“Парасткі цуду жывуць у душы кожнага…”

Прэзентацыя адразу трох зборнікаў вершаў – “Неба прамаўляе”, «Час малітвы» і “Насуперак” – ураджэнца вескі Чудзін Яўгена Сергіені прайшла ў мінулую пятніцу ў РЦДЮТ. Аўтар увайшоў у літаратуру позна, але імкліва.

Паэт-зямляк Яўген Сергіеня і вядучая прэзентацыі Галіна Пупач
Паэт-зямляк Яўген Сергіеня і вядучая прэзентацыі Галіна Пупач / Фото: Виталий Герасименя

Аб нашым земляку, які воляй лёсу быў закінуты на Гомельшчыну, пакуль ведаюць нямногія. На гэтай сустрэчы пазнаёміцца з ім і яго кнігамі атрымалі магчымасць бібліятэкары раёна, філолагі школ раёна, работнікі і выхаванцы РЦДЮТ.

Яўген Аляксандравіч увайшоў у літаратуру позна, усяго некалькі гадоў таму, але імкліва. Менавіта гэта адзначыў рэдактар усіх трох зборнікаў Яўгена Сергіені, яго зямляк і вядомы паэт Алесь Каско.

“У 45 гадоў я ўбачыў сон, з якога зразумеў: я павінен пісаць. Свае тры вершы адважыўся адправіць Алесю Каско і з трымценнем чакаў адказу”, – расказваў Яўген Аляксандравіч. Адказ прыйшоў: славуты зямляк жорстка, але праўдзіва сказаў, што толькі адзін верш дастойны публікацыі. Але і гэта падтрымала Яўгена. І хаця першыя вершы, па словах Алеся Каско, былі слабыя, сёння паэзія паэта радуе сваёй адпрацаванасцю, багатай напоўненасцю па сэнсе.

“Я не першы раз адкрываю імёны паэтаў, – распавёў Алесь Каско. – Іншыя мяне расчароўваюць: пачынаюць лічыць, што яны – геніі, і перастаюць працаваць над сабой і словам. Але Яўген, наадварот, пераўзышоў мае чаканні, ён удасканальвае сваё майстэрства і пашырае жанры. І таму я з лёгкай душой першым даў яму рэкамендацыю ў Саюз беларускіх пісьменнікаў – цяпер Яўген ужо прафесійны пісьменнік”.

Выступалі на сустрэчы і іншыя госці. Дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы Ала Хваль запэўніла паэта, што ён заўсёды – не госць, а свой на Ганцаўшчыне, хаця цяпер і жыве на чужыне. Ганцаўчанін Аляксандр Свірыд расказаў аб сваім завочным знаёмстве з Яўгенам Сергіенем і пералічыў вершы, якія яго асабліва кранулі.

Сябар паэта, пісьменнік Пятро Гайдзіч, які прыехаў з ім разам на прэзентацыю, распавёў пра духоўную блізкасць паэзіі Яўгена Сергіені і Алеся Каско.

Аб уражанні ад кніг і сустрэчы з Яўгенам Аляксандравічам расказала аўтар гэтых радкоў, зачытала свае новыя вершы. На суд сталых пісьменнікаў вынеслі свае творы і ўдзельнікі ўзорнага аб’яднання “Верасок” РЦДЮТ – Яўгенія Пракапчук, Паліна Купрэвіч, Аляксандра Валасюк.

Аздаблялі праграму песні. Іх выконвалі дочкі Яўгена Сергіені – Лілія і Ганна. Песню на словы Віктара Гардзея, музыку Ліліі Вадзюцінай выканала сама кампазітар і музыкант разам з калегай, спявачкай Святланай Муха. Пасля яны ж праспявалі і новую песню, напісаную спецыяльна да гэтай сустрэчы, – на словы яе “віноўніка”. Лілія Міхайлаўна напісала музыку і на словы сваёй выхаванкі – Яны Грыбоўскай, і дзяўчынка праспявала песню для прысутных.

Вядучая сустрэчы, кіраўнік “Вераска” Галіна Пупач, умела накіроўвала размову ў час прэзентацыі, пры гэтым пастаралася зрабіць яе па-дамашняму ўтульнай, шчырай. Галіна Мікалаеўна адзначыла, што ў зборніках ёсць адзін недахоп: у іх няма інфармацыі аб аўтары, крытычнага артыкула на творы. “Аўтар занадта сціплы. Таму звяртаюся да вас, Алесь Канстанцінавіч, як да рэдактара: выпраўце гэта ў наступных зборніках Яўгена Сергіені”, – прапанавала яна.

Гаварыў на сустрэчы і сам Яўген Аляксандравіч: пра адносіны да Бога (ён з’яўляецца цяпер магістрам багаслоўя, выкладчыкам тэалогіі, біскупам Царквы веры Евангельскай Гомельскай вобласці), пра свае ўспаміны аб мясцінах за роднымі чудзінскімі ваколіцамі, пра першых крытыкаў яго самых першых вершаў, якія спрабаваў пісаць у юнацтве, – бацьку і маці, і пра жонку ды дачок, якія, можа, і не ўсё ў яго творчасці разумеюць, але натхняюць і падтрымліваюць яго.

“Парасткі цуду жывуць у душы кожнага”, – упэўнены Яўген Аляксандравіч, аб гэтым гаворыць ён і ў сваім апошнім зборніку “Насуперак”. Галоўнае, не затаптаць гэты цуд, не прывучыць сябе “да лагічнай рэальнасці”. І паэт не толькі заклікае да гэтага іншых, але і ва ўласнай душы шукае і знаходзіць праявы гэтага цуду. Знаходзіць – і праз свае вершы дорыць сваім чытачам.

Из рубрики