
Аляксандр Абуховіч
На Гульнях у Лондане Аляксандра Герасіменя заваявала першыя алімпійскія медалі па плаванні ў гісторыі незалежнай Беларусі.
За адзінаццаць гадоў да гэтага, юніёркай, яна білася за ўзнагароды з найлепшымі ў свеце. Але аднойчы на трэніровачных зборах на Аляксандру абрынуўся ўдар, праз які яна знікла з інфармацыйнай прасторы на гады.
― Мы паехалі на Кіпр. Усё было цудоўна: рыхтаваліся, трэніраваліся. Але аднойчы мне зрабілася блага, плаваць было цяжка, узніклі праблемы са здароўем, — шчыра расказвае Аляксандра. — Нервы, перажыванні: трэнер не разумее, што здарылася, я не разумею. Мы прыехалі дадому на пару дзён, на носе быў чарговы збор. І ў гэты самы момант мяне ўзялі на допінг. За тры тыдні да гэтага мяне ўжо правяралі. Нечакана знайшлі забароненае рэчыва. Мы не ведаем дакладна, што адбылося на кіпрскіх зборах, я выказваю толькі свае здагадкі. У нас было цэнтралізаванае харчаванне. Хто дзе сядзіць, было вядома.
Думаю, што адзін нядобразычлівец — не буду агучваць, хто, хоць ёсць канкрэтныя падазрэнні, — проста падсыпаў яго ў ежу. Мяне мала таго, што падставілі: потым была наводка, каб мяне ўзялі на допінг.
Здароўе моцна папсавалі. Напэўна, каля года я проста лячылася.
— Няўжо праблемы былі такія сур’ёзныя?
— Канечне.
Вы ўявіце, што вам далі не разавую дозу нейкіх лекаў, а ў сто разоў больш.
Ударыла па печані ды па іншых органах. Цягам года хадзіла па ўрачах і вырашала праблемы. Плюс за даволі кароткі прамежак часу страціла каля 10 кг вагі. Год я лячылася і яшчэ год выходзіла з гэтай сітуацыі.
А ў выніку не выступала цягам трох гадоў. Але я ўжо паспела адчуць смак перамогі і ведала, што магу вярнуцца. Засталася нейкая нерэалізаванасць.
Было вялікае жаданне вярнуцца, тым больш, што трэнер мяне не пакідала, падтрымлівала ў любую хвіліну. Бацькі дапамагалі, сябры спрабавалі куды-небудзь выцягнуць. А праз нейкі час зрэзалі тэрмін дыскваліфікацыі, і зрабілася прасцей.
* * *
Сёння «Залатая рыбка» (так з любоўю і павагай называюць спартсменку заўзятары) расказвае пра мінулае з элегантнай лёгкасцю. Хоць вяртанне ў вялікі спорт было пакручастым і расцягнулася на гады.
Тым не менш, у 2011 годзе яна зрабілася чэмпіёнкай свету і найлепшай спартсменкай Беларусі. А праз год узяла два срэбры на Алімпіядзе у Лондане. Праз некалькі месяцаў — яшчэ і золата чэмпіянату Еўропы.
Элегантная (у жыцці яшчэ лепшая, чым на фота), высакародная і неверагодна прыемная Аляксандра Герасіменя ніколі, відаць, не спынялася перад цяжкасцямі.
— Мне было амаль 11 гадоў, калі я нарэшце дайшла да басейна. Гэта пазнавата. На той момант я адставала.
Сёння, я гляджу, некаторыя дзеці ўмеюць някепска плаваць ужо ў першым класе.
— Бацькі не пабаяліся аддаць у спорт?
— Маці займалася спартовым шматбор’ем, тата — трайным скачком. З дзяцінства мяне прывучалі да фізкультуры.
Я нават памятаю, як мы разам кросы накручвалі.
Бацька нядаўна знайшоў нейкія вынікі, якія ён занатоўваў. Калі мне было два гады, ён запісваў, напрыклад, мае паказчыкі па скачках у даўжыню.
Спачатку бацькі былі вельмі задаволеныя, што я займалася плаваннем. А потым узніклі пытанні: яны на справе ведалі рэаліі прафесійнага спорту. Аднак я адстаяла свой пункт гледжання.
* * *
Незвычайны для вялікага спорту факт: цягам усёй спартовай кар’еры — з дзяцінства да алімпійскіх вяршыняў — Аляксандра аддана працавала ў камандзе са сваёй першай настаўніцай.
— Калі я прыйшла ў басейн, у мяне было два трэнеры: Алена Уладзіміраўна Клімава і Вольга Сяргееўна Яскевіч. Яны працавалі ў пары, але потым каманды падзялілі на хлопчыкаў і дзяўчынак. І з намі, дзяўчынкамі, працавала Алена Уладзіміраўна.
— Так амаль не бывае, каб перспектыўную спартсменку ў дзіцячага трэнера не забралі.
— Лепшага трэнера, чым мой, няма.
У дадзеным выпадку сышліся ўсе зоркі. Каб атрымаць добры вынік, у спартсмена павінен быць талент, жаданне. Тое ж самае і з трэнерам: ён павінен быць прафесіяналам і пры гэтым развівацца.
А самае галоўнае — гэта ўзаемаразуменне. Калі яго няма, кашы не зварыш.
Хоць, напэўна, у кожнага спартсмена надыходзіць нейкі перапынак. У такім выпадку мы шукалі іншыя шляхі.
Некалькі гадоў таму пачалі працаваць сумесна з Дзмітрыем Манцэвічам, беларусам, які трэніруе каманду Турцыі. Некалькі разоў на год я ездзіла да яго на зборы. Навінкі, якія ўводзіліся ў маю падрыхтоўку, давалі добры вынік.
* * *
Для беларусаў Аляксандра Герасіменя — не проста папулярная спартсменка.
Зрабіўшыся зоркай плавання, яна не ўцягнулася ў фальшывыя ідэалагічныя гульні і не падладзілася пад прынцыпы, ёй няблізкія. У той жа час Аляксандра адмовілася ад мільённых кантрактаў, якімі яе заманьвалі з-за мяжы.
Яна нагадвае травінку, якая прабілася праз асфальт беларускага грамадства і дае спадзеў на адэкватнасць і моц новага беларускага пакалення.
Аляксандра шчыра выказвае сваё меркаванне на любыя пытанні і не баіцца, што чыноўнікі будуць яе папікаць.
Цікавы і той феномен, што ўскараскацца на Алімп наша «Залатая рыбка» змагла ў даволі спартанскіх умовах. Да прыкладу, у Беларусі дагэтуль функцыянуе толькі адзін басейн, дзе ёсць стартавыя тумбачкі міжнароднага ўзору. Топавыя плыўцы, якіх у нас можна пералічыць па пальцах, займаюцца ў тых жа умовах, што і звычайныя аматары-фізкультурнікі, якія прыходзяць у «басік» праплыць кіламетр-другі.
— Якім чынам пры такой інфраструктуры вам і трэнеру ўдалося падняцца так высока? — цікавімся ў Аляксандры яе сакрэтам выжывання і росту.
— Ёсць меркаванне, што беларусы талерантныя, пад кагосьці падладжваюцца і з усім навязаным пагаджаюцца. Ды не!
У нас сустрэнеш розных людзей. Але даю сто працэнтаў, што многія беларусы хварэюць на сваю прафесію, жывуць у ёй і паміраюць у ёй, хоць гэта не заўжды добра. Для многіх у свеце праца — толькі сродак зарабіць грошы.
* * *
Аляксандра Герасіменя — гэта не толькі вялікі спорт.
Паралельна з трэніроўкамі Саша атрымлівае адукацыю ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце і ў сусветна вядомым Оксфардскім каледжы, дзе вывучае міжнародны менеджмент.
— А першую адукацыю я атрымала ва Універсітэце фізкультуры і спорту, каб адчуваць свой арганізм і разумець, што адбываецца ўнутры. Я не ведаю, куды і якім ветрам мяне занясе ў будучыні. У галаве планаў шмат, хоць пакуль не час іх ажыццяўляць. У любым разе, будучыня пасля спорту будзе звязана з кіраўніцкай дзейнасцю, менеджментам.
Аднак пакуль слаўная, вартая кіно кар’ера Аляксандры яшчэ далёкая ад сканчэння.
— Перадстартавы мандраж абцяжарвае, але ў той жа час гэта наркотык. Пакуль я ад гэтага адмовіцца не магу.
Калі пабачу, што патэнцыял вычарпаны, то адкладу ўбок купальнікі, шапачкі і скажу: «Спадарства, да пабачэння, я зрабіла, што змагла». Але пакуль я адчуваю, што магу дасягнуць яшчэ больш высокага выніку.
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More