Categories: Регионы

Найбольш яркія падзеі і людзі мінулага 2013 года

НОВЫЯ КІРАЎНІКІ, ПРАДПРЫЕМСТВЫ, УСТАНОВЫ, ПОМНІКІ

Начальнікам аддзела культуры райвыканкама з 14 лютага 2013 стала Ірына Стральцова. На гэтай пасадзе яна змяніла Ірыну Марцінкевіч, якая выйшла на пенсію, але засталася працаваць з калегамі ў якасці метадыста раённага метадычнага цэнтра.

Сяргей Іванавіч Хадатчук стаў кіраўніком СВК “Крышылавічы”. Новы кіраўнік сказаў, што становішча ў гаспадарцы складанае, але не безнадзейнае і абяцаў навесці парадак на фермах, упарадкаваць кадры, павысіць зарплаты работнікам.

Свята-Міхайлаўская царква была адкрыта ў вёсцы Дзяніскавічы 1 чэрвеня. На мерапрыемства сабралася каля 200 жыхароў вёскі, праваслаўныя святары раёна, кіраўніцтва райвыканкама. Асвяціў новую царкву Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан.

Урачыстае адкрыццё помніка воінам-інтэрнацыяналістам адбылося ў Ганцавічах 3 ліпеня, у Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Помнік быў узведзены на бюджэтныя сродкі і на ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб, а БТР (баявую машыну) перадало бясплатна Міністэрства абароны РБ.

Пакой рэдкай кнігі адкрыўся ў в.Агарэвічы ў ліпені – у гонар святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі. У пакоі прадстаўлены кнігі незвычайнага фармату, з аўтографамі аўтараў, на замежнай мове, а таксама старадаўнія экзэмпляры духоўнай літаратуры.

Вадасховішча “Бобрык” і тэрыторыя каля яго агульнай плошчай 33,1 га апынуліся ў цэнтры ўвагі ў чэрвені: тут заснавальнікі прыватнага прадпрыемства “Спортфішынг” сабраліся вырошчваць вузкапалага рака.

ПРАБЛЕМЫ І СТРАТЫ, АБЯЦАННІ І НАДЗЕІ

РУДТП “Аўтамабільны парк № 7 г. Ганцавічы” быў далучаны да Лунінецкага прадпрыемства. Новы малады кіраўнік Сяргей Кіндрук паабяцаў работнікам, што ў аўтапарку з’явіцца мыйка, а ў будучым зарплата працаўнікоў павялічыцца. Першае абяцанне кіраўнік выканаў: мыйка запрацавала ўжо 11 студзеня. А вось павысіць зарплату аказалася складаней, і ў красавіку вадзіцелі аўтапарка звярнуліся па дапамогу да старшыні райвыканкама Аляксандра Саланевіча.

Былы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Зоя Дударга абяцала: “Мы пастараемся адрамантаваць ацяпленне ў магазіне (шклотары – заўвага аўтара) у бліжэйшы час. Трэба гэта зрабіць, куды ж мы дзенемся”. Зоя Валянцінаўна змяніла месца працы, а магазін “Шклотара” і да гэтага часу не ацяпляецца.

Працэдура санацыі УП “Ганцавіцкая ПМК-7” пачалася з лютага 2013 года. Гэта – апошняя надзея будаўнічай арганізацыі на адраджэнне. Аргументы антыкрызіснага ўпраўляючага Дзмітрыя Рэбкаўца адыгралі рашаючую ролю ў тым, каб крэдыторы прагаласавалі за санацыю аднагалосна.

На швейным прадпрыемстве па вытворчасці трыкатажных вырабаў “Супермайк”, якое адкрылася ў Ганцавічах 14 сакавіка, пачалі працаваць 50 чалавек. Дырэктар прадпрыемства Іван Набешка вырашыў змагацца з беспрацоўем у Ганцавічах: да 2014 года, меркавалася, тут будзе працаваць каля 350 чалавек. Аднак ужо ў жніўні на прадпрыемстве здарылася стыхійная забастоўка, нагодай для якой паслужыла нявыплата зарплаты за чэрвень.

Рашэнне аб пачатку працэдуры банкруцтва ААТ “Модуль” прыняў Гаспадарчы суд Брэсцкай вобласці 20 сакавіка. За два дні да суда спыніў работу апошні цэх горадаўтваральнага прадпрыемства, а 224 працаўнікі былі вымушаны пайсці ў адпачынак.

Да красавіка 2013 года ў раёне былі зачынены тры апошнія свінафермы – у СВК “Агарэвічы”, “Хатынічы” і СГВК “Любашава”. Асноўнай прычынай стала немагчымасць выканання патрабаванняў ветэрынарна-санітарных правілаў на малагабарытных свінафермах.

Адкрыць плавальны спартыўны клуб у Ганцавічах гадоў праз дзесяць, калі скончыць сваю спартыўную кар’еру, паабяцала прызёр алімпійскіх гульняў па плаванні Аляксандра Герасіменя ў час ток-шоу “Шлях да поспеху”. Мерапрыемства прайшло 6 красавіка ў кінатэатры “Маладосць”. Шкада, што чакаць ганцаўчанам свайго басейна прыйдзецца доўга…

На некалькі месяцаў ганцаўчане заставаліся без свайго флюарографа, і на абследаванне прыходзілася ездзіць у Лунінецкую, Баранавіцкую і Ляхавіцкую паліклінікі. Такую нязручнасць, магчыма, яшчэ з дзясятак гадоў назад ганцаўчане не заўважылі б. Аднак за апошнія гады прывыклі, што амаль усе абследаванні і працэдуры праводзяцца ў мясцовай паліклініцы. Як кажуць, да добрага прывыкаеш хутка!

Паведамленні аб распаўсюджванні па Беларусі афрыканскай чумы свіней усхвалявалі жыхароў Ганцаўшчыны ў ліпені, нарадзілі шмат чутак і страхаў. І хаця ў наш раён хвароба не прыйшла, аднак жыхары вёсак і райцэнтра масава забівалі свіней і скуплялі маразільныя камеры. Такім чынам жыхары раёна падстрахаваліся – палічылі, што лепш з’есці скварку, чым закапаць 200 кг мяса.

Найбольшую колькасць скаргаў за мінулы 2013 год “сабрала” КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ”. Жыхары раёна скардзіліся на ржавую ваду, дахі, якія працякаюць, правалы на дарозе, затопленыя падвалы, дрэннае ацяпленне, дрэнныя дарогі і няспраўную каналізацыю.

СЕНСАЦЫІ І РЭКОРДЫ, СКАНДАЛЫ І ПРЫГОДЫ

Работнік КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” ганцаўчанін Іван Занька паставіў рэкорд мінулагодняга ўлову рыбы: на вадасховішчы “Лактышы” злавіў шчупака вагой 14 кг 250 г і даўжынёй 116 см. Увогуле, мінулы зімовы сезон быў надта ўдалым для Івана Канстанцінавіча: у яго актыве апынуліся тры трафейныя экзэмпляры больш за 10 кг кожны і каля дзясятка шчупакоў вагой ад 4 да 8 кг.

Люсінскія дзесяцікласнікі “замініравалі” школу самаробным “узрыўным” устройствам. Такі жорсткі жарт прывёў да таго, што больш за 160 дзяцей і некалькі дзясяткаў работнікаў навучальнай установы былі эвакуіраваны, а “размініраваннем” займалася сапёрна-піратэхнічная служба з Баранавічаў.

Рэкордна нізкія зарплаты, усяго па 800 – 950 тысяч рублёў, за май 2013 года былі налічаны цялятніцам фермы № 3 СВК “Агарэвічы”. Гэта ніжэй, чым устаноўлены ўрадам мінімальны памер зарплаты. Факты парушэнняў па выплаце зарплат работнікам, а таксама па ахове працы ўстанавілі супрацоўнікі аддзела нагляду абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ па звароце галоўнага рэдактара “ГЧ”.

Ляснымі прыгодамі адзначыліся двое ганцаўчан у верасні мінулага года. Жыхарка в. Дзяніскавічы Марыя Сцяпанаўна Палуян пайшла па грыбы і “прашукала” іх больш за 24 гадзіны. Жыхар в. Раздзялавічы Сяргей Мікалаевіч Рабцэвіч адправіўся па журавіны і вынес іх з балота толькі на трэція суткі. Грыбніка і зборшчыка ягад шукалі сваякі, знаёмыя і спецслужбы раёна.

“Правільную” прэсу прымушаюць чытаць ганцавіцкіх настаўнікаў і работнікаў іншых устаноў і прадпрыемстваў некаторыя чыноўнікі райвыканкама. Такая прымусовая падпіска набыла ў раёне хранічную форму, а некаторыя чыноўнікі пераўтварыліся ў своеасаблівых маркетолагаў РУП “Белпошта”.

Ці патрэбны Ганцавічам супермаркет? Гэтае пытанне стала каменем спатыкнення паміж чыноўнікамі райвыканкама, ІП А. Лойкам і спецыялістамі буйной гандлёвай сеткі “Дабраном”.

Каля 380 мільёнаў рублёў “прафукаў” у Ганцавічах прадпрымальны жыхар г. Мінска, які 29 кастрычніка спрабаваў гандляваць у ГДК туркменскім шырспажывам. Супрацоўнікі нашай падатковай інспекцыі ў першы ж дзень распродажу спынілі гандаль. Гаспадарчы суд Брэсцкай вобласці даказаў, што прадпрымальніцкая дзейнасць сталічнага госця была незаконнай.

АДКРЫЦЦІ, ЭКСПЕРЫМЕНТЫ

Газета СШ № 1 “Школьны фрэгат” у рэспубліканскім конкурсе на лепшае друкаванае школьнае выданне “Спроба пяра” стала лепшай у намінацыі “За актуальны змест і яркае паліграфічнае выкананне”. Узнагароджванне пераможцаў адбылося 22 мая ў Інстытуце журналістыкі БДУ ў Мінску.

Камень незвычайнай формы напрыканцы верасня знайшоў трактарыст СВК “Будча” Аляксандр Савеня ва ўрочышчы Худакова. Камень выглядаў як апрацаваны, у ім выдзяляліся абчасаныя акруглыя формы, высокія абадкі. Аднак археолаг з Мінска прыйшоў да высновы, што так дзіўна “апрацавала” знаходку сама прырода, хаця і не выключыў магчымасць, што некалі гэты камень быў ідалам.

Сям’я Лукашэвічаў з Ганцавічаў у хатніх умовах вырасціла экзатычную расліну – ананас.

Удалым аказаўся эксперымент і ганцаўчанкі Вольгі Макарчык, якая вырасціла арахіс. Ураджэнка Любашава, Вольга Уладзіміраўна даказала, што земляны арэх з поспехам можна вырошчваць у нашых кліматычных умовах.

ЛЮДЗІ ГОДА

Пераможцам у конкурсе “Містэр Х” стаў Антон Гардзей, навучэнец Ганцавіцкага прафліцэя сельгасвытворчасці. Шоу-праграма была прысвечана Дню абаронцаў Айчыны і прайшла на сцэне ГДК. Усяго спаборнічалі за галоўны тытул “Містэр года-2013” сямёра школьнікаў і навучэнцаў ліцэя.

Галоўнага тытулу на шоу-праграме “Міс Ганцавічы”, якое прайшло 8 сакавіка ў ГДК, удостоена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце з СШ № 3 Аксана Рылка. Гэты выбар спадабаўся і гледачам: Аксане дастаўся таксама прыз глядацкіх сімпатый.

Жыхар в. Хатынічы Іван Андрэевіч Казак нарэшце даказаў свой статус удзельніка і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. На пошукі справядлівасці шаноўнаму чалавеку спатрэбілася 27 гадоў.

Былы гімназіст Аляксей Кірыковіч у пазамінулым годзе стаў дыпламантам міжнароднай алімпіяды па геаграфіі, якая прайшла ў Кёльне (Германія). За дасягненні на міжнародным узроўні ўдалы тандэм вучня і яго настаўніка Тамары Цюкінай быў узнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў прэміі трэцяй ступені Брэсцкага аблвыканкама. У 2013 годзе студэнт БДУ Аляксей Кірыковіч стаў таксама стыпендыятам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Былы “залаты” медаліст гімназіі, цяпер студэнт сталічнага медуніверсітэта Мікалай Радкевіч стаў прызёрам Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі і атрымаў прэмію спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Дыпломы 1-й і 2-й ступеняў прывезлі юныя ганцавіцкія артысты з першага адкрытага конкурсу для адораных дзяцей і моладзі “Шлях да вяршынь-2013”. Конкурс прайшоў 6–7 красавіка ў Мінску. Кубак і дыплом першай ступені за спартыўны нумар “Маладзецкія забавы” – у Данііла Дуліка. Дыпломы другой ступені ўзялі салістка ГДК Наталля Рылка і харэаграфічная студыя “Удых танца” Дзіцячай школы мастацтваў.

Пенсіянер з в. Будча Фёдар Барысавіч Карпеня 15 красавіка падарыў мясцовай школе камп’ютар за 5 млн рублёў. Па яго словах, да такога ўчынку яго падштурхнула жаданне пашырыць магчымасці вясковых дзяцей для атрымання сучаснай адукацыі. На жаль, краязнаўца пайшоў ужо з жыцця.

Абсалютнай пераможцай паэтычнага конкурсу юных талентаў Брэстчыны ў красавіку мінулага года стала ўдзельніца ўзорнага літаб’яднання “Верасок” РЦДЮТ Яўгенія Пракапчук.

Пераможцай творчага конкурсу “Светабачанне-2013”, які праводзіўся паміж навучальнымі ўстановамі раёна, стала вучаніца Вялікакруговіцкай СШ Аліна Лелес.

Дзевяць маці раёна сёлета ўзнагароджаны ордэнамі Маці. Сямёра з іх атрымалі ўзнагароды ў час святочнага мерапрыемства ў ГДК, прысвечанага Дню маці. Яшчэ дзвюм маці, Ірыне Піліпчук з г. Ганцавічы і Ніне Цялушка з в. Люсіна, ордэны ўручыў старшыня аблвыканкама ў час урачыстага прыёму ў Брэсце.

Тытул “Місіс года” на шоу-праграме ГДК 9 лістапада дастаўся ганцаўчанцы Алене Іванісені. Усяго за яго змагаліся 6 канкурсантак, кожная з якіх атрымала тытул за перамогу ў асобнай намінацыі.

СТЫХІІ ГОДА

Нечаканую праверку на гатоўнасць усіх экстранных службаў Ганцаўшчыны “правёў” снежны ўраган Хаўер 15 сакавіка. У снежнай пастцы ён затрымаў дзясяткі аўтамабіляў і сотні падарожнікаў. Населеныя пункты засталіся без электрычнасці. Былі адменены масавыя мерапрыемствы. Стыхія не толькі праверыла спецслужбы і медыкаў, але і згуртавала людзей, якія талакой змагаліся з яе наступствамі.

Шаравая маланка вечарам 31 мая пранеслася па вуліцы Някрасава ў Ганцавічах. Яе разрад спаліў гараж і пашкодзіў аўтамабіль ганцаўчаніна Міхаіла Скарыны. У некаторых жыхароў з вуліцы Някрасава выйшлі са строю электрапрыборы.

Бура пранеслася над нашым раёнам і вечарам 1 чэрвеня. Стыхія пакінула сляды разбурэнняў у многіх вёсках. Амаль на суткі засталіся без электрычнасці некалькі вуліц вёсак Будча, Вялікія Круговічы, Пярэвалакі. З дахаў многіх жылых пабудоў пазрывала шыфер. Былі пашкоджаны дзясяткі помнікаў на могілках в. Будча. “Ахвярай” стыхіі стала і драўляная адрына з дровамі (згарэла), якая належала 80-гадовай жыхарцы в. Задуб’е.

Мільённыя ўбыткі пацярпелі жыхары раёна з-за прыродных катаклізмаў у першай палове чэрвеня: з-за шчодрых дажджавых ападкаў “паплылі” падвалы шматпавярховак райцэнтра, пад вадой апынуліся і многія прысядзібныя ўчасткі прыватнага сектара Ганцавічаў і многіх вёсак. У некаторых месцах узровень вады дасягаў паўметра. Град памерам са сліву ў в. Раздзялавічы пашкодзіў дахі некалькіх будынкаў і аўтамабілі.

ЗДАРЭННІ ГОДА

Страшнае дарожна-транспартнае здарэнне на аўтадарозе паміж райцэнтрам і Агарэвічамі адбылося вечарам 13 верасня: аўтамабіль “Міцубісі Галант” сутыкнуўся з мікрааўтобусам “Фальксваген LT” і з аўтобусам ПАЗ ПМК-7. У выніку ДТЗ загінулі шматдзетныя муж і жонка з Іванаўскага раёна, у рэанімацыю трапіла іх 20-гадовая дачка. Траўмы рознай ступені атрымалі вадзіцель аўтобуса ПМК-7 і яго пасажыры.

Няшчасны выпадак абарваў жыццё 22-гадовага ўраджэнца в. Люсіна Арцёма Цялушкі. Юнак працаваў галоўным заатэхнікам сельгасучастка ў Дзяніскавічах і загінуў каля доміка, які яму выдзелілі пад жыллё як маладому спецыялісту, калі спрабаваў пераліць ваду. Цяжкая бочка з вадой прыціснула Арцёма да калодзежа.

Баявая граната Ф-1 стала небяспечнай знаходкай работнікаў ААТ “ААБ Беларусбанк”: на вуліцы Фрунзе г. Ганцавічы 20 красавіка ў час суботніка яе выграбла граблямі адна з работніц банка. “Лімонку” (так называюць гранату ў народзе) размініравалі сапёры з Баранавічаў.

Ганцаўчанін Генадзь Салтановіч 19 снежня знайшоў нямецкую міну часоў Вялікай Айчыннай вайны. Небяспечны прадмет сапёрная піратэхнічная група з Баранавічаў эвакуіравала да месца ліквідацыі.

ПОСПЕХІ, УДАЧЫ, ЮБІЛЕІ

У пачатку года пабачыў свет зборнік вершаў “Пралескавы край”. Гэта першы зборнік вершаў удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Пралеска”, якое дзейнічае пры газеце «Ганцавіцкі час». У Дзень паэзіі, 21 сакавіка, прайшла прэзентацыя зборніка.

Першы фестываль праваслаўных духоўных песнапенняў “Спявайце, Госпадзеві, уся зямля!” з аншлагам прайшоў 27 студзеня ў зале ГДК. Упершыню на адной сцэне выступілі хоры гарадскога Свята-Ціханаўскага храма і сельскіх цэркваў Ганцавіцкага раёна.

Чырвоную стужку каля рэканструяванага харчаблока ЦРБ перарэзалі 14 лютага старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч і галоўны ўрач райбальніцы Вадзім Сашко. Сіламі будаўнікоў ПМК-14 будынак быў абноўлены ў найкарацейшыя тэрміны.

Ваенныя вучэнні на працягу некалькіх дзён праходзілі на базе Ганцавіцкага раёна ў кастрычніку. Больш за дзесяць «дыверсантаў» спрабавалі пранікнуць на важныя аб’екты раёна і “ўзарваць” іх. Сіламі супрацоўнікаў міліцыі, аддзялення “Ахова”, выратавальнікаў і ваенных 9 кастрычніка дыверсанты былі “захоплены і ліквідаваны”.

Пяцідзесяцігадовы юбілей адзначыла ДУВП «Ганцавіцкая ПМС» 8-га лістапада. Пасля ўрачыстай праграмы Генеральны дырэктар Брэстмеліявадгаса М.Клімовіч адзначыў, што такога размаху святкавання юбілеяў меліярацыйных прадпрыемстваў у вобласці яшчэ не было. Кіраўнік прадпрыемства А. Шут падзякаваў за гэта старшыні райвыканкама Аляксандру Саланевічу.

ГАНЦАЎШЧЫНА СПАРТЫЎНАЯ

Першае месца ў вобласці ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”( праходзілі ў г.Баранавічы) занялі спартсмены Люсінскага дзіцячага сада – СШ 20–21 лютага. Каманда атрымала магчымасць прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах 4 – 6 сакавіка ў Мінску.

Каманда ганцавіцкіх валейбалістак (трэнер Дзмітрый Турко) не дапусціла ніводнага пройгрышу на адкрытым турніры па валейболе, прысвечаным 8 сакавіка. Гульні праходзілі ў Столінскім раёне, адкуль каманда прывезла дамоў Залаты кубак і дыпломы пераможцаў.

Чэмпіёнамі вобласці па вольнай барацьбе стала каманда ганцавіцкіх барцоў (трэнер Аляксей Клявец) у Пінску 27 сакавіка. Каб стаць абсалютнымі чэмпіёнамі вобласці, рабятам не хапіла трох залатых медалёў. А 15 – 17 красавіка ганцавіцкія барцы выступалі ў Брэсце на першынстве Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе і вярнуліся дамоў з чэмпіёнскімі званнямі і медалямі ўсіх вартасцей. Ганцаўчане прадстаўлялі зборную Брэсцкай вобласці. Чэмпіёнамі Беларусі па вольнай барацьбе сталі Ілья Бобка і Паліна Бялецкая.

З залатым і сярэбраным медалямі вярнуліся ганцавіцкія спартсмены з лёгкаатлетычнага кроса, які прайшоў 8 мая ў Мінску. Усяго ганцавіцкая каманда лёгкаатлетаў складалася з 20 спартсменаў. Залатую ўзнагароду ўзяў Дзмітрый Радзюк, сярэбраную – Віталь Занька. У агульным заліку наша каманда стала другой сярод каманд Беларусі.

Сярэбраны і залаты медалі заваявалі выпускнікі Ганцавіцкай СДЮШАР на адкрытым Кубку Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, які прайшоў 30 – 31 мая ў Брэсце. Спрынтар-бар’ерыст Максім Лынша ў чарговы раз стаў першым на дыстанцыі 110 метраў. Другой на дыстанцыі 800 метраў стала Таццяна Супрун.

Сярэбранай чэмпіёнкай Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў у ліку зборнай каманды Брэсцкай вобласці па валейболе стала ганцаўчанка Алёна Нячаева. Спартакіяда прайшла 17 – 24 чэрвеня ў Брэсце. За поспех дзяўчына ўдзячна сваім спартыўным настаўнікам, у тым ліку першаму трэнеру – Міхаілу Комару (СДЮШАР).

Ураджэнец г. Ганцавічы Расціслаў Гайцюкевіч адпрацаваў валанцёрам Чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы на Вялікай спартыўнай арэне “Лужнікі” ў Маскве. Юнак вучыцца на 3 курсе дзённага аддзялення “Лёгкая атлетыка” Расійскага дзяржуніверсітэта фізкультуры, спорту, моладзі і турызму г. Масквы.

Кампазіцыйны эцюд па шахматах майстра спорту РБ Івана Бондара заняў 6-е месца ў Дзявятым камандным чэмпіянаце свету па шахматнай кампазіцыі. Імя нашага земляка ўнесена ў спіс топ-20 лепшых шахматных кампазітараў свету па яго раздзеле эцюдаў.

Праз шэсць гадоў ФК “Ганцавічы” стаў уладальнікам залатых медалёў чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе.

Чэмпіёнамі Ганцавіцкага раёна па футболе стала каманда “РайПО”. У іншым матчы на Кубак раёна супрацьстаянне паміж дзвюма мацнейшымі камандамі – “РайПО” і “Будаўнік – ПМК-14” перамогу атрымала каманда будаўнікоў.

Vitalis capello__deleted__105028

Recent Posts

Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку

В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…

1 неделя ago

Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск

Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…

2 недели ago

Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах

Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…

1 месяц ago

Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье

Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…

1 месяц ago

Как быстро и легко остановить понос народными средствами!

Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…

1 месяц ago

Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз

Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…

2 месяца ago