
Ligier Piotr
Апошні з указаных талентаў – эстраднага музыкі і выканаўцы шансону (у нармальным значэнні гэтага жанру) – прынёс Артуру Бартэльсу прыжыццё вую славу і… спрычыніўся да забыцця пра творцу пасля яго сыходу ў лепшы свет (1885).
Так, перасталі гучаць песні, якія напрыканцы жыццёвага шляху А. Бартэльса паланілі Рыгу і Кракаў, і аўтар іх застаўся толькі ў памяці сваіх сучаснікаў, якіх, натуральна, да нашага часу таксама не засталося.
Нават не дапамог факт прыняцця верша «A tu jest Warszawa» А. Бартэльса ў якасці нефармальнага гімна Варшавы пасля зруйнавання горада напрыканцы Другой сусветнай вайны.
БАГАТАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА
Феномен творцы пры ўсёй тагачаснай тыповасці знаходжання ў двух літаратурных кантэкстах – польскім і беларускім – заслугоўвае ўвагі, падмацаванай мастацкім узроўнем шматлікіх твораў. А гэта чатыры паэмы, 40 вершаў зборніка «Piosеnki i satyry», сем п`ес, пяць нарысаў пра паляванне на Літве.
Намі яшчэ не знойдзены публіцыстычныя допісы. Акрамя таго, тры альбомы графічных малюнкаў, прычым сюжэтна складзеных, з дасціпнымі каментарыямі, плюс адзін альбом каляровых «Літоўскіх тыпаў». Таксама ў апублікаваную і захаваную спадчыну А. Бартэльса ўваходзяць ноты з песнямі. Для вывучэння такой творчай разнастайнасці патрэбен цэлы калектыў даследчыкаў рознага профілю.
ПАЛЯЎНІЧАЯ ЭПАПЕЯ АЎТАРА
Не беручыся за вызначэнне ўзроўню работ А. Бартэльса як мастака і кампазітара, мы можам высока ацаніць яго літаратурную працу. Перадусім – паэмы.
Геаграфія аповедаў у іх мае вузкую лакалізацыю. Яны засяроджваюцца галоўным чынам на лясах Клецкай ардынацыі Радзівілаў. А. Бартэльс, будучы сам заядлым паляўнічым, памастацку апісаў гадавы цыкл паляванняў у беларускім лесе.
Як заключае расійскі пісьменнік І. Корвін-Кучынскі, «въ былыя времена одинъ изъ лучшихъ охотниковъ на Литвѣ, онъ создалъ мало извѣстную, но цѣнную и, пожалуй, единственную въ славянской литературѣ – охотничью эпопею».
Тым самым яна становіцца адной з самых каштоўных у тагачасным кантэксце, для якога падобныя па выбары аб`екта ўвагі творы былі на працягу ХІХ ст. досыць распаўсюджанымі ў польскай літаратуры. Але ці ўздымаліся іншыя аўтары да такой ступені сістэматызацыі і абагульнення? Каштоўнасць паэм А. Бартэльса павышаецца яшчэ і дзякуючы іх суправаджальнаму тэматычнаму спектру.
Ён ахоплівае, акрамя разгляду самой тэхнікі палявання ў беларускім лесе на працягу ўсяго года, раскрыццё быту паляўнічых (апісваюцца жыллё, сталаванне, даецца псіхалагічная характарыстыка асоб і інш.), аналіз філасофіі і культуры палявання, адносіны паміж удзельнікамі палявання, а таксама апісанні беларускай прыроды. Аўтар паэм выходзіць на шырэйшыя сацыяльныя высновы.
ПАЭМА «ДЗЯНІСКАВІЧЫ» І ІДЭЯ ЛІЦВІНСКАГА ПАТРЫЯТЫЗМУ
З улікам тэматычнага кантэксту важна, што чырвонай, магістральнай ніткай паэмных твораў і нарысаў А. Бартэльса становіцца ідэя так званага ліцвінскага патрыятызму. Пра што б ні гаварылася ў іх – усё зводзіцца да свайго, роднага, часта вузкарэгіянальнага.
Рэгулярна гучаць cловы пра Літву як пра найлюбімейшы ў свеце край з незаслужанай складанай доляй, ухваляюцца пэўныя элементы жыцця ў ім (акрамя магчымасцей палявання, напрыклад, коні, кірмашы, яда, таварышы і нават слугі). У той жа час А. Бартэльсам прадчуваецца і цэласнасць краіны, якая неўзабаве будзе называцца Беларуссю. Тым не менш пачынае шлях да радзімы ў шырокім сэнсе А. Бартэльс з роднага кута. На ім засяроджваецца і галоўная ўвага аўтара, канцэнтруецца падзейны змест.
Вёска Дзяніскавічы і яе наваколлі – радзівілаўскія лясы, балоты, лугі, дарогі, урочышчы – ледзь не дакументальна становяцца фонам для разгортвання аповеду (чаго варты дзясяткі тапонімаў, якія фігуруюць у творах!). Прычым як прырода, так і людскія партрэты падаюцца нярэдка ў якасці тыповых для ўсёй краіны.
У сувязі з гэтым выкажам смелае меркаванне, што месцам нараджэння аўтара стала менавіта гэтая славутая ў той час вёска (цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Галоўным аргументам з`яўляецца прызнанне самога аўтара ў аднайменна з населеным пунктам паэме – «Дзяніскавічы»:
Вітаю, палеская вёска,
Дзе зоры мне ззялі ярчэй.
Сплыла тут і першая слёзка
З дзіцячых нявінных вачэй.
(Пераклад Віктара Гардзея)
На наш погляд, менавіта ў той вёсцы з`явіўся на белы свет А. Бартэльс (30 жніўня або 13 кастрычніка 1818 г. ). Ёсць меркаванні, што А. Бартэльс быў пазашлюбным сынам князя Радзівіла.
Магчыма, гэтым і можна вытлумачыць той факт, што будучы творца атрымаў выдатную адукацыю: гімназія ў Варшаве, затым вучоба ў СанктПецярбургу і Парыжы. Аднак адметна тое, што паэт заўсёды вяртаўся ў родны кут. Спярша наведваў яго, відаць, у сувязі са сваім хобі.
Адзін з лепшых паляўнічыхліцвінаў, ён задавольваў свой інтарэс у шыкоўных дзяніскавіцкіх лясах. Пасля паўстання 1863 года бываў там толькі ў думках. Яго чакаў лёс уцекача. Заключны жыццёвы адрэзак А. Бартэльс правёў у Кракаве. Там і спачыў на Ракавецкіх могілках.
ТВАРЫЎ НА ПОЛЬСКАЙ МОВЕ, А ДУМАЎ ПА-БЕЛАРУСКУ
А. Бартэльс не быў арыгінальным для свайго асяродку – ліцвінскай шляхты – пры выбары мовы ў сваёй творчасці. Яна была польскай. Нягледзячы на гэта, творца не лічыў сябе палякам у сённяшнім разуменні, не раз праявіўшы сваю прыналежнасць да ліцвінскага народа.
У недалёкай для тагачасся будучыні – сярэдзіны ХІХ стагоддзя – ліцвінская свядомасць трансфармуецца ў беларускую. Несумненна, роднай мовай народа, сярод якога А. Бартэльс прыйшоў на свет, ён валодаў. Аднак традыцыя пісьма на ёй тады толькі аднаўлялася. У аўтара паляўнічай эпапеі запісаў пабеларуску не выяўлена.
Тым не менш, хоць яго творы і напісаны на польскай мове, многія элементы ў іх паказваюць на тое, што думае паэт пабеларуску. Гэта адбіваецца на ўсіх узроўнях мовы, а на лексіцы – найбольш кідка. Прычым аўтар ужывае не толькі знаёмыя сёння беларусізмы, але і дыялектныя словы, укладаючы іх у вусны герояў, а таксама і ў аўтарскай мове – дзеля фактаграфічнасці.
Перакладаў твораў А. Бартэльса на беларускую мову маем толькі два: Ф. Багушэвічам перастворана байка «Свінні і бараны» і М. Арочкам – гумарыстычны верш «Дзянёк абыватальскі». Таму ў юбілейны год вельмі дарэчы яшчэ адзін перакладчыцкі здабытак – паэма «Дзяніскавічы», апублікаваная ў сёлетнім №3 «Дзеяслова» ў перакладзе В. Гардзея.
МАСТАЦКАЯ КАШТОЎНАСЦЬ ТВОРАЎ АРТУРА БАРТЭЛЬСА
Пісьменніцкія постаці накшталт А. Бартэльса, Адама Плуга, Янкі Лучыны і інш. сваёю творчасцю выступаюць мосцікам, які злучае літаратуру на беларускіх землях першай паловы ХІХ ст., у многім польскамоўную, і літаратуру непасрэдна беларускую – якая стала класікай беларускага народа.
Так, А. Бартэльс не прыйшоў да беларускамоўнай творчасці. І нават месцамі назіраецца адыход ад развіцця ў яе бок. Абумоўлена гэта было выкрунтасамі лёсу. Творца на працягу ўсяго свайго шляху знаходзіўся ў каардынатах дзвюх літаратур – польскай і беларускай.
Тым не менш парасткамі менавіта апошняй у большай ступені сталі лепшыя творы А. Бар тэльса. Ацэнка Я. Лёсікам творчасці Я. Баршчэўскага можа быць (з нязначнымі, непрынцыповымі папраўкамі) арганічна экстрапаліравана і на сёлетняга юбіляра:
«Напісаны яны (творы. – А. Т.) папольску і былі надрукованы ў Петарбурзе ў 1844–1846 г. Усе яны жыўцом узяты з беларускага жыцьця і ў польскай літаратуры ня маюць і ня будуць мець вялікага значэньня. Можна з пэўнасьцю сказаць, што пісаліся яны папольску толькі дзеля таго, што беларушчына ў часы Баршчэўскага была ў поўным заняпадзе і іх нідзе ня можна былоб надрукаваць».
Названы напаўзабыты творца арганічна ўпісваецца як у польскае прыгожае пісьменства, так і ў беларускую літаратуру, з`яўляючыся ў сваёй творчасці даволі тыповым прадстаўніком свайго часу. Разам з тым А. Бартэльс мае важкія літаратурныя дасягненні з погляду не толькі гісторыі, але і эстэтыкі. Яго многія творы маюць мастацкую каштоўнасць і для сённяшняга дня.
Таму гэтак важна (перадусім для беларускай літаратуры) вяртаць з небыцця такія імёны, перакладаць іх творы, аналізаваць гісторыкалітаратурныя здабыткі.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More