Выпілі – і пазбавіліся тэлефонаў

Гарэлка – не маслянка: добра па мазгах б’е. Адны пры гэтым становяцца занадта даверлівымі, часам, нават да незнаёмых людзей. Іншыя ж гэтую акалічнасць выкарыстоўваюць у сваіх брудных мэтах.

Выпілі – і пазбавіліся тэлефонаў
Выпілі – і пазбавіліся тэлефонаў

Штосьці падобнае адбылося на мінулым тыдні і з жыхарамі нашага раёна. Ганцаўчанін Аляксандр К. 16 кастрычніка распіваў спіртныя напіткі са сваім знаёмым. І ўсё б нічога, калі б пасля гэтага сумеснага дзеяння Аляксандр не пазбавіўся тэлефонаў – адразу трох! Ужо ў абедзенны час ён паведаміў аб гэтым у міліцыю.

Менавіта ў райаддзел на наступны дзень звярнуўся па дапамогу і жыхар в. Люсіна Аляксандр Р. Ён таксама страціў мабільны тэлефон – маркі “Самсунг”. Па словах Аляксандра, яго забралі грамадзяне, з якімі разам ён выпіваў і якіх ведае толькі візуальна…

Канечне, пазбавіцца тэлефонаў – гэта, як кажуць, кветачкі ў параўнанні з тым, што выпівакі, якія прыкладваюцца да “беленькай” часта, увогуле пазбаўляюцца розуму і чалавечага аблічча. Таму гэтыя выпадкі няхай паслужаць навукай. Што ж датычыцца тэлефонаў, дык міліцыя праводзіць праверку па фактах. Таму ёсць надзея, што да гаспадароў яны вернуцца.

Из рубрики