Сяргей Багроў
«Добрай раніцы! Як ідзецца?», – пытаюся ў жанчын, якія шпарка праходзяць стадыённае кола.
«Добра! Хораша ідзецца!», – чую адказ на хаду.
Група з пятнаццаці жанчын адна за адной мінаюць мяне і працягваюць, не спыняючыся, рухацца наперад. Усе далейшыя пытанні павісаюць у паветры.
УЛАСНЫ ДОСВЕД
Каб працягнуць размову, прыйшлося самому ўзяць прапанаваныя інструктарам палкі, апрабаваць скандынаўскі фітнэс і рушыць маршрутам спартыўнай групы. Трэба сказаць, што прафесійныя палкі для хады я ўзяў у рукі ўпершыню. Каб пачаць рухацца, напачатку у іх трэба адрэгуляваць вышыню пад уласны рост і зафіксаваць заціскны механізм.
Наканечнікі такіх палак у самым нізе маюць спецыяльную форму і адаптаваны для любой паверхні. Затым зацягваю цемлякі – спецыяльныя рамяні на ручках і, праслухаўшы інструктаж кіраўніка групы, пачынаю рухацца.
Адразу ж чую заўвагу ад адной са спартсменак, што спіну трэба трымаць раўней, бо нагрузку з пазваночніка будзе правільным пераносіць на рукі.
Прайшоўшы стадыённае кола, я адчуў сябе альпіністам, які ўзбіраецца з палкамі на вяршыню гары. Вядома, што скандынаўская хада – гэта не бег, але актыўнасць, якой яна вымагае, значная. У тым ліку гэта зарадка для сябе на ўвесь дзень.
Уражанняў ад такога спорту можа быць мора! Хадзіць па-нардычнаму мне спадабалася. І хоць у групе жанчыны па шэсцьдзясят плюс…, лічу, што пры сённяшнім стрэсавым рытме жыцця такая хада неабходна большасці з нас.
Пасля шпацыравання спартсменкі выконваюць шэраг фізічных практыкаванняў. Затым усе ідуць на трэнажоры, якія стаяць побач з бегавой дарожкай. Акрамя таго, цікавымі і нават складанымі паказаліся практыкаванні, якія жанчыны выконваюць пасля гадзіны хады.
Такім чынам, падсумоўваючы ўсё, атрымліваецца, што дадзеная хада – сур`ёзная трэніроўка для ўсяго арганізма.
«ЗДАРОЎЕ — 7»
Трэнерам і кіраўніком спартыўнай групы з`яўляецца Галіна Карнеявец. Яна сочыць за наведвальнасцю, раіць метады хады і практыкаванні жанчынам, а таксама праводзіць практычныя заняткі фізкультуры.
«Наша трэніроўка ўключае гадзіну хады і паўгадзіны практыкаванняў з палкамі і на вулічных трэнажорах. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень: у панядзелак, сераду і чацвер», – кажа Галіна Міхайлаўна. – «А чым карысна такая спартыўная хада? – Гэты від спорту дазваляе больш эфектыўна трэніраваць і падтрымліваць у адпаведнай форме мышцы. Пры звычайнай хадзе нагружаюцца толькі ногі, а пры скандынаўскай працуюць амаль усе мышцы: плечавы пояс, спіна, шыя, прэс. Яна карысная для людзей з захворваннямі лёгкіх. З яе дапамогай у арганізме забяспечваецца лепшы транспарт кіслароду».
ПАДАРУНАК З-ПАД НАВАГОДНЯЙ ЁЛКІ
«Маё захапленне гэтым спортам пачалося з заняткаў фізкультурай, якую я люблю ўсё жыццё. Раней займалася ў спортзале, бегала, гуляла ў валейбол, выконвала розныя практыкаванні. Для тых, каму сёння, як і мне, шэсцьдзясят з плюсам, хада замяняе бег», – кажа мая суразмоўца Вольга Курбанава, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры. – «На Новы год дзеці паклалі пад ёлку ў якасці падарунка палкі для скандынаўскай хады, і я пачала хадзіць. Цяпер іду на стадыён, як на працу. Адчуваю сябе лепш, пачала менш стамляцца, магу больш ездзіць на веласіпедзе. Акрамя таго, хада дае выдатны настрой. На стадыёне магу ўбачыцца з усімі сяброўкамі».
Акрамя вызначаных дзён, займаецеся дадаткова хадой?
«Так, у нядзелю хаджу ва ўрочышча Горкі за тры кіламетры ад Ганцавіч. Там заўсёды ёсць людзі, якія адпачываюць і займаюцца фізкультурай. Далучаюся і я да тых, хто там бывае».
ЗА ТРЭНІРОЎКУ АТРЫМЛІВАЕЦЦА КАЛЯ ШАСЦІ КІЛАМЕТРАЎ
«Для заняткаў у нашай групе патрабуецца даведка ад доктара. Мы ўсе перад тым, як увайсці ў групу, схадзілі ў бальніцу, абследаваліся і атрымалі дазвол. Інакш наш кіраўнік да заняткаў не дапускае», – кажа Соф`я Рапеева, таксама ў мінулым настаўніца. – «Калі працавала ў школе, то заўсёды хадзіла ў паходы, на экскурсіі, удзельнічала разам з вучнямі ў спаборніцтвах. Адным словам, аматарскім спортам займалася заўсёды. Потым настала зацішша. Муж паклапаціўся аб маім здароўі, неяк прывёз і падарыў мне скандынаўскія палкі. Я паспрабавала хадзіць, і мне спадабалася».
А колькі Вы праходзіце за трэніроўку?
«Спецыяльна не лічу. У мяне на руцэ сучасны фітнэс-гадзіннік. Ён падлічвае мае крокі, кіламетры і нават патрачаныя калорыі. Ходзім тут пад настрой. Ніхто нікога не прымушае ісці больш, чым патрэбна. Асабіста ў мяне ў сярэднім атрымліваецца каля 6 кіламетраў – гэта 10–12 стадыённых колаў. Але мне ўсё роўна для трэніровак не хапае адведзеных дзён. Таму хаджу яшчэ ў аўторак і пятніцу ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У нядзелю зноў бываю на стадыёне, а ў суботу раблю сабе перапынак».
МАГУ НАВАТ ЗАРАЗ ЗРАБІЦЬ МОСЦІК
«Мяне на гэтыя заняткі сагітавала сястра», – кажа Ганна Масквіна. – «Але я таксама са спортам заўсёды была на «ты». Раней займалася ў секцыі ручнога мяча, акрабатыкай. Магу нават зараз зрабіць мосцік. Не магу сядзець на адным месцы. Мне патрэбна кожны дзень рухацца. Такая ў мяне натура».
НАПРЫКАНЦЫ
Было прыемна гутарыць з гэтымі актыўнымі жанчынамі, якія імкнуцца як мага даўжэй захаваць сваё здароўе ў належным стане. А гэты дэмакратычны від спорту якраз добра спрыяе такой мэце і не патрабуе асабліва вялікага рыштунку. Хада не патрабуе абанемента ў спортзал, а скандынаўскі настрой гарантаваны кожнаму, хто пачне сябе напружваць.
З маімі суразмоўцамі з групы «Здароўе — 7» мы зрабілі агульнае фота з умовай уручыць здымак на памяць кожнай з удзельніц групы.
Напрыканцы жанчыны сказалі, што запрашаюць усіх, хто пажадае, далучацца да аматараў скандынаўскай хады. Методыкі хады і апісанне яе карысці добра асветлены ў інтэрнэце. Таму заняткі хадой можна пачынаць, узяўшы звычайныя лыжныя палкі.
Вядома, што некаторыя ганцаўчане так і робяць – займаюцца скандынаўскай хадой самастойна, без усялякіх груп. Трэба толькі сябе заахвоціць і пачаць хадзіць.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More