Ганцаўчанін выступіць на чэмпіянаце Брэстчыны

З 9 па 11 жніўня ў Палацы культуры г. Драгічына прайшоў рэспубліканскі фестываль па рускіх шашках пад рамантычнай назвай “Етвызь-2013”.

Удзельнікі рэспубліканскага фестывалю “Етвызь-2013”: фота на памяць
Удзельнікі рэспубліканскага фестывалю “Етвызь-2013”: фота на памяць

На спаборніцтвы з’явілася значна менш, чым у мінулым годзе, удзельнікаў – усяго 48, сярод якіх быў і ганцаўчанін Мікалай Рылка. Як і раней, гулялі па “швейцарцы” (у 9 тураў), дзе кожнаму з удзельнікаў адводзілася па 30 хвілін.

З першага да апошняга тура лідзіраваў майстар спорту з Гомеля Раман Прончанка. Ён і заняў першае месца. На другім месцы апынуўся кандыдат у майстры спорту Вячаслаў Гурэцкі са сталіцы. Бронза дасталася яшчэ аднаму мінчаніну – майстру спорту, ветэрану беларускіх шашак Вячаславу Палянскаму.

На жаль, ганцаўчанін заняў толькі 12-е месца, але, нягледзячы на гэта, ён мае права выступаць на чэмпіянаце Брэсцкай вобласці, што адбудзецца ў гэтым годзе. Чакаецца, што там збяруцца мацнейшыя шашысты Брэстчыны.

Дарэчы, назва спаборніцтваў “Етвызь-2013” абрана не выпадкова: па легендзе, шмат стагоддзяў таму на тэрыторыі сённяшняга Драгічынскага раёна пражывалі плямёны яцвягаў.

Из рубрики