
У краме патлумачылі, што хата Лявона Мікалаевіча стаіць наводдаль ад асфальтаванай цэнтральнай вуліцы. Іду па вузенькай сцяжынцы ў той бок, куды паказалі. Падышоўшы да плоту, заўважаю, як з хаты, куды я накіроўвалася, выходзіць старэнькая бабулька, накладвае на замок клямку і, павольна перастаўляючы кіёчак, выходзіць з двара.
Адважваюся спытаць у яе, ці тут жыве Лявон Мікалаевіч. Бабуля сказала, што гэта яе сын і што жыве ён тут. Яна і правяла мяне ў хату.
Заходзячы ў памяшканне, я вельмі хвалявалася, думала, з чаго пачаць размову, як загаварыць пра тое, што ён чалавек асаблівы, і распытаць, як яму жывецца?
Прывітаўшыся, але яшчэ нават не паспеўшы сказаць, хто я і што мне патрэбна, я ўжо сядзела на ложку, бо гаспадар сказаў, што трэба адразу госцю з дарогі даць прысесці, а потым ужо выясняць, што яму трэба. Мужчына завіхаўся каля шафы, нешта там складаў.
«Вось прыйшла, каб напісаць пра аднаго з самых зайздросных кавалераў у вёсцы», – адважваюся пажартаваць я.
«Ну гэта і добра, я ж збіраюся яшчэ ажаніцца. Можа, ёсць у вас хто на прыкмеце?» – з усмешкай адазваўся мой субяседнік.
Так размова і завязалася.
Лявон Мікалаевіч расказаў, што дзяцінства ў яго было цяжкае. Бацька пакінуў іх, калі яму было два месяцы. Як пайшоў у армію, так і не вярнуўся ў сям`ю. Таму з самага маленства ва ўсім трэба было дапамагаць матулі. А гаспадарку трымалі вялікую, бо трэба ж было неяк жыць.
«Памятаю як маці касіла сама, а потым сена з балота выносілі. Аднойчы парвалася вяроўка, і я, праламаўшы лёд, уваліўся ў ваду. Дахаты імчаўся бягом, вельмі замёрз, ледзь адагрэўся, – успамінаў мужчына. – Якое тады было дзяцінства? Тут усюды было балота, магазіна нават не было. Ездзілі ў горад на грузатаксі. Наб’ецца туды людзей як селядцоў, а дарога была дрэнная, таму ехалі да горада гадзін чатыры».
У вёсцы была васьмігодка. Пасля яе заканчэння пайшоў у трактарысты. «А іншага тады мы і не ведалі», – адзначыў вясковец.
Успамінаў ён, як пасля школы ў Хатынічах лён малаціў, як працаваў на трактары, а потым яшчэ бег буракі рваць, а дома яшчэ чакала гаспадарка. «А што было рабіць? Як прыйшоў з войска, дык у армейскай форме хадзіў, бо грошай на адзенне трэба ж было яшчэ зарабіць», – гаварыў ён.
Доўга працаваў на трактары «Т-75». Потым пачаў подводзіць зрок. Перасеў на бульдозер. Па словах расказчыка, на тэхніцы адпрацаваў 30 гадоў. Меў граматы, узнагароды, медалі, прэміі.
«Змянілася ўсё ў адно імгненне, калі я абгарэў…, – сказаў Лявон Мікалаевіч, а ў яго вачах заблішчала сляза. – Зараз ужо звыкся, а тады… Думалася: як далей жыць?»
На той час Лявон Крапінскі жыў з жанчынай, але сваіх дзяцей так і не займеў. Жонка пяць гадоў таму памерла. Цяпер мужчына жыве адзін. Дапамагае яму сацыяльны работнік і састарэлая 84-гадовая маці.
«Трэба, каб я маці даглядаў, а тут вось як яно сталася», – з душэўнай пакутай у голасе сказаў мужчына.
На пытанне, як жыве і чым займаецца, ён паказаў рукой на шафы. Там стаялі зробленыя з цыгарэтных пачак будынкі. Сярод іх можна было пазнаць касцёл, Крэмль, мясцовую царкву і школу… А колькі яшчэ пачатых канструкцый…
«Людзі ведаюць, што я люблю канструяваць, таму нясуць мне пустыя пачкі мяхамі. Застаецца толькі купіць клей, уключыць уяўленне – і наперад. Іншы раз у чатыры гадзіны ўстану і клею паціху, а што ж мне рабіць? – распавядаў суразмоўца. – Спрабаваў з запалкаў нешта рабіць, але рукі дрыжаць».
Летам, калі дапамогуць з хаты выехаць, то вясковец на калясцы можа і да цэнтра даехаць. Тады ўжо людзі кажуць, што ім з Лёнікам будзе весела. Але ён не любіць, калі яго так называюць.
«Мяне яшчэ клічуць Сівым, бо галава ўся белая. А калі называюць Лёнікам, то магу і галавы не павярнуць. А так я бабулям і навіны пачытаю, і байку якую раскажу. А калі няма настрою, то на ўсіх парах валю дахаты», – з умешкай сказаў Лявон Мікалаевіч.
А дома яго чакаюць два каты. Адзін, як пазначыў гаспадар, – пенсіянер, у яго вачэй няма, а другі малады. Вясковец іх у хату праз акно пускае, бо да дзвярэй даехаць не можа з-за высокага парога.
«Я разумею, што такога ўжо ніколі не будзе, але самае запаветнае жаданне –стаць на ногі. А яшчэ хачу, каб у вёсцы ўсім была работа, каб людзі не хадзілі без справы, каб маглі зарабіць сабе на добрае жыццё. А калі б я выйграў шмат грошай, то аддаў бы іх маці – Марыі Васільеўне. Хай бы яна сабе кватэру купіла і пабачыла добрае жыццё.»
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More