
З ГІСТОРЫІ ГАНЦАВІЦКАЙ ПАРАФІІ
Пра гісторыю пачатку існавання парафіі ў Ганцавічах сведчаць дакументальныя запісы. Захаваўся запіс тагачаснага настаяцеля Апалінарыя Тарнагурскага:
«Дата ўзвядзення святыні: 1903 год».
А ксёндз Францішак Смарчэўскі ў 1958 годзе ў сваім рукапісе ўспамінаў: «Касцёла не было, толькі капліца, збудаваная за адну ноч». У чэрвені 1922 года настаяцелем у Ганцавічах стаў Станіслаў Седляр. Застаўся яго запіс:
«Пасля таго, як адвялі пляц, прыступіў да будовы капліцы, якая будзе мець раскошны выгляд» (першая капліца 1903 г., відавочна, была знішчана падчас ваенных дзеянняў 1918–1920 гадоў).
Ганцаўчанка Рэгіна Амельчык успамінала:
«Вялікая капліца была зроблена з дошак, мела цёмны колер, стаяла там, дзе цяпер Дом культуры…».
Дакладна вядома, што капліца была перароблена са стадолы, дзе захоўвалася сена. Ксёндз С. Седляр планаваў пабудаваць мураваны касцёл і дамовіўся з пані Свяжынскай з Агарэвіч пра цэглу, а з панам Ганевічам – аб выкарыстанні вузкакалейкі, каб даставіць цэглу ў Ганцавічы.
Але актыўнага святара стараннямі мясцовых улад перавялі ў Пінск, не даўшы магчымасці прадоўжыць працу па пабудове касцёла. У 1927 годзе ў Ганцавічы прыязджае кс. Апалінарый Тарнагурскі, які прадоўжыць будаўніцтва.
Восенню 1929 года з цэглы і каменю быў закладзены фундамент касцёла, але па пэўных прычынах праца спынілася амаль на чатыры гады. У 1934 годзе пажар знішчыў большую частку мястэчка, згарэлі вялікая капліца, будынак, дзе жыў ксёндз, і гаспадарчыя пабудовы.
Пры кс. Францішку Смарчэўскім (настаяцель з 1933г.) у паскораным тэмпе пасля пажару за адзін год быў пабудаваны новы драўляны касцёл. Біскуп К.Букраба асвяціў касцёл 2 чэрвеня 1936 года. Але недаўгавечнай была новая святыня. Старэйшы жыхар в. Сукач Адольф Якубоўскі расказваў:
«Людзі пасля арышту ў 1942 годзе кс. Ул. Вархаповіча (ён быў настаяцелем з 1939 года) перасталі хадзіць у касцёл, толькі Каласоўскі з Ельні пастаянна бываў у ім. У 1945 годзе касцёл зачынілі. Потым у храме трымалі збожжа, а яшчэ пазней там ладзілі забавы».
Ганцаўчанін Канстанцін Мохар успамінаў:
«На месцы сучаснага Дома культуры яшчэ ў 1956-57 гадах быў вялікі будынак касцёла. Пасля вайны там быў клуб, праходзілі канцэрты, прыязджалі артысты.
На пачатку 1960 года касцёл разабралі, а з яго матэрыялаў зрабілі летняе кіно. Будынак не абаграваўся і працаваў толькі летам.
АДРАДЖЭННЕ ПАРАФІІ
Напрыканцы 80-ых гадоў кс. Вацлаў Пянткоўскі з Мядзведзіч раіў ганцавіцкім католікам дабівацца адкрыцця парафіі ў Ганцавічах. Вернікі сталі звяртацца з просьбамі да ўлад з 1987 года. Першымі хадакамі ў райвыканкам былі Адольф Якубоўскі, Альбін Наплёха, Яніна Блыга і Нэля Ратнікава. Але першы сакратар райкама партыі А. Луцэвіч адказаўся дапамагчы.
Вялікімі групамі хадзілі яшчэ некалькі разоў, ды ўсё дарэмна. У 1990 годзе на другі дзень Божага Нараджэння на прыём у райкам пайшлі Тэрэса Іруць, Вацлаў Гуліцкі, Яніна Блыга, Яніна Кацюжынская, Уладзіслаў Шыдлоўскі і Адольф Якубоўскі.
І здарыўся цуд: старшыня райвыканкама У. Русакевіч сказаў, што можна распачынаць будову касцёла. Але ж пакуль будзе будавацца касцёл, патрэбны капліца для правядзення богаслужэнняў і месца для пражывання ксяндза (плябань) – аб гэтым таксама прасілі вернікі. Калі У. Русакевіч нічога на гэта не адказаў, Адольф Якубоўскі ўпаў на калені і стаяў так доўга, пакуль не пачуў словы чыноўніка:
«…Недалёка ад рэдакцыі «СП» стаіць дом, заняты напалову, але хутка ён увесь будзе свабодны. Бярыце той дом».
А ў доме па суседстве знайшлася для ксяндза вольная кватэра, праўда, без усялякіх зручнасцей.
З 1991 да 1993 года парафію абслугоўвалі ксяндзы з Ляхавіч Аляксандр Вышынскі і Тадэвуш Волас, святой памяці кс. Міхал Каладзей з Мядзведзіч.
25 ліпеня 1993 года ў Ганцавічы прыбыў ксёндз-місіянер Юзэф Войда, які стаў афіцыйным настаяцелем з 27 верасня 1993 года.
БУДАЎНІЦТВА КАСЦЁЛА
Асвячэнне крыжа і ўчастка пад будову касцёла адбылося 31 мая 1994 года. 20 лістапада быў асвенчаны вуглавы камень нападмурку. У камені тым ёсць і малы камень, узяты з фундамента Базілікі Гроба Гасподняга ў Ерусаліме – дар Аляксандра і Валянціны Сакель.
Будаўніцтва ішло бесперапынна. Штодзень прыходзілі парафіяне, каб складаць на пляцы цэглу, піламатэрыялы, у в. Сукач рыхтавалі драўніну на дах. Кожны дзень на пляцы прысутнічаў Мечыслаў Мілеўскі: дапамагаў святару кіраваць работай парафіян, выдаваў працоўны інвентар, сачыў за парадкам у гаспадарчых пабудовах.
Незаменнай памочніцай святара ў фармальных справах была Алена Бондар, першая старшыня касцельнага камітэта. 10 снежня 1996 г. сцены былі ўзведзены да самага даху.
6 жніўня 1997 года на вежы касцёла быў устаноўлены стажок (11 метраў) і крыж на ім (3,6 метра). У жніўні 1997 г. пачалася будова плябані. У 1999 г. з Гомеля прывезлі вокны. Вобразы святых і благаславёных, выявамі якіх выкананы вокны-вітражы, з вышыні касцёла пазіраюць на наш горад, абдорваючы ўсіх жыхароў спакоем і Божай міласцю.
Блізілася заканчэнне будаўніцтва. Ксёндз Кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў дату кансэкрацыі (асвяшчэння) касцёла на 28 жніўня 1999 года. На ўрачыстасць з`ехаліся ксяндзы з Беларусі і з замежжа. Парафіяне былі моцна ўзрушаны: праз столькі дзесяцігоддзяў дачакаліся такой радасці!
У тойдзень упершыню зазванілі тры званы, устаноўленыя ўзбоч касцёла на спецыяльнай званіцы.
СВЯТАРСКАЕ СЛУЖЭННЕ І РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЦЁ Ў ПАРАФІІ
Першым пачаў святарскае служэнне ў 1992 годзе ксёндз з Мядзведзіч Міхал Каладзей. Ён адразу стаў наведваць хворых у горадзе і вёсцы, правіў нядзельную імшу. З прыездам у 1993 годзе кс. Юзэфа Войды пачалося стабільнае функцыянаванне рэлігійнага жыцця.
Да прыезду ў Ганцавічы ксёндз-місіянер абвяшчаў Слова Божае ў Польшчы, Бразіліі, ЗША, Марока, на Беразе Слановай Косці, у Іраку, Кувейце, Аўстраліі і Венгрыі, набыў багаты вопыт у справе будаўніцтва касцёлаў (пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны ўжо тры касцёлы).
Гэта яго стараннямі абудзілася парафія, быў узведзены касцёл АНПМ ў Ганцавічах, зроблена шмат добрага і незабыўнага для парафіян. Ён сам праводзіў урокі рэлігіі пры касцёле, штодзень правіў імшу, а ў святы і ў нядзелю – два разы на дзень, па будзённых днях – яшчэ і ў вёсках па хатах вернікаў.
Нягледзячы на тое, што шмат сіл траціў на справу будаўніцтва храма і на развіццё сваёйпарафіі, кс. Юзэф служыў літургію ў касцёле г. Лунінца, а потым і ў Мікашэвічах.
Штомесяц павялічвалася колькасць вернікаў, якія сталі наведваць касцёл. У 1994 годзе ксяндза запрасілі наведаць іх дамы па Калядзе 244 сям`і. Удалося стварыць і тры Жывыя Ружанцы: Радзінны, Капланскіі Місійны.
З 1998 года ў парафіі пачаў удзяляцца сакрамант бежмавання (умацавання ў веры). Па ініцыятыве клерка Андрэя Рылкі пры касцёле была арганізавана бібліятэка, кс. Юзэф паспрыяў стварэнню Клуба Каталіцкай Інтэлігенцыі (КІК). Шмат увагі ўдзяляў ксёндз выхаванню і аздараўленню дзетак.
Летам, пачынаючы з 1994 года, святар арганізоўваў для дзяцей аздараўленчы адпачынак: дзеці выязджалі ў Польшчу, у Кросценку над Дунайцам, на Чорнае мора.
У 2007 годзе пасля 14 год служэння ў Ганцавіцкай парафіі кс. Ю. Войда адбыў у Польшчу на заслужаны адпачынак. Адразу ж пасля кс. Ю.Войды святарскую службу ў Ганцавіцкай парафіі (а чатыры гады і ў Лунінецкай) выконвае ксёндз Алег Шпець, які нарадзіўся і вырас на Гродзеншчыне, у Іўі.
Адразу ж пасля прыезду маладога святара восенню 2007 года з яго дапамогай і ўдзелам ствараецца Дамовы Касцёл – дзве сямейныя суполкі, якія ў 2014 годзе аб`ядналіся ў адну. У 2015 годзе арганізуецца яшчэ адна суполка.
Рух сямейных суполак прадаўжае развівацца. Яны актыўна ўдзельнічаюць у рэлігійным жыцці парафіі, сумесна дапамагаюць у фізічнай працы пры касцёле, з`яўляюцца прыкладам жыцця хрысціянскіх сем`яў. Менавіта пры кс. Алегу Св. Імша стала праводзіццана на беларускай мове і на польскай, бо да гэтага часу адпраўлялася толькі на польскай мове.
За сем гадоў служэння ў парафіі кс. Алег спрычыніўся да шматлікіх добрых спраў. Была добраўпарадкавана тэрыторыя вакол касцёла, праведзена газавае ацяпленне будынка, адноўлена каплічка Маці Божай, з`явілася новая каплічка Св. Юзэфа, абноўлены крыж каля касцёла, пастаўлены новыя крыжы на гарадскіх могілках і на вул. Арлоўскага. Была закончана і адчынілася зала, прызначаная для заняткаў рэлігііі розных спатканняў.
Ксёндз сам прымаў удзел у пілігрымках, у тым ліку да Маці Божай Лагішынскай. Штогод ён наладжваў паездкі моладзі ў Познань і Владыславова, а ў апошнія гады быў ініцыятарам паездак на ўсяночнае чуванне да Чанстаховы. Ксёндз Алег – асоба неардынарная і крэатыўная. Яго вылучаў незвычайна прыемны голас, песнапенні пранікалі ў душу, кожную прамову падчас Св. Імшы ён дадаткова каменціраваў.
На святы Божага Нараджэння і Змёртвых паўстання Езуса Хрыста дэкарацыі ў касцёле, прыдуманыя ім, зачароўвалі ўсіх вернікаў сваёй прыгажосцю і тэматычнай напоўненасцю. У жніўні 2014 года кс. Алег Шпець быў пераведзены ў парафію Яна Евангеліста ў г. Мінск.
У гэтым жа месяцы Ганцавіцкую парафію ўзначаліў кс. Анджэй Шода, які перад тым быў пробашчам у Мядзведзічах. Працавіты і старанны, ксёндз Анджэй арганізаваў і завяршыў працу па рамонце будынка касцёла і партэра ў плябані. Па яго запрашэнні заняткі па рэлігіі пачала весці катэхетка Хелена Вярбенка. На жаль, ксёндз Анджэй моцна захварэў і напрыканцы 2016 года вымушаны быў пакінуць парафію, каб прадоўжыць сваё лячэнне ў Польшчы.
З 11 снежня 2016 года душпастырскую службу ў парафіі нясе ксёндз Ян Саламон. Руплівы і нястомны святар за час свайго служэння ў Ганцавічах заслужыў аўтарытэт і павагу вернікаў, якія заўсёды адчуваюць яго адкрытасць, спагадлівасць і дабрыню.
У тым, як выглядае сёння наш касцёл і тэрыторыя вакол яго–вялікая заслуга ксяндза Яна. І ў працы, і ў служэнні ён падае нам прыклад сапраўдных хрысціянскіх адносін да жыцця. Парафія ў Ганцавічах актыўна жыве і развіваецца.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More