Аляксандр Лукашэнка на парадзе ў Мінску вітаў хатыніцкіх артыстаў

Стомленыя, але вельмі шчаслівыя і поўныя яркіх ўражанняў, эмоцый і творчага натхнення, вярнуліся хатынавіцкія жанчыны з урачыстага парада, прысвечанага Дню Незалежнасці. Па словах адной з удзельніц  калектыва “Хатовічы”, Аляксандр Лукашэнка, убачыўшы каларытных вясковых жанчын,  адзначыў жэстам рукі  – «клас!».

3-га ліпеня фальклорны калектыў “Хатовічы” прымаў удзел ва ўрачыстым шэсці, якое адбылося на галоўнай плошчы ў Мінску. Па словах адной з удзельніц, яны нават не думалі, што трапяць з палескай глыбінкі на галоўнае дзяржаўнае свята. Першая і апошняя рэпетыцыя для ўдзелу ў шэсці з ганцавіцкімі жанчынамі адбылася 2 ліпеня. Вярнуліся артысты з рэпетыцыі позна ноччу, а на другі дзень зноў адправіліся ў дарогу, каб удзельнічаць ва ўрачыстым шэсці.

Доўгія гадзіны чакання свайго шэсця зусім не засмучалі жанчын: яны пачалі спяваць. Шматлікая сталічная публіка адразу ж адрэагавала на вясковых жанчын. “Глядзіце, гэта ж буранаўскія бабулькі!” – чулася з натоўпу. На што нашы з задорам адказалі: “Мы не буранаўскія і нават не баранаўскія, а хатынаўскія!”

“Мы загадзя выгледзелі, дзе стаіць Прэзідэнт. Нам вельмі хацелася паглядзець, як ён адрэагуе на наша з’яўленне. Ідзём, назіраем. Спачатку ён стаяў проста апусціўшы рукі, але калі мы трапілі ў поле яго зроку, ён пачаў злёгку ўсміхацца, а як толькі параўняліся з ім, ён падняў руку і жэстам рукі (вялікім пальцам) паказаў “клас!” – падзялілася ўражаннямі Ніна Кавальчук.

Прэзідэнт быў не адзіны, каму так спадабаліся нашы палескія артысткі. Па словах удзельніцы, яны карысталіся сярод мінчан такой папулярнасцю, што нават калі мерапрыемства завяршылася і яны накіраваліся да аўтобуса, ім не давалі праходу, прасілі то паспяваць, то сфатаграфавацца з імі.

Ніна Уладзіміраўна расказала, што іх калектыву нават прапанавалі пабываць у Амерыцы. Па словах жанчыны, надаелі замежнікам сур’ёзныя дэлегацыі, яны хочуць паглядзець на беларускую этнаграфію, пагэтаму і папрасілі прывезці народны калектыў з глыбокімі самабытнымі каранямі.

“Нам вельмі прыемна, што спыніліся менавіта на нас. Але ж калі мы далі згоду, і ў нас узялі пашпарты, адзначылі ўсіх, мы ўспомнілі, што баімся лятаць на самалёце. Што будзе, трапім мы ў Амерыку ці не – не ведаю”, – расказала жанчына.

Ці адважацца нашы артысты ляцець аж 12 гадзін да Амерыкі, пакуль невядома, а вось на экраны тэлевізараў яны зноў трапілі. Тэлекамеры добра зафіксавалі той момант, калі Прэзідэнт махаў рукой нашым артысткам.

Злева направа: 1 рад: Н. Кавальчук, Л. Наумік, І. Сплендзер (кіраўнік), Н. Наумік, Г. Літвіновіч, Н. Ярашэвіч, К. Ярашэвіч, Г. Крупеніч. 2 рад: В. Мінько, В. Ваўчок, К. Ярашэвіч, В. Мінько, С. Ярашэвіч, Н. Валуевіч, Г. Шамрыла

“Я ўсё думала, ці зафіксавала гэта тэлекамера, ці пакажуць рэакцыю Прэзідэнта? Прыехаўшы дахаты, прагледзела – ёсць! Нават сын, будучы ў Пінску, бачыў мяне”, – падзялілася ўражаннямі Ніна Кавальчук.

“Мяне ўразіла тое, што я не чуў ад іх ніводнай скаргі. Калі патрэбна было б прастаяць у чаканні ўсю ноч, яны стаялі б, нягледзячы на тое, што жанчыны ўжо немаладыя (старэйшай з іх ужо 74 гады). Такія запрашэнні выпадаюць у жыцці не часта. З усіх калектываў нашы жанчыны былі самыя каларытныя”, – адзначыў метадыст Ганцавіцкага раённага метадычнага цэнтра Мікалай Ленкавец.

“Глядзець парад лежачы на канапе і быць самому ў гушчыні падзеі – гэта несупастаўляльныя рэчы. Мы нават стомленасці не адчувалі, хацелася спяваць і танцаваць. Такой колькасці народу я не бачыла, і ўсе былі такія шчаслівыя, што не выказаць. Мы былі і на рэспубліканскіх дажынках у Століне, але там было зусім не тое”, – сказала Ніна Уладзіміраўна.

Из рубрики