
А бабуля цану старым рэчам ведае, як ніхто. Бо Вольга Аляксандраўна – старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея. З ёй мы сустрэліся ў Вілейцы на вуліцы Стаханаўскай. У “летнім” доме – у рамках вышыванкі і старыя фота здымкі. Тут жылі свёкар і свякроў Вольгі Аляксандраўны, якія ў 1986-м годзе пераехалі ў Вілейку з Браншчыны.
Рэчы, што нельга ні аддаць, ні прадаць
– Як толькі прыйшла працаваць у музей, шмат старых рэчаў аднесла туды, – прыгадвае Вольга Аляксандраўна. – Несла вышыванкі, саматканыя рэчы, зробленыя мамай, стары посуд. А потым сказала сама сабе: спыніся!
На думку Вольгі Коласавай, у кожнай сям’і павінны быць рэчы, якія нельга ні аддаць, ні прадаць. Іх трэба захоўваць для нашчадкаў. Адной з такіх рэчаў у сям’і Коласавых з’яўляецца самавар. Па назіраннях Вольгі Аляксандраўны, рэч для беларускіх вёсак зусім не характэрная.
Мая субяседніца, якая нарадзілася і вырасла ў вёсцы на Вілейшчыне, распавяла, што у родных мясцінах чай ніколі не пілі. Таму ў самавары не было патрэбы.
Быў паказчыкам інтэлігентнасці і заможнасці
А належаў самавар свёкру і свекрыві Вольгі Аляксандраўны. Бацькі мужа жылі на Браншчыне, у сяле Семячкі Трубчэўскага раёна. Па словах Вольгі Аляксандраўны, у Расіі самавар быў паказчыкам заможнасці, інтэлігентнасці.
Муж маёй субяседніцы і два яго браты сапраўды гадаваліся ў інтэлігентнай сям’і. Іх бацька Павел Коласаўнарадзіўся і амаль усё жыццё пражыў у сяле Семячкі. У 1939 быў прызваны ў армію, прайшоў вайну, пасля скончыў настаўніцкі інстытут, ажаніўся. У сяле працаваў старшынёй мясцовага калгаса, бо да пэўнага часу тут не было адукаваных людзей. Потым – дырэктарам школы, настаўнікам.
Свёкар быў вельмі адукаваны, шмат чытаў кніг і газет. Ён і набыў самавар. Было гэта адразу пасля вайны ў Трубчэўску. Вольга Коласава мяркуе, што і выраблены ён быў у пасляваенныя гады. Рабілі самавар на вядомым заводзе ў Туле, пра што сведчыць кляймо знізу самавара.
Свякроў Анастасія Калінаўна працавала швачкай. Шыла адзенне для ўсяго сяла. А яшчэ была добрай траўніцай, таму чаі ў сям’і былі толькі з траў.
Пяць літраў чаю штовечар
У 1970-я гады будучы муж Вольгі Аляксандраўны скончыў політэхнічную акадэмію і па размеркаванні трапіў на будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. У 1977 го дзе Вольга Аляксандраўна выйшла замуж. З тых часоў штогод маладая сям’я на адпачынак летам спачатку самі, а потым з дзецьмі ездзіла на Браншчыну.
Штовечар у садзе свёкра і свекрыві распальвалі самавар і накрывалі стол для чаявання. Сядзелі доўга, пакуль не пачынала цямнець, размаўлялі, дзяліліся ўспамінамі пра жыццё. Чаю хапала. Самавар жа разлічаны на пяць літраў вады.
Гэтая традыцыя штовечаровага чаявання здзіўляла і захапляла госцю з Беларусі:
– У іх чай па вечарах быў звычайнай працэдурай кожны дзень. А ў маёй роднай вёсцы на Вілейшчыне ніколі не пілі ні чай, ні каву. Толькі сырадой ды кіслае малако, якое называлі “кісляк”.
Масла да печыва везлі з Вілейкі
Да чаю свякроў часта пякла ў печы пірагі, булкі, пячэнне. А вось масла заўсёды прывозілі з Беларусі сын з нявесткай.
– У 1970-1980-я гады на Браншчыне добрага масла было не купіць, – прыгадвае Вольга Аляксандраўна. – А ў нас малочныя прадукты заўсёды былі якасныя. Таму везлі масла кілаграмы два.
Сёння, гледзячы на гэты самавар у хаце мужавых бацькоў, Вольга Коласава прыгадвае сяло Семячкі, незвычайна вялікае ў параўнанні з беларускімі вёскамі, прыгожы дом мужавых бацькоў, узгоркавую мясцовасць навокал.
Па словах Вольгі Аляксандраўны, самавары і сёння цэняцца сярод калекцыянераў. Асабліва каштоўнымі лічацца менавіта кранікі. Багатая калекцыя самавараў і ў вілейскім музеі: іх тут каля 30. Ладзілі нават адмысловыя выставы.
Як самавар пераехаў у Вілейку
У 1986 годзе бацькі мужа вырашылі пераехаць у Вілейку.
– Выбіралі паміж Беларуссю і Эстоніяй, дзе ў Таліне жыў іх другі сын, – кажа мая субяседніца. – Але Беларусь яны заўсёды вельмі любілі, таму вырашылі ехаць сюды.
Тут, на Стаханаўскай, набылі дом, перавезлі маёмасць, у тым ліку і самавар. Чаявалі з ім і ў Вілейцы аж да 2007 года. А калі свёкар памёр, самаварам карыстацца перасталі. Пакуль аднойчы дзевяцігадовы ўнук Вольгі Аляксандраўны Арцём не знайшоў яго і не распытаў бабулю пра тое, як дзейнічае гэты цікавы, невядомы дагэтуль хлопцу, посуд.
Бабуля паказала Арцёму, як і мне падчас нашай сустрэчы, куды трэба заліваць ваду, куды класці і як распальваць дробныя трэсачкі. Распавяла, што наверх на самавар ставілі чайнік з заваркай. Калі вада кіпела, маленькая накрыўка зверху пачынала бразгатаць. А каб наліць кіпень сабе ў кубак, трэба павярнуць кран.
Стары самавар захапіў дзевяцігадовага хлопчыка
Сталічнага хлопчыка тэхналогія захапіла. Цяпер кожнае лета на адпачынку ў бабулі сям’я не толькі смажыць традыцыйныя шашлыкі, але п’е чай, які гатуе Арцём у старым прадзядулевым самавары.
– Дзеці кажуць, што чай з самавара ні чым не адрозніваецца ад таго, што прыгатаваны ў звычайным электрычным чайніку, аднак мне ён падаецца куды смачнейшым, – дзеліцца Вольга Коласава.
Гэта, па яе словах, як параўноўваць страву, прыгатаваную ў печы, са стравай з газавай пліты. На думку Вольгі Аляксандраўны, тут вельмі важны сам працэс прыгатавання. Гэта вам не сучасны прыгожы, але без гісторыі, чайнік з падсветкай, дзе толькі кнопку дастаткова націснуць.
Матэрыял прадастаўлены «Рэгіянальнай газетай».
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More