Самая маленькая птушка Еўропы засялілася ў Брэсцкай вобласці

Не зусім звычайныя для Беларусі птушкі - чырвонагаловыя каралькі – былі заўважаны ў парку ў Пінску. Гнездаванне гэтага віду птушак у нашай краіне лічылася верагодным, але ніякіх доказаў дагэтуль не было. І вось нарэшце гэта здарылася.

Самая маленькая птушка Еўропы засялілася ў Брэсцкай вобласці
Самая маленькая птушка Еўропы засялілася ў Брэсцкай вобласці / Фото: Лілія Кахновіч

Чырвонагаловы каралёк – адна з самых дробных птушак Еўропы. Днямі яна была заўважана ў Пінску. Незвычайную падзею змагла зафіксаваць мясцовая жыхарка Лілія Кахновіч, якая сфатаграфавала птушанят-падлеткаў у гарадскім парку.

“Чырвонагаловых каралькоў я ўбачыла ўпершыню ў нашым парку летась у красавіку”, — расказала Лілія тэлеграм-чату “Дзікая прырода побач”.

Паводле словаў жанчыны, птушкі былі разам з жоўтагаловымі каралькамі, якія зімуюць у Беларусі.

“Я падумала, што чырвонагаловыя ў нас пралётам. Я чытаю пра нашых птушак на сайце Мікалая Гуркова “Фаўна Беларусі”, таму ведала, што гэты від у нас можна сустрэць, але што яны тут гняздуюць, не ведала”, — кажа Лілія Кахновіч.

Месца, дзе пасяліліся чырвонагаловыя каралькі — гэта цэнтр парку, высокая яліна. Парк у Пінску невялікі, і паводле меравання жанчыны, ціхім яго не назавеш. Але калі пайсці туды зусім рана, калі яшчэ няма людзей, можна паздымаць розных птушак. Побач з паркам ёсць рака, а за ёй — “джунглі”.

Чырвонагаловы каралёк знешне падобны да жоўтагаловага каралька. Гэтыя птушкі гняздуюць у Заходняй Еўропе і на ўсходзе Польшчы нават ля беларускай мяжы. З пачатку ХХІ стагоддзя від пачаў раптам распаўсюджвацца на ўсход.

Зараз чырвонагаловых каралькоў можна сустрэць ва ўсіх абласцях Беларусі. Самцы актыўна пяюць у гнездавы сезон, але добра схаванае гняздо каралька знайсці цяжка нават арнітолагам. Гнездаванне гэтага віду ў нас меркавалася, але “жалезных” доказаў дагэтуль не было. Пашанцавала сёлета птушкарцы з Пінска.

“Ведаеце…  Мне шмат гадоў, — кажа Лілія. — І зараз мне вельмі шкада, што я раней не захаплялася птушкамі – вось проста не заўважала, як многія людзі”.

Паводле жанчыны, усё пачалося з берасцянкі ў парку: а хто гэта так гучна спявае? І панеслася… Цяпер Лілія Кахновіч ведае спевы ўсіх птушак, якіх сустракае: спачатку іх чуе, а потым бачыць.

А таму парада і для іншых людзей: прыглядайся і прыслухоўвайся ўважліва нават да самых дробных птушак у кустах і парках! Хто ведае, якія птушыныя сенсацыі яшчэ адкрыюцца ў Беларусі.

Материалы по теме
Темы:
Из рубрики