Як госця з Масквы пакараў Бог

Гэтая гісторыя адбылася яшчэ ў часы ячшэ Савецкага Саюза. Неяк улетку ў палескую вёску на адпачынак да бацькоў прыехаў іх сын-масквіч. Калісьці ён праходзіў армейскую службу ў Маскоўскай вобласці недалёка ад сталіцы неабсяжнай тады краіны. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ў Маскве на працу. Там ажаніўся, закончыў завочна інстытут. Жыў і працаваў у сталіцы, гадаваў двух сыноў...

Масквічу было 40 гадоў. Высокі светлавалосы мужчына, вельмі падобны да бацькі, быў модна апрануты, насіў капялюш (нашы мужчыны яго чамусьці саромеюцца насіць). З Масквы ён прывёз падарункі: маці – пуховую хустку, бацьку – сарочку, а сястры – модныя туфлі.

Канечне ж, навіна пра сталічнага госця хутка абляцела ўсю вёску. У бацькавай хаце сабраліся сваякі, жанчыны накрылі сталы. Была нядзелька – сонечны, цёплы дзянёк. Лагодны ветрык калыхаў галінкі дрэў і падрослую траву. На вязах клекаталі буслы.

На блакітным небе не было ні аблачынкі. Вокны ў бацькавай хаце расчынены насцеж, і далёка было чуваць, хто і што гаворыць. Палешукі распытвалі госця пра жыццё ў Маскве, пра маскоўскую зарплату… Пасля некалькіх тостаў заспявалі пад гармонік. У хаце стала весела і шумна, госці пачалі выходзіць з-за сталоў, каб патаньчыць на дварэ.

Раптам нечакана чыстае неба над вёскай закрыла хмара. Маланкі паласавалі неба, пайшоў дождж. Людзі радаваліся яму, бо дажджу даўно ўжо не было. Пры кожнай маланцы ці раскаце грому людзі хрысціліся. Гэта не спадабалася масквічу (ён быў камуністам). І пачаў ён лаяцца, на Бога розныя словы казаць. А у той час Камуністычная партыя Савецкага Саюза вяла барацьбу з рэлігіяй. На Палессі разбуралі цэрквы, не давалі людзям магчымасці маліцца Богу.

Не паспеў гэты «маскаль» дагаварыць, як бліснула чарговая маланка і праз адчыненае вакно трапіла ў масквіча. Ян як раз сядзеў насупраць акна. Той адразу зваліўся на падлогу. Жанчыны напалохаліся і загаласілі. І мужчыны разгубіліся, не ведаючы, што рабіць. Першым прыйшоў да сябе родны дзядзька масквіча – Язэп.

«Кладзіце яго на коўдру і нясіце ў агарод! Вазьміце з сабой рыдлёўкі!», – крыкнуў ён.

Мужчыны выкапалі на агародзе яму, паклалі ў яе пацярпелага і прысыпалі зямлёю. І, стоячы з лапатамі, чакалі наступнай каманды дзядзькі Язэпа. Калі закапаны ачуняў, па камандзе дасталі мужчыну з ямы і занеслі ў хату.

Вечарам суседзі бачылі, як масквіч хадзіў па дварэ, і быў ён вельмі спужаны. Назаўтра раніцаю сталічнага госця на падводзе адвезлі на чыгуначную станцыю. Мужчына выехаў у сталіцу і больш ніколі ў родную вёску не прыязджаў.

 

Из рубрики