
Цудам застаўся жывы
За сваю шасцігадовую працу вальшчыкам лесу мне пашанцавала: я цудам застаўся жывы, атрымаўшы тры пераломы. Той факт, што пацярпеў менавіта на працы, я ўтаіў.
Адпрацаваў я вальшчыкам ужо больш за год, калі са мною здарылася непрыемная гісторыя. Я разам з двума абрубшчыкамі працаваў у дзялянцы. У той дзень быў моцны вецер, і выйшла так, што калі я падразаў дрэва, бензапілу заціснула. Парывам ветру дрэва нахіліла ў супрацьлеглы ад вызначанага месца валкі бок. Мужчыны не далі рады вілкаю адапхнуць яго ў патрэбным накірунку. І калі вецер крыху сціх, нам траім удалося папхнуць дрэва так, каб можна было дастаць бензапілу.
Дастаўшы пілу, я сказаў мужыкам: “Давайце паспрабуем яшчэ раз папхнуць. Калі атрымалася крыху зварухнуць з месца, дык, магчыма, атрымаецца і паваліць яго”. Але яны мяне не падтрымалі: маўляў, навошта пупы рваць, зрэзвай недапіленае дрэва, і хай падае туды, куды ўпадзе. А ўхіл быў на сцяну леса. Не здолеўшы іх пераканаць, я так і зрабіў.
У выніку дрэва завісла (вершаліна аказалася на ўзроўні двух метраў ад зямлі). Абцерабіўшы ствол, я дайшоў да верха. Крыху агледзеўшыся, перайшоў на супрацьлеглы бок, каб адрэзаць верх. Як мне падалося, ствол павінна было адкінуць у той бок, дзе я стаяў першапачаткова. Але я памыліўся.
Адрэзаў верх і бачу: хлыст ляціць у мой бок. Я паспеў зрабіць толькі крок назад. І вось я ляжу на зямлі, а ствол дрэва ляжыць у мяне на поясе. Бензапілу выбіла з рук і адкінула ў адзін бок, а каска зляцела з галавы і адляцела ў другі бок. Усё адбылося так хутка, што я нават не паспеў спалохацца.
Мужыкі бачылі ўсё гэта і падбеглі да мяне. Яны вельмі спалохаліся і не ведалі, што рабіць, бо думалі, што ў мяне пашкоджаны пазваночнік. Я, лежачы пад хлыстом, прапаноўваў ім адрэзаць верх, каб змагчы ўстаць. Але замест гэтага яны сіліліся прыўзняць вершаліну дрэва, каб мяне дастаць. Пасля некаторых намаганняў ім гэта ўдалося.
Вызвалены з гэтай пасткі, я паспрабаваў устаць на ногі. Але невыносны боль у правай назе не даваў гэтага зрабіць. Неяк даскакаў да эстакады, зняў бот і зразумеў, што ў мяне пералом. Ужо ўвечары, калі мне зрабілі здымак у паліклініцы, я даведаўся, што ў мяне аж тры пераломы.
Па афіцыйных дадзеных, толькі ў бягучым годзе ў Беларусі на лесасеках пацярпела 17 чалавек. Чацвёра з іх загінулі, а астатнія атрымалі цяжкія траўмы. З уласнага вопыту магу дадаць, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць сапраўдную колькасць пацярпелых. Большасць з тых, хто атрымаў траўмы, утаілі той факт, што пацярпелі на вытворчасці.
Чаму? Адказ даволі просты. Каб не мець лішніх праблем. Бо ў выніку сам жа і застанешся вінаваты. Як мы часам жартуем між сабою: “Захочуць дакалупацца, дакалупаюцца і да пня”. А ў нашым выпадку гэтае выслоўе мае літаральны сэнс. Бо нязначнае парушэнне правілаў валкі лесу можа абярнуцца непрыемнымі нечаканасцямі. А ў нас яны былі, ёсць і будуць. Бо каб выканаць норму і нешта зарабіць, прыходзіцца свядома заплюшчваць вочы на правілы бяспекі. Бо інакш не заробіш нават на харчаванне.
Вучоба: 5 гадоў у іх і … 2 тыдні ў нас
За мяжою на вальшчыка лесу вучаць пяць гадоў, у нас жа на вальшчыка адзіночнай валкі вучаць два тыдні, у лепшым выпадку – тры. Самі разумеце, якая гэта вучоба. Паказалі, як бензапіла заводзіцца, расказалі правілы валкі, далі адно дрэва зваліць – вось ты ўжо і вальшчык. Калі нешта не зразумеў альбо нешта не атрымліваецца – нічога страшнага. Захочаш выжыць – навучышся.
За мяжою вальшчыкам не даводзіцца норма, колькі трэба нарыхтаваць кубоў драўніны. Калі вецер звыш 3 метраў за секунду, працаваць з пілою забаронена. Галоўнае, каб ты рабіў сваю работу якасна і з мінімальнаю рызыкаю для здароўя. У нас жа даводзіцца жорсткая норма. Так, напрыклад, на прарэджванні, дзе аб’ём хлыста (гэта сярэдні дыяметр дрэва) складае 0,05 м куб., норма будзе дзесьці два кубы на чалавека ў дзень. А на прахадной дзялянцы з аб’ёмам хлыста ў 0,16 м куб. норма складзе як мінімум пяць кубоў. Але пры гэтым заробак будзе ў разы вышэйшы, калі працуеш на прарэджванні, і не толькі таму , што норма меншая, а і таму, што аплата за 1 м куб. амаль напалову вышэйшая.
Здавалася б, пяць кубоў на чалавека – гэта няшмат. Але, паверце, калі дзень, другі, трэці запар норму выконваеш, дык на чацвёрты будзе ўжо даволі складана. Цела баліць неверагодна. Можаце мне паверыць як чалавеку, які адпрацаваў вальшчыкам шэсць гадоў. У нас жа хочуць, каб была і якасць, і кубы, і правілы бяспекі каб не парушалі. Але ж, як кажа прымаўка: за двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш.
Спецадзенне ўратуе ад траўм
Што датычыцца нашага спецадзення, дык яно якаснае (праверана на сабе). Адзін бот вальшчыка важыць прыкладна два кілаграмы. Калі ў гэтых ботах нават нічога не робячы па дарозе прайсці з кіламетр, дык назад вяртаючыся, ног не чуеш. Хутчэй басанож пойдзеш.
А за дзень у лесе не адзін кіламетр наматваеш, а ўсе дзесяць. Але затое ногі будуць цэлыя, не парэжашся.
Штаны вальшчыка – таксама “добрая” рэч, асабліва ўлетку: калі і было нейкае начынне ў штанах, дык і без наведвання ўрача кастрацыя забяспечана. Але ад парэзаў абараняе надзейна. Тым, хто прыдумаў гэтае спецадзенне, хоць бы дзень, а то і паўдня ў ім прайсціся.
Што ж да каскі, дык прызнаюся, яна жыццё не раз ратавала кожнаму з нас, ад траўм засцерагала.
Працаваць даводзіцца пры любым надвор’і: ці то спёка, ці мароз, ці снег – хіба толькі калі дождж паўдня лье, тады ўжо выхадны (калі ж дажджы ідуць больш за тры дні ў месяц, дык давядзецца і пад дажджом працаваць). Схавацца можна хіба толькі пад кустом.
Магчыма, таму ахвотнікаў працаваць на такой цяжкай і нізка аплачваемай рабоце заўсёды не хапае. А тыя, хто наважыўся выпрабаваць сябе ў гэтай ролі, звычайна доўга не вытрымліваюць і дзесьці праз год-два звальняюцца. Такіх жа, хто адпрацаваў у гэтай прафесіі 10 і больш гадоў, адзінкі, (думаю, што не памылюся, калі скажу, што, каб палічыць такіх людзей, хопіць пальцаў на адной руцэ).
“Ты, мабыць, ідыёт”
Калі я сам працаваў вальшчыкам лесу, у мяне часта пыталіся: “Колькі зарабляеш?” Пачуўшы мой адказ, людзі смяяліся. А праз хвіліну ўжо з сур’ёзным выразам твару зазначалі: “Ты, мабыць, ідыёт, калі за такія грошы сваё здароўе калечыш? Я б за гэтыя грошы ніколі ў жыцці не працаваў бы!” І таму, калі маім знаёмым трэба выбіраць, дзе працаваць (у лясгасе ці ў далёкай і невядомай Расіі), яны часцей выбіраюць другі варыянт.
Праўда, ёсць адна перавага: калі адпрацуеш 10 гадоў вальшчыкам, на пенсію пойдзеш у 55 гадоў. Калі, праўда, дажывеш. Бо кожную раніцу, прачынаючыся, першае, што адчуваеш, дык гэта боль ва ўсім целе. Але і ў гэтым ёсць свая перавага: затое дакладна ведаеш, што яшчэ жывы.
Тыя ж, хто па-ранейшаму працуе ў гэтай прафесіі, на маё пытанне, ці змянілі б месца працы, каб была такая магчымасць, не задумваючыся адказалі: “Так”. Але як вы самі разумееце, выбару асаблівага няма, і таму людзі проста вымушаны рызыкаваць жыццём за такі смешны заробак.
І як бы там ні было, а большасць жыхароў нашага раёна ў той ці іншай ступені залежыць ад працы вальшчыкаў леса. Бо калі б не яны, не было б ані дроў на зіму, ані іншай драўніны.
Заробкі ў нас і ў нашых суседзяў
Нягледзячы на тое, наколькі гэта цяжкая і небяспечная праца, заробак у нас адзін з самых нізкіх па рэспубліцы (сярэдні заробак вальшчыка лесу не перавышае 5 мільёнаў). У нашым лясгасе сярэдні заробак складае дзесьці тры мільёны рублёў, пяць – максімальны (???). У суседніх Ляхавіцкім і Пінскім раёнах заробак вальшчыка лесу складае 4 мільёны.
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More