Польскі сырны прадукт – па кошце сыру

Што мы ўжываем у ежу: натуральныя прадукты ці іх сурагаты? Адзін з такіх сурагатаў – сырны прадукт “Javor” польскай вытворчасці, неапраўдана дарагі і не лепшага смаку, з вялікім тэрмінам прыгоднасці – з некаторага часу з’явіўся на прылаўках ганцавіцкіх магазінаў...

В Березе будет столько сыра, что постсоветскому пространству и не снилось
В Березе будет столько сыра, что постсоветскому пространству и не снилось / Фото: Светлана Локтыш (из архива)

Купіла сыр “Javor” у магазіне “Брэстбакалея”. Выбару асаблівага не было, таму з двух прапанаваных варыянтаў выбрала крыху таннейшы. Тым больш, выглядаў прадукт прыстойна. Дома пакаштавалі – нясмачны, яшчэ і прысмак мае непрыемны.

Інфармацыю аб польскім сырным прадукце “Javor” журналіст знашла ў магазіне «Кулінарыя». Акрамя яго, на паліцах магазіна ніякіх іншых цвёрдых ці паўцвёрдых сыроў не было.

Раніцай наступнага дня ў надзеі купіць смачнейшага сыру адправілася ў іншы магазін – “Кулінарыю” райспажыўтаварыства, што знаходзіцца ў мікрараёне. Але там выбару ўвогуле не было: на паліцы ляжалі кавалкі толькі такога ж сыру. Урэшце, папікнула сябе за няўважлівасць: аказалася, купіла я не сыр, а сырны прадукт, і не роднай беларускай вытворчасці – а польскай.

Такая акалічнасць зацікавіла: па тым, што мы чуем са СМІ, ствараецца ўражанне, што ў Беларусі малака хапае. Дзе ж нашы, беларускія сыры? Чаму мы купляем у суседкі-Польшчы нясмачны, пры гэтым даволі нятанны сурагат? У магазіне Брэстбакалеі кошт гэтага сырнага прадукта 40%-й тлустасці складае 91450 рублёў, у “Кулінарыі” – 88500 рублёў. “Нас запэўнілі, што прадукт смачны, таму мы і ўзялі”, – сказала загадчыца магазіна Брэстбакалеі Людміла Курловіч.

Пэўна, нейкую ролю адыграла яшчэ адна ўяўная перавага такога тавару: захоўваецца ён значна даўжэй, чым сыр з «жывымі» кісламалочнымі прадуктамі.

Між тым, у сырных прадуктах малочны бялок замяняецца раслінным – каб зрабіць тавар больш танным. І нездарма, пэўна, прадукт сырны “Костромской” (дарэчы, 45%-й тлустасці) вытворчасці другой нашай суседкі, Расіі, прадаецца ў магазіне “Родны кут” па больш дэмакратычнай цане – 36150 рублёў.

Начальнік аддзела арганізацыі гандлю Ганцавіцкага райспажыўтаварыства Валянціна Стасюк наконт сырнага прадукту польскай вытворчасці заявіла, што “яго дала Бяроза». «Бярозаўскі сыраварны камбінат вырабляе і прасцейшыя сыры, але – мала”, – сказала Валянціна Сцяпанаўна.

Калі сказаць, што словы спецыяліста райспажыўтаварыства здзівілі намесніка дырэктара па камерцыйнай дзейнасці ААТ “Бярозаўскі сыраварны камбінат “Бярозка” Алену Шакаліду, – дык гэта значыць, нічога не сказаць. “Гэта паклёп! Сырныя прадукты вырабляюць толькі некалькі заводаў у Беларусі. Мы такой прадукцыі не вырабляем, выпускаем толькі паўцвёрдыя натуральныя сыры. І нічым іншым, акрамя ўласнай прадукцыі, не гандлюем. Мы – вытворцы, а не гандлёвая арганізацыя, таму не маем права рэалізоўваць чужую прадукцыю”, – сказала Алена Уладзіміраўна.

Журналіст знайшла-такі, хто пастаўляе сырны прадукт, выраблены ў г.Высокіе Мазавецкіе Падляскага ваяводства (Польшча). Афіцыйным дыстрыб’ютарам з’яўляецца сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю (СТАА) “Славфуд”. Па словах работнікаў «Кулінарыі», цана прадукту пры паступленні ў магазін – 66511 рублёў за кілаграм. З гандлёвай надбаўкай і надбаўкай на дабаўленую вартасць кошт вырастае да 88500 рублёў.

Дырэктар аддзела маркетынгу СТАА “Славфуд” Ганна Шчогалева патлумачыла: у кошт сырнага прадукту закладзена тое, што набываць яго прыходзіцца за валюту, неабходна яшчэ растаможваць. Журналіст заўважыла: падчас нядаўняга ваяжу калег у Польшчу высветлілася, што ў гэтай краіне ёсць даволі смачныя сыры, якія каштуюць разы ў тры танней гэтага “заморскага” сырнага прадукту. Спецыяліст “Славфуда” ўдакладніла, ці для друку бярэ інфармацыю журналіст (цікава, для чаго яшчэ?!), і… сказала, што пра цэнаўтварэнне лепш размаўляць з вытворцамі, бо дыстрыб’ютары гэтым не займаюцца, і ўвогуле сырны прадукт – “дыетычны прадукт”. “У Беларусі няма такога сыру, як “Javor”: ён з вялікімі дзіркамі, і смак іншы. Ёсць попыт – мы і бяром тавар”, – сказала Ганна Шчогалева.

Зразумела, задача дыстрыб’ютараў – прасунуць тавар на рынак і прадаць, пры гэтым з максімальнай выгадай для свайго прадпрыемства. Таму і «вялікія дзіркі» набываюць вялікае значэнне, і сурагат раптам становіцца “дыетычным”. А вось пра самога сябе кожны чалавек павінен клапаціцца сам. Будзем мы есці сыр, смятану, сметанковае масла ці іх сурагаты? Выбар за намі.

Ці небяспечны сырны прадукт?

Дзяржаўны стандарт “ГОСТ Р 52738-2007” апісвае сыр як малочны прадукт, а сырны прадукт як малакоўтрымліваючы прадукт, які вырабляецца па тэхналогіі сыру. Розніца паміж імі вялікая. Малакоўтрымліваючая прадукцыя толькі часткова ўтрымлівае ў сабе малако (не менш 20% па сухіх рэчывах), астатняе складаюць немалочныя тлушч і бялок.

Выкарыстанне расліннага тлушчу, соі, крухмалу, сухога малака, па ацэнках экспертаў, дазваляе знізіць затраты на выраб сырных прадуктаў да 30% ад яго натуральнага эквівалента.

Калі любы раслінны тлушч, які падвяргаецца шэрагу апрацовак, трапляе ў арганізм чалавека, ён уступае ў рэакцыю з клеткамі. Разбураючы тканкі, ён уздзейнічае на нервовую, сардэчную, імунную сістэмы, а таксама на рэпрадуктыўную функцыю мужчынскага і асабліва жаночага арганізмаў. Для дзяцей такая прадукцыя надзвычай небяспечная.

Из рубрики