Якія настаўнікі Ганцавіцкага раёна пацярпелі ад рэпрэсій

У нядоўгі перыяд «першых саветаў» быў рэпрэсаваны шэраг настаўнікаў. Прычым іх біяграфіі да таго драматычнага моманту складваліся па-рознаму. Пра гэта сведчыць хаця б геаграфія іх нараджэння. Ахвярамі сталі як выхадцы з этнічна польскіх зямель, так і з «Крэсаў» – беларускіх і ўкраінскіх тэрыторый.

Фото: library.krasno.ru

«ШКОЛЫ ЗАСОРЕНЫ ЧУЖДЫМИ ЛЮДЬМИ»

Савецкай уладзе патрэбна было выхоўваць падрастаючае пакаленне адпаведна бальшавіцкай дактрыне. Таму кантынгент педагагічных кадраў фарміраваўся праз прызму дабранадзейнасці. Варожа настроеных настаўнікаў выганялі са сцен школы. І гэта як мінімум. Як максімум іх чакала ВМП – вышэйшая мера пакарання.

Але не абавязкова было выяўляць сваю апазіцыйнасць. Для рэпрэсій з боку бальшавіцкай улады дастаткова было падазрэнняў у антысавецкім патэнцыяле хаця б на ўзроўні мыслення. Быў нават прыдуманы тэрмін для такіх асоб – «сацыяльна-небяспечны элемент» (скарочана СОЭ – социально-опасный элемент). Настаўніку ў гэту катэгорыю было трапіць вельмі проста. Ён заўсёды быў навідавоку. Дастаткова было неасцярожнага слова або нядобразычлівасці.

Прыклады бачання грамадска-палітычнага аблічча настаўніцтва школ Ганцавіцкага раёна праз прызму прадстаўнікоў савецкай улады захаваліся ў архівах: «Школы засорены чуждыми людьми, людьми прошлыми, которые не могут воспитать наших советских детей». З ім быў практычна салідарны старшыня райкама: «Не нужно быть особым чекистом, чтобы определить вражеское лицо. И такое положение у нас в ряде школ».

У гэтым артыкуле расказваецца пра людзей, якія мелі педагагічную адукацыю (нават калі яны на момант арышту не працавалі па спецыяльнасці) і якія так ці інакш мелі дачыненне да тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Заходняя Беларусь да верасня 1939 года ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Таму педагогаў «усходніх крэсаў» напаткаў лёс рэпрэсаваных толькі пасля пачатку Другой сусветнай вайны і ўсталявання ўлады саветаў.

ПЕРШАЯ АХВЯРА – У 1937-М

Ці не першым выпадкам стаў арышт у 1937 г. Антона Пятровіча Кляўцова. Равеснік ХХ ст. (нарадзіўся ў 1901 г.), ён, магчыма, мяркуючы па прозвішчы, не належаў да карэнных жыхароў або, наадварот, быў тутэйшым, які на чужыне перайначыў прозвішча (хутчэй за ўсё Клявец) на расійскі капыл.

Верагодна, А. Кляўцоў быў падхоплены сацыяльнымі бурамі, якія прыпалі якраз на яго маладосць: Першая сусветная вайна (1914–1918) і савецка-польская вайна (1919–1920). Юнак у сілу ўзросту мог паддацца папулісцкай прапагандзе бальшавікоў і пайсці з Чырвонай Арміяй, калі яна двойчы прыходзіла гаспадарыць у Круговіцкую воласць (у яе ўваходзілі Ганцавічы). Пра тое, што ганцавец не проста пайшоў з войскам, але і ўліўся ў яго рады, сведчыць факт пазначэння А. Кляўца ў біяграме вайскоўцам. Разам з тым ён атрымаў і педагагічную адукацыю ці толькі працаваў у навучальных установах, але пры якіх абставінах, дзе і калі – невядома, акрамя апошняга месца працы – Ленінградскага рыбапрамысловага тэхнікума, дзе выхадзец з Беларусі выкладаў ваенную падрыхтоўку.

Арыштаваны 27 жніўня 1937 года, ён быў асуджаны 14 верасня. Абвінавачванне стандартнае – «антысавецкая дзейнасць» (славуты артыкул 58-10- 11 КК РСФСР). Прыгавор быў максімальны. З выкананнем прысуду якраз у той час пачалі не зацягваць (гэта было прынята на заканадаўчым узроўні), маглі праводзіць яго праз лічаныя гадзіны па агучванні. Таму верасень таго страшнага года выхадзец з Круговіцкай воласці наўрад ці перажыў.

АХВЯРА «ПЕРШЫХ САВЕТАЎ»

Першай ахвярай саветаў з ліку настаўнікаў на зямлі будучага Ганцавіцкага раёна стаў зусім не ўраджэнец гэтай зямлі. Сацыяльны катаклізм перавярнуў усё з ног на галаву.

Перад самай вайною ў Польшчы правялі мабілізацыю ў войска. Паколькі найбольш гарачай была абстаноўка на польска-германскім памежжы, дык там і сканцэнтравалі войска з найбольш баяздольнымі часткамі і людзьмі. На ахову ўсходняй мяжы з СССР былі накіраваны не самыя лепшыя вайскоўцы.

Відаць, таму ў батальён КАП «Людвікова» трапіў Мар`ян Міхал Ігнатавіч Масцінскі – у цывільным жыцці настаўнік усеагульнай школы. Нарадзіўся ён у 1900 г. у Бродах ля Львова (на той час – Аўстра-Венгерская імперыя). Напэўна, там і выкладаў. За 10 гадоў да чарговага прызыву ў армію М. Масцінскі быў узведзены ў падпаручнікі.

У такім званні служыў нядаўні настаўнік у Людвікова. Там і трапіў у палон. Педагога, хоць і з нізкім чынам, чакала тая ж доля, як і саслужбоўцаў, носьбітаў афіцэрскіх званняў – расстрэл. Жыццёвы шлях М. Масцінскага скончыўся ў 1940 годзе недзе ў адной з безыменных магіл пад Харкавам.

 

Ахвярай рэпрэсій з ліку настаўнікаў стаў Мар`ян Міхал Ігнатавіч Масцінскі. Фота з сайта nekropole.info
Ахвярай рэпрэсій з ліку настаўнікаў стаў Мар`ян Міхал Ігнатавіч Масцінскі. Фота з сайта nekropole.info

ПРЫЕХАЎ САВЕТЫЗАВАЦЬ – АКАЗАЎСЯ АНТЫСАВЕТЧЫКАМ

Як ні парадаксальна, першым арыштаваным сярод настаўніцтва сучаснага Ганцавіцкага раёна пасля прыходу савецкай улады ў Заходнюю Беларусь стаў не паляк, як таго можна было чакаць, а ўсходнік – настаўнік, прысланы з усходняй часткі БССР з мэтай саветызацыі заходнебеларускай школы, – Уладзімір Уладзіміравіч Шкробаў (Шкрабоў).

Нарадзіўся ён у 1889 годзе ў вядомай вёсцы Вялікія Аўцюкі, што на Гомельскім Палессі. Пераехаў дырэктар у Малькавічы (у арыгінале – Малкавічы) з сям`ёю: жонкай і дваімі дзецьмі.

Гром ударыў адразу пасля асталявання на новым месцы. 7 кастрычніка 1939 г. – г. зн. праз лічаныя дні па прыездзе – У. Шкробава арыштавалі. Выпадак гэты нетыповы для тагачасся. Як правіла, рэпрэсіям падвяргаліся настаўнікі, якія засталіся працаваць яшчэ ад польскай школы.

Выстаўленае У. Шкробаву абвінавачванне – «антысавецкая агітацыя». Гэта схіляе да меркавання якраз пра неасцярожнасць у выказваннях. Вялікія сумненні, што чалавек, едучы ў якасці культрэгера да вызваленых з-пад панскага ярма масаў, з`яўляўся шчырым, зацятым антысаветчыкам. Пакаранне – 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў.

Вядомы гісторык-задубенец Анатоль Сідарэвіч паведаміў літаральна наступнае: «Уладзімір Уладзіміравіч пасля ссылкі жыў да канца вайны ў Іванаўскай вобласці і, калі не памыляюся, вярнуўся жывы і здаровы. Улетку хадзіў у белым ільняным гарнітуры, саламяным капелюшы, быў заядлым курцом. У яго былі вялікія дом і сад. Ён быў пчаляром і выдатным садаводам. У дзетдоме ён загадваў падсобнай гаспадаркай. Яго дом стаіць і цяпер. Хто ў ім жыве – не ведаю. Пэўна, нашчадкі. Пахаваны ён у Малькавічах. Так я думаю. А дзе яшчэ?»

ПЕРАДЗЕЛЫ НАСТАЎНІЦКАЙ ДОЛІ

Вацлаў Пятровіч Буткевіч нарадзіўся ў 1902 г. у мястэчку Сувалкі (цяпер у Польшчы, на мяжы з Літвою). Ужо ў адроджанай польскай дзяржаве В. Буткевіч атрымаў сярэднюю педагагічную адукацыю. Быў накіраваны на «Крэсы». Працаваў у школе ў вёсцы Перадзелы.

Звычайна такія пасланцы, як перадзелаўскі настаўнік, выконвалі місію паланізацыі. Наўрад ці В. Буткевіч адчуваў сімпатыю да саветаў. Але куды ён, вясковы настаўнік, мог падзецца ад іх восенню 1939 года?

Савецкім ён так і не стаў. А магчыма, і сама ўлада вырашыла, што такі чалавек у носьбіта іх ідэй не здолее ператварыцца. Па ўсіх параметрах ён уяўляўся «сацыяльна небяспечным элементам». 19 ліпеня 1940 года В. Буткевіча арыштаваліяк «члена контррэвалюцыйнай арганізацыі». Прысуд адбыўся 22 сакавіка 1941 года: далі 8 гадоў. Далей звыклы шлях: этапаванне да «белых мядзведзяў».

Праз некалькі месяцаў Германія напала на Савецкі Саюз. Буткевіч вымушаны быў шукаць сяброў і падтрымкі ў свеце. Гэта прывяло да дружбы з палякамі – у сувязі з гэтым 12 жніўня 1941 г. колішнія грамадзяне Польскай Рэспублікі атрымлівалі амністыю. В. Буткевіч быў вызвалены 15 кастрычніка 1941 г.

БЕЛАРУСАЎ-ЗАХОДНІКАЎ ТАКСАМА НЕ ШКАДАВАЛІ

Яшчэ адною ахвяраю савецкіх рэпрэсій сярод настаўніцтва Заходняй Беларусі стаў яе ўраджэнец Яўген Уладзіміравіч Захарчанка, 1910 года нараджэння. Ён працаваў у Агарэвіцкай (у арыгінале – Агароўскай) школе, але сам паходзіў з мястэчка Палонка Навагрудскага павета Мінскай губерні.

У Агарэвічы на працу па спецыяльнасці Я. Захарчанка, відавочна, трапіў па накіраванні польскай улады. Да 30-гадовага ўзросту дзяцюк абзавёўся сям`ёю, з`явілася дзіця. Што ён мог нарабіць антысавецкага да прыходу бальшавікоў ці падчас іх асталявання, са скупой інфармацыі няясна.

У віну ставіўся «нелегальны пераход дзяржаўнай мяжы». Праўда, не высветлена, калі ён адбыўся: да 17 верасня ці пасля. Але далучэнне Заходняй Беларусі да БССР не азначала ліквідацыі старой, савецка-польскай мяжы. За яе перасячэнне таксама жорстка каралі.

У дадзеным выпадку 25 лістапада 1940 г. настаўнік быў асуджаны на 5 гадоў ППЛ. «Скасціць» тэрмін дапамагла германская агрэсія супраць СССР. Па амністыі 31 жніўня 1941 г., ідэнтыфікаваўшыся як польскі грамадзянін, Я. Захарчанка выйшаў на волю.

ПАСЛЯ ВАЙНЫ – ПРАЦЯГ РЭПРЭСІЙ

Усе настаўнікі, якія пацярпелі ад савецкай улады і лёс якіх так ці інакш быў звязаны з тэрыторыяй Ганцавіцкага раёна, былі мужчынамі. Але і сярод настаўніц (пасля вайны ўжо) былі ахвяры рэпрэсіўнай машыны. Адна з іх – Людміла Аляксандраўна Мароз. Нарадзілася яна ў 1926 годзе ў вёсцы Хатынічы. Несумненна, на Бацькаўшчыне скончыла усеагульную школу хутчэй за ўсё яшчэ да прыходу саветаў – у 1938 ці 1939 годзе.

З надыходам вайны месца жыхарства хатынаўкі фіксуецца крыніцаю ў вёсцы Павіцце (сёння Кобрынскі раён). Верагодна, дзяўчына напярэдадні выйшла замуж, таму і прозвішча яе было зменена.

Там Л. Мароз працавала настаўніцай. Паводле савецкіх мерак, яна аўтаматычна станавілася калабарацыяністкай – супрацоўніцай з акупантамі, здрадніцай, хоць у большасці падобных выпадкаў ніякіх антысавецкіх намераў у людзей не назіралася. Іх мэтай з`яўлялася звычайная асвета, вучоба дзетак. Да таго ж патрэбна было карміцца, а праца ў школе давала такую магчымасць.

Летам 1944 г. Заходняя Беларусь была вызвалена ад немцаў. А 29 снежня дзяўчыну арыштавалі. Следства ішло доўга. У віну ставілася членства ў антысавецкай арганізацыі. Прыгавор быў вынесены 21 ліпеня 1945 г. «Упаялі» «дзясятку» – 10 гадоў усё тых жа ППЛ. Аднак 14 верасня таго ж года дзяўчыну вызвалілі. Гэта магла быць амністыя (напрыклад, у сувязі з перамогай над Японіяй 2 верасня і завяршэннем Другой сусветнай вайны).

«КОНТРА» ПРАЗ 27 ГАДОЎ ПАСЛЯ РЭВАЛЮЦЫІ

Міналі гады, дзесяцігоддзі… А савецкая ўлада па-ранейшаму жыла рэвалюцыяй і знаходзіла пастаянна яе ворагаў, нават калі тыя ворагі нарадзіліся пасля рэвалюцыі (больш таго – на тэрыторыі, дзе рэвалюцыі не было).

Такім з`яўляецца Аляксандр Аляксандравіч Навіцкі. Ён нарадзіўся ў 1920 годзе ў сялянскай сям`і ў Любашаве. Бацькі здолелі вывучыць свайго нашчадка, шчыра жадаючы яму лепшай долі. Хто ж мог спрагназаваць, што яна для яго абернецца адваротным бокам?

А. Навіцкі скончыў польскую ўсеагульную школку. Затым вывучыўся на настаўніка. З наступленнем немцаў у 1941 г. А. Навіцкі застаўся пад акупацыяй. Каб мець кавалак штодзённага хлеба, пайшоў працаваць па спецыяльнасці. У разуменні савецкай улады гэта было здрадай.

Пакаранне наступіла неўзабаве пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 3 кастрыніка 1944 г. маладога настаўніка арыштавалі. Прыпісалі яму членства ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. А. Навіцкі быў прыгавораны да 10 гадоў ППЛ і пяці гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Сляды любашаўца зніклі.

СТУДЭНТ, АФІЦЭР, ПОП, ТЭХНІК, ШКОЛЬНЫ ІНСПЕКТАР, ГРУЗЧЫК… ЗЭК

Гэта ўсё, што вынесена ў загаловак, – сацыяльныя іпастасі самай вядомай з нашага шэрагу асоб – Антона Андрэевіча Сокала-Кутылоўскага. І то не ўсе. Яго біяграфія настолькі насычаная, што патрабуе кніжнага выдання. Таму ў гэтыя радкі ўціснем толькі характарыстычную для нашай мэты інфармацыю.

Нарадзіўся А. Сокал-Кутылоўскі 7 лютага 1892 года ў сям`і збяднелай шляхты на хутары Пярэвалака-Дарагішча (сёння Чырвоная Горка) непадалёку ад вёскі Чудзін у Круговіцкай воласці Слуцкага павета. У 1900– 1905 гадах вучыўся ў школе. У 1910 г. закончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, затым – Петраградскі ўніверсітэт.

Прымаў удзел у баявых дзеяннях падчас Першай сусветнай вайны. Восенню 1920 г. на Случчыне стаў камандзірам паўстанцаў, што выступілі супраць бальшавікоў.

Падчас нямецкай акупацыі з 1941 г. А. Сокал-Кутылоўскі працуе інспектарам школ Ганцавіцкай акругі. Перад адступленнем нямецкай арміі ён уцякае на захад і напярэдадні капітуляцыі нацыстаў вырашае здацца амерыканцам, толькі б не трапіць у НКВД. Але пад канец лета 1945 г. яго перадаюць бальшавікам. Далей паследаваў арышт.

У выніку прыгавор быў максімальным – 25 гадоў. Для 56-гадовага чалавека з кепскім здароўем гэта азначала смяротны зыход. Аднак у 1956 г. тэрмін зменшылі. А ў наступным годзе А. Сокала-Кутылоўскага зусім амніставалі ў сувязі з юбілеем Кастрычнікай рэвалюцыі.

Пасля ён пераехаў у Польшчу, у горад Шчэцін. Там жылі жонка і дачка. Памёр А. Сокал-Кутылоўскі 7 сакавіка 1983 г.

Ксёндз-настаўнік Вацлаў Пянткоўскі. Фота з сайта http:// old.catholic.by
Ксёндз-настаўнік Вацлаў Пянткоўскі. Фота з сайта http:// old.catholic.by

КСЁНДЗ-НАСТАЎНІК, ЯКІ СЛУЖЫЎ У ГАНЦАВІЧАХ

Пра Вацлава Пянткоўскага таксама можна скласці ладную кнігу.

Нарадзіўся ён у мястэчку Ясяноўка Беластоцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Польшча) ў 1902 г. Польская сялянская сям`я падбала пра адукацыю нашчадка. Ён адвучыўся ў Беластоцкай гімназіі, потым працаваў настаўнікам у школе ў в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі раён).

Педагога цягнула да сябе святарскае пакліканне. Да галоўнай сваёй іпастасі ён пачынае шлях у 1926 г. – паступае ў Пінскую духоўную семінарыю. Палессе зрабілася для В. Пянткоўскага другой радзімай.

З умацаваннем у Заходняй Беларусі савецкай улады функцыянаванне рэлігійных інстытуцый ускладнілася. Асабліва гэта адчулі католікі.

20 студзеня 1950 г. В. Пянткоўскага, які служыў святаром у Мядзведзічах Ляхавіцкага раёна, арыштавалі. Галоўных абвінавачванняў было два – антыкалгасная агітацыя і шпіёнства на карысць Ватыкана. Прыгавор – 10 гадоў працоўна-папраўчых лагераў.

Аднак смерць Сталіна і развенчванне яго культу спрычыніліся да палітычнага пацяплення. Ужо хворага святара вызвалілі. Ён вярнуўся ў Мядзведзічы. Гэты перыяд дзейнасці В. Пянткоўскага якраз і адзначаны «ганцавіцкай» старонкай, таму што ксёндз абслугоўваў яшчэ некалькі прыходаў, што засталіся без святароў. У іх шэрагу аказаўся і касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах. Якраз тады ён арганізаваў у Мядзведзічах падпольнае рэлігійнае навучанне на ўзроўні семінарыі.

Памёр ксёндз інфулат, генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі Вацлаў Пянткоўскі ў 1991 годзе і пахаваны ў Мядзведзічах. Яго ахвярныя педагагічная дзейнасць і святарская служба служаць добрым прыкладам для нашчадкаў.

Из рубрики