Трактар з сенажом апынуўся ў канаве

Экстрэмальным аказаўся працоўны дзень у мінулую суботу для маладога трактарыста ААТ «Дубнякі» з вёскі М. Круговічы Дзмітрыя Гардзея. Разам з трактарам ён апынуўся ў глыбокай канаве.Здарэнне адбылося па дарозе ў накірунку ад Ганцавіч да вёскі Люсіна непадалёк ад рэчкі Выдранкі, каля паўтара кіламетры ад асфальтаванай дарогі. Трактарысты вазілі сенаж ад фермера ў сельгасгаспадарку – сваіх кармоў на зіму, відаць, не хапіла.

Фото: Пётр Гузаеўскі

Як расказаў хлопец, у трактары на хаду выстраліла задняе кола, і пад ціскам прычэпа, у якім было каля 17 тон сенажу, яго знесла ў глыбокую канаву.

«Усё адбылося імгненна: стрэл – і трактар рэзка рванула ўбок. Я спрабаваў выкручваць руль, але ўтрымаць яго было нельга, толькі і змог што выраўняць, каб трактар не паракуліўся», – расказаў Дзмітрый.

Пашчасціла, што трактарыст справіўся з кіраваннем і адносна ўдала «прызямліўся». Каб трактар лёг на бок ці перавярнуўся ў глыбокай канаве, то наступствы маглі быць плачэўнымі. А так ніводнай драпіны.

А вось трактару дасталася – кабіна змятая, павыляталі амаль усе шыбы, кола прыйшло ў нягоднасць.

Толькі на другія суткі работнікі ААТ «Дубнякі» сумеснымі намаганнямі і пры дапамозе трох магутных трактароў за некалькі гадзін змаглі выцягнуць трактар з прычэпам.

Спецыялісты ААТ «Дубнякі» кажуць, што гэта выпадковасць і добра, што ніхто не пацярпеў.

Трактарысты лічаць, што кола было моцна зношанае і яго трэба было даўно памяняць. Своечасова не памянялі і панеслі страты на паліве: тэхніка, што выцягвала гэты трактар, працавала два дні па некалькі гадзін і спаліла не адзін дзясятак літраў. І ўсё роўна кола, а яшчэ і дыск прыйдзецца купляць і зноў несці траты.

Канешне, калі грошай не хапае, а кошт кола такі, што трэба прадаць некалькі кароў, то і цягнуць да апошняга. Гэты выпадак, дзе пашкоджана толькі тэхніка – званочак і напамін іншым кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, што тэхніку трэба ўтрымліваць у належным стане і своечасова мяняць расходныя матэрыялы і дэталі. Пры такой «эканоміі» могуць быць не толькі грашовыя страты, а кіраўніцтва гаспадарак рызыкуе здароўем і жыццём людзей.

Из рубрики