
Гэтыя дакументы, прадстаўленыя сайтам WikiLeaks, дэманструюць, наколькі вынаходліва Аляксандр Лукашэнка гандлюе сваімі антырасійскімі настроямі, спрабуючы дамагчыся ад заходніх краін палітычнай падтрымкі і эканамічнай дапамогі.
Раскрытай атрымалася асабістая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных справаў Эстоніі Урмасам Паэтам у кастрычніку 2009 года. У справаздачы аб сустрэчы (гл. дакумент 1) гаворыцца:
«Запэўніўшы Паэта, што Эстонія ніколі не была яго ворагам, Лукашэнка правёў большую частку сваёй 90-хвіліннай сустрэчы, нападаючы на Расію са сцверджаннямі аб тым, што Мінск могуць прымусіць прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі гэтай зімой у абмен на танны газ ад Расіі, а таксама пра тое, што Расія справакавала вайну ў Грузіі».
Разам з тым Лукашэнка даў зразумець, што стараецца ўстрымлівацца ад публічных прагрузінскіх акцый. Так, ён атрымаў ад Міхаіла Саакашвілі запрашэнне наведаць Грузію, але «не зрабіў гэтага, бо не хацеў раздражняць Крэмль».
З гутаркі робіцца відавочным, што Лукашэнка адмовіўся прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, разлічваючы ў абмен атрымаць эканамічную дапамогу з боку ЕС: «Лукашэнка сцвярджаў, што аддае перавагу таму, каб Беларусь была незалежнай, і быў асабліва засмучаны, што ЕС не даў яму крэдыту на правядзенне рэформы або на яго непрызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі».
Гэта прымусіла Лукашэнку задумацца аб неабходнасці супрацоўніцтва з ЕС. Як характэрны прыклад Лукашэнка прывёў Украіну. Прэзідэнт Беларусі «сцвярджаў, што Украіна распачала шматлікія рэформы, каб „спадабацца“ ЕС і НАТО, але ў выніку цяпер Украіна не бліжэйшая да сяброўства ў гэтых арганізацыях, чым раней, і акрамя таго, знаходзіцца ў эканамічным і палітычным крызісе».
«Лукашэнка падтрымліваў антырасійскі тон на працягу сустрэчы, — адзначаецца далей у дакуменце Дзярждэпартамента ЗША, — Лукашэнка сказаў, што спадзяваўся, што Фінляндыя, Швецыя і Данія адмовяцца даць дазвол на будаўніцтва трубаправода Nordstream». Заменай гэтаму праекту Лукашэнка бачыў газаправод на тэрыторыі Беларусі Ямал II і сцвярджаў, што яго будаўніцтва абышлося б у 10 разоў танней, чым пракладка Nordstream па дне Балтыйскага мора.
У цэлым з дакументаў відаць, што Аляксандр Лукашэнка імкнецца весці актыўны дыялог прынамсі з суседнімі краінамі, арыентаванымі на Захад, — пра гэта сведчаць справаздачы пра візіты Лукашэнкі ў Кіеў і Вільню.
Спачатку ўспрыняўшы «аранжавую рэвалюцыю» ва Украіне як небяспеку для сябе асабіста, Лукашэнка ў нейкі момант наладзіў дыялог з Віктарам Юшчанкам, і ранейшая ўкраінская адміністрацыя карысталася гэтым: «Поўная стратэгічная мэта сустрэчы на найвышэйшым узроўні была ў тым, каб заахвоціць Лукашэнку развіваць шматвектарную замежную палітыку і адымаць яго ад грудзей Расіі.
Адзін аналітык таксама сказаў нам, што… абедзве краіны былі ахвярамі расійскіх „газавых войнаў“ і што Украіна мае шанец выйграць ад прыцягнення Беларусі ў неафіцыйную групоўку, якая складаецца з дзяржаў ГУАМ, Балтыі і Польшчы».
Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан у сваёй дэпешы для амбасады Беларусі (гл. дакумент 4) ужывае яшчэ адзін аргумент для пераарыентацыі замежнай палітыкі Беларусі:
«Беларускі ўрад павінен ведаць, што для Беларусі важней мець лепшыя адносіны з намі, чым для нас — мець лепшыя адносіны з Беларуссю. Залежнасць Беларусі ад зменлівага расійскага рынку азначае, што яе магчымасці эканамічнага росту ляжаць на Захадзе (паводле статыстыкі беларускага ўрада, ЕС — у цэлым ужо самы вялікі замежны рынак Беларусі)».
З ліставання Дзярждэпартамента ЗША робяцца зразумелыя і некаторыя прычыны апошніх расійска-беларускіх канфліктаў. Як вядома, у нейкі момант Лукашэнка пайшоў на адкрытую канфрантацыю з Уладзімірам Пуціным, зрабіўшы стаўку на адносіны з Дзмітрыем Мядзведзевым. Цытата са справаздачы пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню: «Ушацкас (міністр замежных справаў Літвы) пытаўся меркавання Лукашэнкі пра лідарства ў Расіі.
Лукашэнка сказаў, што думаў, што Мядзведзеў умацаваў свае пазіцыі і мае ўладу, не меншую, чым Пуцін». Такім чынам, Лукашэнка вырашыў згуляць на меркаваных супярэчнасцях паміж Пуціным і Мядзведзевым, але памыліўся — альбо пазіцыя Пуціна выявілася мацнейшай, альбо яны з Дзмітрыем Мядзведзевым мелі агульны погляд на адносіны з Беларуссю. Вынікам стаў і сур’ёзны канфлікт Лукашэнкі цяпер ужо з Дзмітрыем Мядзведзевым.
Лукашэнка выпраўленню не паддаецца
З дыпламатычнага ліставання вынікае, што, спрабуючы ісці на збліжэнне з заходнімі краінамі, Аляксандр Лукашэнка ў даволі жорсткай форме адкідае ўсе спробы дамагчыся істотнага змякчэння сваёй унутранай палітыкі. Хілары Клінтан адзначае:
«І кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, і міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў сказалі, што Беларусь хацела б палепшыць адносіны з Захадам і што ўрад будзе праводзіць рэформы ўнутранай палітыкі. [Але] усё, што мы пачулі, з’яўляецца няпэўнай рыторыкай без якіх-небудзь абавязальніцтваў».
Аляксандр Лукашэнка даволі прыніжальна гаворыць пра беларускую апазіцыю, хоць пры гэтым не ідэалізуе і сваё маральнае аблічча. Са справаздачы аб сустрэчы з Урмасам Паэтам: «Лукашэнка адказаў, што ён і некалькі сябраў апазіцыі калісьці былі саюзнікамі, якія «разам пілі гарэлку і распуснічалі».
Аднак гэтыя людзі зрабіліся яго апанентамі пасля таго, як ён адмовіўся павысіць іх. Лукашэнка сказаў Паэту, што апазіцыя ў Беларусі ніколі не аб’яднаецца і існуе толькі «за кошт заходніх грантаў». Акрамя таго, Лукашэнка сцвярджаў, што мог бы спыніць паток грошай на гранты ў любы час, але не бачыць у гэтым неабходнасці, таму што тыя, хто іх атрымлівае, «бяспечныя».
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў цікавае і прызнанне Аляксандра Лукашэнкі, што ён сам карэктуе іх вынікі. Праўда, не ў бок павелічэння, а ў бок змяншэння колькасці галасоў, пададзеных за яго кандыдатуру. У пераказе яго гутаркі з Урмасам Паэтам ёсць наступны факт:
«Лукашэнка таксама паўтарыў больш раннія сцверджанні, што на выбарах 2006 года ён фактычна атрымаў 93% галасоў, але паменшыў выніковую лічбу да 86%, каб зрабіць вынікі галасавання больш праўдападобнымі для Захаду».
З дэпешаў можна даведацца і некаторыя іншыя цікавыя дэталі. Напрыклад, Лукашэнка прапаноўваў Грыбаўскайце разам сустрэцца з прэзідэнтам Юшчанкам, каб падтрымаць таго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Аднак Грыбаўскайце адмовіла.
Лукашэнка прапаноўваў Грыбаўскайце далучыцца пад пабудовы Астравецкай АЭС, аднак яна адмовіла: «Не майце ілюзій. Стратэгічная задача Літвы — далучыцца да еўрапейскіх электрасетак».
Літоўскі дыпламат, які апісвае амерыканскаму калегу сустрэчу з Лукашэнкам, адзначае, што Лукашэнка валодаў усімі тэмамі, а ягоныя памочнікі ў часе сустрэч не вымавілі ні слова.
З дэпешы ж Клінтан у Мінск вынікае, што Амерыка цвёрда патрабуе ад Мінска прагрэсу ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, тады як лукашэнкаўцы хацелі б абмежавацца геапалітычнымі пераменамі.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More