Дом згарэў, а страхоўку атрымаць – праблема
Без жылля і нават без абутку застаўся пенсіянер Рыгор Дулік з вёскі Любашава пасля пажару, які здарыўся ў панядзелак 22 красавіка. Ад дома засталіся толькі абгарэлыя сцены і для пражывання ён зусім не прыдатны.
Дом згарэў, а страхоўку атрымаць – праблема / Фото: Пётр Гузаеўскі
Інфармацыя аб пажары паступіла пасля 18 гадзін. Праз некалькі хвілін журналіст “ГЧ” быў на месцы. Полымя шугала так, што маглі загарэцца два суседскія дамы. У людскім натоўпе, які сабраўся на пажары, некаторыя прысутныя абураліся, што адна пажарная машына вельмі хутка выліла воду і паехала запраўляцца, а іншыя яшчэ не падаспелі.
Як высветлілася пазней, машыны былі задзейнічаны на іншых пажарах. Супрацоўнік Ганцавіцкага РАНС прасіў людзей прынесці вёдры, каб паліваць суседнія хаты: на адной з іх ад высокай тэмпературы ўжо плавілася пластыкавая абшыўка каля страхі. Але большасць прысутных не зрушыліся з месца, глядзелі на палаючую хату, здымалі пажар на мабільнікі. Толькі некалькі чалавек пабеглі і пачалі вёдрамі насіць з калодзежа ваду і заліваць полымя.
Канешне, іх старанні былі малаэфектыўнымі, але, паліваючы сцены дамоў, яны выйгралі хоць некалькі хвілін да прыезду пажарных. На тушэнне пажару прыехалі чатыры пажарныя машыны: з Люсіна, Ганцавіч, Галынкі (Клецкі раён), Тальмінавіч (Ляхавіцкі раён). І хутка пажар быў ліквідаваны.
Рыгор Дулік босы, у шкарпэтках, хадзіў па дарозе, глядзеў, як дагарае хата, і прыгаворваў:
“Вось дзе мне зараз жыць? Босы застаўся, туфлі і вопратка згарэлі. У чым ёсць выскачыў з хаты, бо ў сярэдзіне яе ўсё гарэла”.
Ён сказаў, што ўзгаранне пайшло ад тэлевізара. Па словах вяскоўцаў, Рыгор з суседам у той самы дзень нешта адзначалі і выпівалі. Хата належала яго пляменніку Ігару Дуліку, які прытуліў дзядзьку, і была застрахавана. Але на другі дзень, калі ўласнік дома звярнуўся за афармленнем страхоўкі, узніклі праблемы.
Па словах Ігара Аляксандравіча, у страхавой кампаніі “Белдзяржстрах” адказалі, што страхавой выплаты не будзе, бо Любашаўскі сельвыканкам выдаў даведку, што дом нежылы.
“Як гэта нежылы!? – абурыўся Ігар Дулік. – Усе гады я спраўна плаціў падаткі на нерухомасць, на зямлю, страхоўку, і тут рэзка дом стаў нежылым?”
Канешне, з такім ходам справы Ігар Аляксандравіч мірыцца не стаў і ў сераду напісаў заяву ў Любашаўскі сельсавет, каб выдалі даведкі, колькі ён заплаціў падаткаў за зямлю і за жылы дом. Пасля таго, як ён звярнуўся асабіста, яму выдалі даведку, што дом «не заселены на пастаяннай аснове і выкарыстоўваўся для часовага пражывання».
Ігар Аляксандравіч таксама звярнуўся ў “Белдзяржстрах”, каб там пацвердзілі і выдалі копіі плацёжных дакументаў абавязковага страхавання. Дырэктар “Белдзяржстраху” Сяргей Віннік паабяцаў разабрацца.
Па словах І. Дуліка, у Любашаўскім сельсавеце ўзнік канфлікт. Калі ён прыйшоў з просьбай, каб выдалі даведку, якая адпавядае фактычным абставінам, работнік сельвыканкама выклікала міліцыю за тое, што яго сябра вёў відэазапіс. Калі вярстаўся нумар, участковы міліцыянер якраз разбіраўся з гэтай справай. Уладзімір Занька, сябра Ігара Дуліка, паведаміў пра гэта «ГЧ».
«Сельсавет – гэта грамадскае месца, а старшыня сельсавета – дэпутат, дзейнасць якога па законе галосная і адкрытая. І здзіўляе тое, што мясцовая ўлада хаваецца ад людзей і нечага баіцца», – сказаў Уладзімір.
Як і чым закончыцца справа, паведамім пазней.
Новости
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт
- 19:01 Минск обновляет маршруты и растёт пассажиропоток
- 18:44 Владельцам доменов в Беларуси предстоят новые сложности
- 18:35 Новая программа по Чернобылю стартует в 2026 году
Из рубрики
Как вести себя при звонке мошенников. Практические советы
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы из «КГБ», «СК», «милиции», «поликлиники», «отдела безопасности банка», уверенно и называют ваши данные. А через несколько минут могут подвести к тому, что ситуация очень серьезная и действовать нужно немедленно.