Белорусы за границей

Вольга Севярынец: «Беларускае грамадства заўсёды было салідарным»

У інтэрв’ю «Першаму Рэгіёну» яна расказала пра жыццё ў дзвюх рэальнасцях, страх не дачакацца мужа, веру, беларускую салідарнасць і пра тое, чаму нават у эміграцыі нельга адмаўляцца ад сваёй мовы.

Калі азірнуцца назад, якой вы бачыце сябе да 2020 года і якой сталі пасля ўсіх выпрабаванняў? Што было самым цяжкім у доўгім чаканні вызвалення Паўла?

– Магчыма, раней я была больш далікатнай, больш хвалявалася па дробязях. 2020 год развіў ува мне упэўненасць і настойлівасць, я навучылася бараніць сваё і сваіх. Я разумею, хто я, ганаруся сваім жыццёвым выбарам, сваёй сям’ёй і сваёй краінай.

Таксама я зразумела, што жыццё, якім бы яно ні было, адбываецца тут і цяпер — іншага часу не будзе. Трэба шанаваць кожны момант і быць удзячнай за тое, што маеш. Сёння я разумею, што магу прайсці праз многае.

А ў чаканні Паўла цяжкай была бездапаможнасць, калі бачыш, як пакутуе дарагі табе чалавек, і нічым не можаш яму дапамагчы. Вельмі цяжка было бачыць, як сын расце без таты, адказваць на складаныя дзіцячыя пытанні, ад якіх сэрца рвецца.

Адным з найскладанейшых момантаў стала смерць мастака Алеся Пушкіна ў турме. Як бы я ні старалася не думаць пра гэта, усё адно прымярала гэтае здарэнне на сябе. Было вельмі балюча. Я зразумела, што, калі не прыму дзесьці ў глыбіні душы, што Павел можа не вярнуцца, я проста не змагу далей жыць, выконваць штодзённыя абавязкі, гадаваць дзіця.

І ўвогуле ўвесь час чакання ты жывеш нібы ў дзвюх рэальнасцях: ты тут, а твае думкі дзесьці там, пад сценамі турмы. Дні ідуць, гады ідуць, а тваё ўласнае жыццё як быццам замірае. Сястра Паўла пасля яго вызвалення трапна сказала, што нарэшце для нашай сям’і скончыўся 2020 год і адразу пачаўся 2026-ы.

Сям’я ўз’ядналася, але ўжо не ў Беларусі

Пасля вызвалення Паўла і яго дэпартацыі вы таксама пакінулі Беларусь. Ці адчулі вы падтрымку і салідарнасць іншых беларусаў, калі прыехалі ў Вільню?

– Мне падаецца, беларуская салідарнасць – гэта частка нашай нацыянальнай ідэі, нашага коду. Беларусы на працягу ўсіх гэтых гадоў падтрымлівалі нашу сям’ю – і пакуль Павел быў у турме, і пасля вымушанай эміграцыі. У Вільні ў нас шмат сяброў. Яны атулілі нас клопатам і падтрымкай, першы час усё падказвалі і літаральна вадзілі за руку.

Вольга, Францішак і Павел Севярынцы. Фота «Радыё Свабода»

Была таксама падтрымка ад людзей, якіх мы не ведаем асабіста. Да гэтага часу мы атрымліваем паведамленні ад беларусаў са словамі ўдзячнасці. Маштаб беларускай салідарнасці мы зноў змаглі адчуць, калі збор на аднаўленне грамадскай дзейнасці Паўла сабралі за адну ноч. Увечары збор аб’явілі, а раніцай мы прачнуліся – ён ужо быў цалкам закрыты. Павел нават не паспеў расказаць пра яго ў сваіх сацыяльных сетках.

Была салідарнасць беларусаў унутры краіны і перад маім ад’ездам. Рэчы з нашай крамы раскупілі ледзь не за адзін дзень, калі мы абвясцілі, што зачыняемся. Было шмат слоў падтрымкі, шмат абдымкаў, шмат супольнай радасці.

Думаю, я на ўсё жыццё запомню гэты час як вельмі светлы і шчымлівы, бо ў ім было столькі любові і адначасова столькі болю і ўдзячнасці. Болю, бо трэба пакідаць Беларусь і родных. Удзячнасці – цудоўным і трывалым беларусам, якія, нягледзячы на ўвесь жах, што каторы год адбываецца ў нашай краіне, працягваюць свяціць і імкнуцца дапамагаць адно аднаму.

Звароты не адчыняюць турмы, але разбураюць сцяну маўчання

Як пісалі СМІ, вы былі адным з важных галасоў беларускіх жанчын, якія патрабавалі вызвалення палітвязняў. Звярталіся нават да Папы Рымскага з просьбай аб малітве. Ліст пачынаўся словамі «Ад мамы Францішка Севярынца Папу Францішку». Якой была рэакцыя Ватыкана? І ці дапамагаюць такія звароты?

– Афіцыйнага адказу на ліст не было – дыпламатыя Ватыкана ў цэлым вельмі асцярожная. Але я сустракалася з апостальскімі нунцыямі ў Беларусі Антэ Ёзічам і Клаўдыё Гуджэроці і заўсёды атрымлівала ад іх асабістую падтрымку і павагу. Яны казалі, што амаль нічога не могуць зрабіць, як бы ні хацелі дапамагчы.

Вольга Севярынец звярталася да папы рымскага Францыска

На маю думку, такія звароты дапамагаюць. Магчыма, яны не адчыняюць дзверы турмаў адразу, але прабіваюць сцяну маўчання. Калі ты стукаеш ва ўсе дзверы, то не дазваляеш свету забыцца на Беларусь, на тое, як нам балюча.

Гэта трымае тэму палітвязняў у фокусе і дае нам самім сілы трымацца, ведаючы, што мы зрабілі ўсё магчымае для сваіх блізкіх.

Малітва як спосаб не страціць надзею

Больш за дзесяць гадоў таму вы былі арганізатаркай Няспыннай малітвы за Беларусь. У 2020 годзе, падчас нарастання рэпрэсій, вы звярталіся да святароў з заклікам да агульнанацыянальнай малітвы. Ці падтрымлівалі яны вашу сям’ю, пакуль Павел быў у зняволенні?

– Падтрымка з боку святароў і вернікаў, канечне, была. Ведаю, што ў некаторых цэрквах на працягу ўсіх гэтых шасці гадоў амаль штодзённа маліліся за Паўла і нашу сям’ю.

Бывала і такое: прыходжу ў касцёл, а святар абвяшчае, што сённяшняя імша ахвяруецца за Паўла, Вольгу і Францішка. Гэта значыць, хтосьці папрасіў маліцца за нас.

Але такой рэакцыі, якой мы чакалі, калі ўсе цэрквы яднаюцца ў супольнай малітве за Радзіму, не было. Але я ўпэўненая, што ўсе людзі добрай волі маліліся і працягваюць маліцца за Беларусь.

Вольга Севярынец была арганізатарам Няспыннай малітвы за Беларусь

У 2020 годзе адбыўся малітоўны ланцуг Курапаты — Акрэсціна, які арганізоўваў Зміцер Дашкевіч. У ім бралі ўдзел святары, пастары і вернікі. Зварот да ўладаў ад вернікаў быў самым масавым сярод тых, якія тады ўзнікалі.

Людзі дагэтуль моляцца супольнасцямі за краіну. Працягваецца і наша Няспынная малітва, якой ужо больш за дзесяць гадоў. Мне падаецца, маліцца за Бацькаўшчыну надзвычай важна.

Я заклікаю ўсіх вернікаў з новай сілай узняць малітву да Бога за Радзіму, за людзей, якія пакутуюць у турмах, за тых, хто ў выгнанні, за перамены ў Беларусі і за новую праведную ўладу для Беларусі.

Падтрымка святароў і вернікаў была важная тым, што натхняла захоўваць веру і давала сілы. Калі праходзіш праз цяжкія часы, вельмі важна адчуваць падтрымку і падбадзёрванне, разумець, што ты ўсё робіш правільна і што годныя людзі побач з табой.

«Жанчыны могуць рухаць Беларусь»

– Якую ролю жанчын бачыце вы не толькі ў сямейным, але і ў грамадскім і палітычным жыцці? Якія жаночыя прыклады вас натхняюць?

– Я бачу ролю жанчын у грамадскім і палітычным жыцці як самую актыўную. Жанчыны Беларусі ўжо даўно паказалі, на што яны здольныя.

Захапляюся беларускімі жанчынамі, якія, нягледзячы на агульную апатыю і сваркі, працягваюць манатонна і настойліва рабіць сваю працу, дзень пры дні цягнуць справы і праекты, не ўдзельнічаючы ў сварках.

Мне падаецца, што жанчыны ўвогуле больш дзейсныя па сваёй прыродзе. Нам лягчэй даецца шматзадачнасць, жанчыны лепш умеюць дамаўляцца, часцей кіруюцца сэрцам пры прыняцці рашэнняў, у цэнтр сваёй дзейнасці ставяць чалавечнасць.

Я мару бачыць жанчын і на кіруючых пасадах у Беларусі. Беларускія дзяўчаты — гэта прыгажосць і сіла. Мы столькі прайшлі за апошнія гады, столькі новага зразумелі пра сябе, загартаваліся.

Захапляюся тымі, хто, застаючыся ў Беларусі, захоўвае ў сэрцы агонь, дапамагае іншым і падтрымлівае. Захапляюся жанчынамі са сваёй сям’і.

Крама, якая дапамагала жыць і не згаснуць

Раней вы мелі інтэрнэт-краму «Кропля.бай», дзе можна было набыць вышыванкі і іншыя рэчы з хрысціянскай і беларускай сімволікай. Цяпер яна зачынена. Наколькі важнай яна была для вас, і ці магчыма “Кроплю” адразіць?

– «Кропля.бай» была надзвычай важнай часткай майго жыцця. Праца забірала шмат сіл, але з яе ж я і чэрпала сілы. Часам гэта была адзіная мэта, якая прымушала рухацца наперад. Праз «Кроплю» я пазнаёмілася з многімі цудоўнымі беларусамі. Я сама адчувала праз краму падтрымку і, думаю, падтрымлівала многіх.

Дзякуючы Вользе Севярынец выйшла Беларуская хрысціянская азбука

Я шмат разоў думала зачыніць краму, але разумела: калі мне даюць працаваць, я мушу працягваць. Калі зачынюся, на адзін беларускамоўны праект стане менш.

Таму я цягнула краму ўсімі сіламі, а крама цягнула мяне, даючы натхненне ад працы і ад сэнсу, якім напаўняецца жыццё, калі ты робіш нешта важнае для іншых.

Раней у Беларусі і цяпер у эміграцыі людзі расказваюць мне гісторыі пра тое, як рэчы з крамы паўплывалі на іх, як падтрымалі ў цяжкую хвіліну. Шмат кранальных гісторый звязана з нашымі паштоўкамі, якія дасылалі за краты.

Сёлета нас не было ў Будславе на фэсце, і людзі пісалі, што ім вельмі не хапала «Кроплі». Я рада, што ўвесь час, пакуль мы былі ў Беларусі, працягвалі свяціць праз «Кроплю».

Беларускасць у эміграцыі пачынаецца з сям’і і мовы

Як, на ваш погляд, змянілася беларускае грамадства за апошнія пяць гадоў?

– Беларускае грамадства заўсёды было салідарным і крутым. Пасля 2020 года гэта ўбачылі і самі беларусы, і ўвесь свет. Цяпер галоўнае, каб беларусы не забываліся пра гэта.

У Бібліі ёсць такія словы: «Ад мноства беззаконня ахаладзее любоў». Нам трэба ўсімі сіламі берагчы любоў адно да аднаго, а не траціць час на сваркі і апатыю.

«Навошта на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор». Працы шмат, працаўнікоў мала. Таму бяром сябе ў рукі, узгадваем, хто мы ёсць, і — наперад.

Што дапамагае беларусам не страціць сваю ідэнтычнасць у эміграцыі?

– Любоў да Беларусі. Тыя, хто сапраўды любіць Беларусь, дзе б яны ні былі, назаўсёды застануцца беларусамі, вернымі сваім караням. І колькі б часу ні прайшло ў эміграцыі, яны будуць сумаваць па родных мясцінах і імкнуцца вярнуцца дадому.

Дапамагаюць таксама супольныя справы ў эміграцыі, беларускія святы, сустрэчы, новыя праекты. Мне падаецца, быць беларусам у эміграцыі нават прасцей. Тут у нас больш свабоды, больш магчымасцяў праявіць сябе і сваю ідэнтычнасць. Мы можам не баяцца выказвацца і ствараць беларускае.

І нам трэба зрабіць захаванне сваёй ідэнтычнасці сваёй мэтай. Найперш гэтая праца пачынаецца з сям’і і мовы.

Шчыра не разумею сем’і, якія і тут, у эміграцыі, працягваюць гадаваць дзяцей па-руску. Мова – гэта код нашай ідэнтычнасці. Калі мы не перадамо яе сваім дзецям, то страцім саміх сябе і Беларусь.

Ідэальнага балансу не існуе

Як знаходзіць баланс паміж сям’ёй, служэннем іншым і ўласнымі патрэбамі? Як гэта ўдаецца вам?

– Думаю, ідэальнага балансу не існуе. Жыццё вельмі дынамічнае, і ў розныя перыяды ўвага ссоўваецца туды, дзе яна найбольш патрэбная: часам гэта сям’я, часам — важнае служэнне ці праект, часам — адпачынак.

Я стараюся прыслухоўвацца да сябе і сачыць, каб у справах і розных сферах жыцця не было перакосу ў адзін бок. Калі справы захлынаюць, расстаўляю прыярытэты і адкладаю ўсё другаснае.

Стараюся мець адкрытае сэрца і любоў да сваіх блізкіх і сяброў. Стасункі важнейшыя за справы.

Бываюць дні, калі балансу няма, і гэта нармальна. Галоўнае — не жыць у такім стане працяглы час, звярацца са сваімі мэтамі і няхай павольна, але рухацца наперад. Дні могуць быць рознымі, але яны не мусяць быць нулявымі.

«Пакуль я працую менеджаркайу Паўла Севярынца»

Чым вы цяпер займаецеся і што плануеце рабіць далей? Што вас натхняе?

– Пакуль большую частку часу я прысвячаю сям’і і справам, звязаным з уладкаваннем на новым месцы. Імкнуся дапамагаць Паўлу. Жартую, што пакуль працую менеджаркай у Паўла Севярынца. Такі мой унёсак у грамадска-палітычную дзейнасць на гэты момант.

Я дакладна буду працягваць займацца Няспыннай малітвай за Беларусь, падтрымліваць Паўла, дапамагаць беларусам, чым змагу. А далей час пакажа.

Не хачу адразу ўскладаць на сябе занадта шмат, бо, скажу шчыра, першы час у эміграцыі даецца мне няпроста. Я вельмі сумую па Беларусі.

Але ў маім сэрцы ёсць вялікае жаданне служыць Беларусі і беларусам. Я адкрытая да прапаноў, мне цікава, куды завядзе мяне мой шлях.

Вольга Севярынец прымае ўдзел у мерапрыемствах беларусаз замежжа

Што б вы хацелі сказаць тым, хто сёння праходзіць праз такія ж цяжкія выпрабаванні, праз якія давялося прайсці вам?

– І цяпер, і пакуль Павел быў у турме, я была на сувязі з некаторымі жанчынамі, якія чакаюць сваіх мужоў з-за кратаў. Калі са сваімі цяжкасцямі я навучылася спраўляцца, то ад размоў і слёз беларусак, якія мучацца і пакутуюць, душа рвецца на кавалачкі.

Мяне ў свой час падтрымала ўсведамленне, што я не змагу ўзяць на сябе крыж мужа. Кожны з нас нясе свой крыж. Я не вытрымаю, калі буду пераносіць яго цярпенні на сябе.

Вы нясеце свой крыж, і часам ён яшчэ цяжэйшы. А дапамагаць мужу трэба ўсімі сіламі. Менавіта дзеля гэтага трэба навучыцца клапаціцца пра сябе і пра свой стан.

Я абдымаю кожную жанчыну, якой цяпер цяжка. Я гатовая выслухаць, падказаць і дапамагчы. Хачу сказаць: дарагая дзяўчынка, ты з усім справішся. Усё кепскае скончыцца, усё будзе добра. Захоўвай сябе, захоўвай і абараняй сваю сям’ю.

Абавязкова будзе час, калі ты зноў зможаш стаць слабой. А цяпер трэба быць моцнай. І памятай: Бог не дае выпрабаванняў звыш сіл.

Калі чалавек прачытае гэтае інтэрв’ю праз дзесяць гадоў, што б вы хацелі, каб ён найперш зразумеў пра гэты час і пра беларусаў?

– Што гэты час быў вельмі няпросты, балючы і несправядлівы. Але ён паказаў нам самім і ўсяму свету, якія беларусы моцныя, прыгожыя і шчырыя людзі.

Гэты час загартаваў нас і падсвяціў цудоўных людзей. Беларусы на многае здольныя. Хачу, каб мы пра гэта не забывалі і верылі ў сябе.

Памятайце і шануйце тых, хто аддаў жыццё за свабоду Беларусі. І што б ні было праз дзесяць гадоў – ні вайна, ні камунізм, ні лукашызм не знішчаць Беларусі, нашай мовы і культуры. Жыў беларус і будзе жыць!

Чытайце таксама: Марина Зелёная: чемпионка помогает беларусам в Грузии

Анна Кромвич

Recent Posts

Што здзіўляе беларусаў пасля пераезду ў Польшчу

Сяргей ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы і часам забываецца, што ён у іншай краіне:…

2 дня ago

Як атрымаць медыцынскую дапамогу, адукацыю і жыллё ў Польшчы

Легальнае знаходжанне ў краіне з’яўляецца толькі першым крокам на шляху да новага жыцця ў Польшчы.…

3 дня ago

Беларуская мова ў эміграцыі. Парадокс, якога ніхто не чакаў

Большасць беларусаў у Польшчы штодня размаўляе па-руску, але пасля эміграцыі многія пачынаюць інакш глядзець на…

4 дня ago

Ці можа Польшча абысціся без імігрантаў? Якія галіны эканомікі падтрымліваюць беларусы

Грамадзяне Беларусі з’яўляюцца другой па колькасці групай замежнікаў, якія маюць сапраўдныя дазволы на знаходжанне ў…

5 дней ago

Марина Зелёная: чемпионка помогает беларусам в Грузии

После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…

2 недели ago

Выйсці з турмы яшчэ не значыць быць памілаваным

32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…

4 недели ago