Дурны прыклад можа быць заразным

У збліжэнні Расіі і Беларусі ў рамках Еўразійскага Саюза  ёсць нямала станоўчых момантаў. Гэта і шырокі рынак для нашых вытворцаў, і магчымасць экспарту тавараў, ды і для гастарбайтараў нашых менш праблем, калі ёсць роўныя ўмовы працаўладкавання. У той жа час ёсць і небяспека, бо дзяржавы адна ў адной калькуюць і спрабуюць прыводзіць розныя формы заканадаўства да адзіных стандартаў.

Толькі некаторыя ініцыятывы «вялікага брата» сумніўныя і лепш, каб яго эксперыменты да Беларусі не дайшлі. Тым больш, што ёсць новаўвядзенні, якія могуць закрануць кожнага з нас.

Нядаўна дэпутаты Расійскай Дзярждумы прыдумалі і ўнеслі новую прапанову, каб пры арэндзе жылля ўласнік атрымліваў згоду суседзяў. Па меркаванні парламентарыяў, гэта дазволіць засцерагчы грамадзян ад непажаданага суседства з шумнымі кампаніямі, нелегальнымі мігрантамі, з тымі, хто трымае небяспечных сабак байцовых парод і г.д.

З аднаго боку, ініцыятыва зразумелая. Людзі, з пункту гледжання бяспекі, маюць права ведаць, хто жыве па суседстве. Аднак гэта парушыць правы ўласніка, які мае права па законе распараджацца сваёй кватэрай як заўгодна. З практыкі вядома, што бываюць такія людзі, што са скуры вылезуць, каб зрабіць назло суседу. Некаторыя са шкоднасці могуць не даць «дабро». І ў каго браць дазвол у шматпавярховым доме: у суседзяў па лесвічнай клетцы ці з усяго пад’езда? Дэпутаты яўна перабралі…

Ад арэнды могуць жа і далей пайсці. Дзе гарантыя, што пры продажы кватэры таксама не запатрабуюць дазвол суседзяў? Яе ж можа купіць і чалавек, які прыедзе з пітбультэр’ерам, ці проста не спадабаецца. І тады чалавек не зможа яе прадаць.

У чыю галаву прыйшла такая заканадаўчая ініцыятыва і каму гэта выгадна? Мяркую, што бяспека суседзяў тут – прыкрыццё нейкіх іншых мэтаў. Хоць асаблівага клопату суседзям сабакі і не дастаўляюць, і людзі ўжо звыкліся з гэтым. Правілы пражывання дастаткова ўрэгуляваны рознымі заканадаўчымі актамі. Калі змагацца з байцовымі сабакамі, то прасцей увесці забарону трымаць гэтых сабак у кватэрах.

А вось накласці лапу і стварыць нейкую шэрую схему для хабару тут можна. Маючы ўладу, чыноўніку прасцей «угаварыць» незгаворлівага суседа, які не дае дазвол. А гаспадару трэба толькі «аддзякаваць» за дапамогу. Колькі будзе каштаваць «дабро» суседзяў, можа, дэпутаты Думы для сябе і палічылі. Але ці палічылі яны, колькі дабавіцца работы міліцыі і судам, колькі нерваў сапсуюць людзі?

Cпадзяюся, што гэты абсурдны закон не пройдзе ў Расіі, і беларуская ўлада такія ініцыятывы за прыклад браць не будзе.

Из рубрики