнай перавязкі і цярпеў», – сказаў ветэран.
Калі закончылася вайна, Васіля зноў паклалі ў шпіталь, дзе ён праляжаў да жніўня і перанёс яшчэ дзве аперацыі на тое самае раненне (усяго іх было 4!). Затым хлопец быў накіраваны на службу ў камендатуру горада Вены, а потым перанакіраваны ў мінамётны батальён, дзе капітан часці адправіў Васіля на шэсць месяцаў на курсы вадзіцеля.
Амаль дзесяць гадоў Васіль правёў на чужыне, за ўвесь час салдат прыязджаў дамоў толькі адзін раз.
«Калі ў мяне памерла маці, мяне нават не хацелі адпускаць на пахаванне, пакуль салдаты не сталі абурацца. Праўдамі-няпраўдамі мне дазволілі паехаць дамоў на дзесяць дзён. Я крыху грошай назбіраў, ехаў з падарункамі. Сястры на заказ пашыў боты і прывёз матэрыял на адзенне. Старэйшаму брату купіў хромавыя боты і ўсім астатнім па пары чаравікаў,» – успамінаў дзед.
Калі Васіль вярнуўся дамоў назусім, амаль адразу ён напаткаў сваю другую палавіну – у 25-гадовым узросце ён ажаніўся з 20-гадовай Марынай.
«Жаніліся голыя-босыя. Нам нават і пабудавацца не было дзе. Ды і матэрыялаў на будаўніцтва не было. Кожнаму трэба было заплаціць.
Цяжка нам было, без мацеры і я, і яна. Але неяк жылі… Сорак гадоў я адпрацаваў у леспрамгазе шафёрам, жонка працавала доўгі час у калгасе паляводам, 13 гадоў прыбіральшчыцай ў школе, – мужчына цяжка ўздыхнуў. – Памучылася яна, бедная, апошні час парашкі ды парашкі. Мы добра з ёй жылі. Сумуй не сумуй, а яе ўжо не вярнуць..,– з жалем сказаў Васіль Рыгоравіч. – Я раней быў рухавейшы: і дровы насіў, і бульбу парыў кабанам да мінулага года, а за гэтыя гады, пакуль жонка хварэла, аслабеў, пачаў падаць, ногі заплятаюцца».
У Васіля Рыгоравіча дзве дачкі, трое ўнукаў і тры праўнукі. На дадзены момант ветэрану дапамагаюць дачка Любоў з мужам і малодшым сынам, якія прыехалі з Украіны, каб падтрымаць і падбадзёрыць Васіля Рыгоравіча. Дачка ветэрана Любоў Васільеўна расказала карэспандэнту «ГЧ», з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца яе бацьку.
«У 90 гадоў тату прымушаюць замяніць старую газавую пліту і купіць новую. Ён хвалюецца, што прыйдуць і забяруць пліту, якая працуе выдатна. Пад страхам смерці мы вымушаны купляць і другі газавы балон, бо можна карыстацца толькі адным, – сказала Любоў Васільеўна. – Былі цяжкасці і з правядзеннем вады, але нам дапамагла Людміла Міхайлаўна – старшыня нашага сельсавета, за што ёй вялікі дзякуй», – дабавіла жанчына.
Сам жа Васіль Рыгоравіч паскардзіўся на тое, што некаторыя з вяскоўцаў апошнім часам сталі распускаць плёткі, быццам і не ваяваў Васіль Рыгоравіч і ніякі ён не ветэран, пенсію не заслужыў. «Каб самі пабылі ў тым пекле, то так бы не гаварылі», – сказаў мужчына.
Дык вось каб ніхто не сумняваўся, ёсць у ветэрана дакумент (даведка аб раненні), які пацвярджае, што Васіль Берташ – удзельнік баявых дзеянняў.
Было цікава даведацца, колькі часу Васіль Рыгоравіч носіць такое сумнае званне «Апошні ветэран».
«Другі год ужо ці трэці пайшоў, як я застаўся адзін. Мікіта быў перада мной – памёр ужо. А калісьці нас, ветэранаў, у Дзяніскавічах мо 200 чалавек налічвалася, – з сумам адказаў мужчына, а затым пажартаваў: – Раней чыкушку ветэранам давалі ў Дзень Перамогі. А цяпер не даюць: мусіць, лічаць, што ўжо зусім стары», – сказаў ветэран.
Напрыканцы размовы ветэран сказаў: «Добра, як на свеце спакойна і хораша – няхай растуць дзеці, вучацца і радуюцца мірнаму жыццю, а моладзь няхай не паддаецца гарэлцы і наркотыкам».
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More