
“У нас такога яшчэ ніколі не было, каб кожная арганізацыя аздобіла свой куточак. І ўсё так прыгожа, хадзі ды разглядай, – падзялілася ўражаннем жыхарка вёскі пенсіянерка Антаніна Аўдзейчык. – Тыя разы і людзей на свята збіралася мала. А сёння столькі напрыязджала – больш, чым на вяселлі”.
На свята сабраліся некалькі соцен чалавек, якія з’ехаліся з розных гарадоў і вёсак, і кожны з іх мог знайсці занятак па душы. Гасцей ўдала бавілі працаўнікі арганізацый, якія ёсць у вёсцы. Упершыню свята прайшло ў выглядзе спаборніцтваў, у якіх узялі ўдзел калектывы школы, діцячага садка, амбулаторыі, лясніцтва, гандлю, пошты і выратавальнікаў. Не з’явілася на спаборніцтвы толькі каманда СПК «Крышылавічы». Усе заяўленыя калектывы ўдала прадэманстравалі аднавяскоўцам свае мастацкія, кулінарныя і артыстычныя здольнасці ў конкурсах “Візітка”, “Кулінарнае раздолле”, “Прэзентацыя падворкаў” і на самае артыстычнае выступленне.
Кожная каманда знайшла чым зацікавіць гасцей свята і строгае судзейства. Дзіцячы садок прадэманстраваў заліхвацкія выступленні з удзелам маленькіх выхаванцаў і, бадай, самы маляўнічы падворак з мноствам прыгожа аздобленых страў. Круговіцкае лясніцтва прадставіла намеснік дырэктара Ганцавіцкага лясгаса Наталля Зыбайла, якая паведаміла, што Ганцавіцкі раён – самы лясісты ў Беларусі, і заклікала берагчы лес. Па яе словах, у леса ёсць душа, нездарма лес, дрэвы і наогул прыроду нераўнадушныя людзі ўслаўляюць у вершах і песнях, дарэчы, як гэта падцвердзілі творчыя работнікі лясгаса. Весела і па-заліхвацку, з песнямі, выступілі на свяце прадстаўнікі гандлю – прадаўцы Іна Блінкоўская з Наталляй Гурман і работнікі паштовай сувязі, якую ў творчым конкурсе прэзентавала паштарка Наталля Лелес з дачкой Хрысцінай.
«Без адрыву ад вытворчасці» выступілі мясцовыя медыкі і выратавальнікі. Медыкі з гумарам «палячылі» бабулю ў пастаноўцы на сцэне і прапанавалі лекі ад усіх хвароб у сваім шатры з чырвоным крыжам, дзе кожнаму жадаючаму можна было падысці памераць ціск і атрымаць кваліфікаваную параду.
Выратавальнікі прыцягнулі ўвагу гасцей свята, асабліва дзяцей, тэхнічнай састаўляючай сваёй працы, бо яны адзіныя прыбылі на мерапрыемства на спецмашыне і з абмундзіраваннем, якое многія падыходзілі і прымяралі, каб сфатаграфавацца. Цікавасць моладзі і дзяцей падагравалі водныя пісталеты. З іх можна было пастраляць і ўтварыць фантан, тым больш што надвор’е выдалася цёплае і сонечнае. Адзіная хмарка з дробным дожджыкам зайшла падчас выступлення інспектара РАНС Валерыя Гардзея, які прэзентаваў Круговіцкае падраздзяленне МНС як самае баявое, бо знаходзіцца яно ў цэнтры раёна і круговіцкія пажарныя каманды выязджаюць амаль на ўсе пажары. Вось і падчас свята дзяжурная пажарная брыгада, якая мелася паказаць на магазіне, як аператыўна працуюць выратавальнікі, панеслася на рэальны пажар у Люсіна. У гэтым і асаблівасць спецслужб – працаваць у любых умовах, у будні і ў святы.
Самым яркім суддзі ды і гледачы прызналі выступленне каманды Круговіцкай школы, якая дружна выступала ў кожным конкурсе. Відаць, што загадзя падрыхтаваліся, ну, не былі б гэта настаўнікі. Яны ўсё ўмеюць: і спяваць, і вершы складаць, і смачныя стравы гатаваць.
За перамогу педагогі атрымалі ў падарунак сервіз, які ўручыла старшыня сельскага Савета Святлана Агейка. Салодкія прызы – па слоічку мёду – атрымалі таксама моцныя каманды работнікаў гандлю і дзіцячага садка. Па шматгадовай традыцыі С. Агейка адзначыла гаспадароў лепшых падворкаў сяла, сярод якіх назвала сем’і Аляксандра і Марыі Занька, Івана і Валянціны Віктаровічаў, Наталлі Радзюк. Кожнай сям’і прэзент у падарунак – па мяшку зерня. “У Кругавічах вельмі шмат добрых гаспадароў. Гэта і Гайцюкевічы, і сям’я Заяц, якія ўсё больш і больш упрыгожваюць свае падворкі. Паказальным можна лічыць увесь завулак Лясны. На такіх людзей трэба раўняцца, каб з кожным годам вёска ўсё больш прыгажэла і маладзела”, – сказала Святлана Агейка.
А працавітых людзей у Круговічах шмат. Падчас свята прэміі ды падзякі за руплівую працу атрымалі прадстаўнікі кожнага працоўнага калектыву, якія выступілі. Па традыцыі арганізатары адзначылі мясцовых майстрых Марыю Лелес за выставу вязаных вырабаў і Алену Лелес за выставу прыгожых вышыванак. Свята выдалася вельмі багатым на сюрпрызы і падарункі, якія сыпаліся на працягу ўсяго мерапрыемства. Надзвычай пашанцавала імяніннікам, якія штогод адзначаюць 19 жніўня на свяце вёскі свой дзень народзінаў, Соф’і Бушыла і вядомаму мясцоваму гумарысту Леаніду Блінкоўскаму. Соф’я Фамінічна выйграла ў бяспройгрышнай латарэі за 5000 рублёў суперпрыз – парася. Дарэчы, апошнія гады такога прыза не разыгрывалі. А тут узнавілі традыцыю дзякуючы спонсару – прадпрымальніку Вячаславу Віктаровічу. Жывы прыз дастаўся імянінніцы.
А вядучы мерапрыемства Леанід Блінкоўскі атрымаў падарунак у самым фінале свята. Сябру гумарысту, а таксама ўсім сваім былым аднавяскоўцам і чытачам газеты «Ганцавіцкі час» Пётр Гузаеўскі паабяцаў кампенсаваць выдаткі за білеты на канцэрт Леаніда Блінкоўскага, які традыцыйна праходзіць увечары 19 жніўня.
На бясплатны канцэрт прыйшлі сотні гледачоў. “Ну такога аншлагу я не чакаў”, – прызнаўся са сцэны артыст Леанід Блінкоўскі. Такім чынам, свята атрымала нечаканы працяг і кругаўцы адпачывалі да цямна. “Класна павесяліліся. Даўно так не адпачывала”, – падзялілася ўражаннямі жыхарка вёскі Любоў Лелес.
Дарэчы, у мінулыя выхадныя святы адбыліся ў вёсках Макава, Нача, Малыя Кругавічы. У кожным мястэчку гулялі з размахам. У Малыя Кругавічы нават завіталі зоркі Еўрабачання «буранаўскія бабулькі», якія так сплясалі, што вяскоўцам хопіць запалу на цэлы год – да наступнага свята.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More