Мінск спрабуе змякчыць магчымае рашэнне ЕС 15 кастрычніка

Парламенцкія выбары ў Беларусі, што прайшлі 23 верасня, Захад зноў прызнаў не адпаведнымі міжнародным стандартам. Напружвае Мінск і тая акалічнасць, што 15 кастрычніка міністры замежных спраў дзяржаў ЕС разгледзяць пытанне аб санкцыях у дачыненні да Беларусі.

Аднак у беларускіх уладаў ёсць яшчэ адзін козыр у дыялогу з Еўрасаюзам — палітзняволеныя. Вечарам 26 верасня на волю выйшаў віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка, а 27 верасня — анархіст Павел Сырамолатаў.

І Каваленка, і Сырамолатаў некалькі месяцаў таму напісалі прашэнне аб памілаванні. Цяпер у зняволенні застаюцца яшчэ 12 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітзняволенымі. Пакуль не было інфармацыі, што хтосьці з іх таксама напісаў прашэнне аб памілаванні.

Тым часам 27 верасня стала таксама вядома, што ў штрафных ізалятарах калоній знаходзяцца двое з гэтага спіса — Алесь Бяляцкі і Дзмітрый Дашкевіч, які да таго ж аб’явіў галадоўку. Відавочна, выпусціўшы двух палітзняволеных, у астатніх улады спрабуюць выбіць прашэнне аб памілаванні.

Між тым на запланаваным на 15 кастрычніка ў Бруселі пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза чакаецца разгляд беларускага пытання. Кіраўнікі МЗС, у прыватнасці, плануюць перагледзець санкцыі ў дачыненні да рэжыму, абмеркаваць парламенцкія выбары ў краіне, дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і Швецыяй.

На думку экспертаў, вызваленне Каваленкі і Сырамолатава — гэта спроба Мінска пазбегнуць узмацнення санкцый.

У прыватнасці, палітолаг Валерый Карбалевіч адзначыў, што перад беларускімі ўладамі стаяць дзве задачы. «Па-першае, неабходна нейтралізаваць негатыўную ацэнку выбараў у Беларусі з боку еўрапейскіх структур. Па-другое, пазбегнуць магчымага прыняцця новых санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі», — сказаў аналітык у інтэрв’ю БелаПАН.

Суразмоўца мяркуе, што Захад «гэта прыме». «Еўрасаюз цяпер не зацікаўлены ў нейкіх новых негатыўных кроках у дачыненні да Беларусі. Тым больш што іх складана прыдумаць, а тут ёсць такая магчымасць сказаць, што, з аднаго боку, ёсць, канечне, канфлікт са Швецыяй, недэмакратычныя выбары, а з другога — вызвалілі чарговага палітзняволенага. Ёсць падстава яшчэ раз заявіць з усёй строгасцю, што трэба выконваць правы чалавека і вызваліць астатніх палітзняволеных», — адзначыў Карбалевіч.

На яго думку, ЕС можа абмежавацца такімі заявамі і не ажыццяўляць рашучых дзеянняў.

У той жа час кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў лічыць: не трэба чакаць, што вызваленне гэтых двух палітзняволеных неяк паўплывае на пазіцыю Еўрапейскага саюза.

«Гэта пазіцыя застаецца нязменнай — вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных. Нейкія зрухі могуць адбыцца толькі пасля вызвалення ўсіх фігурантаў справы 19 снежня і тых людзей, якіх асудзілі ў перыяд пасля 2010 года, такіх, напрыклад, як Алесь Бяляцкі», — сказаў Ягораў у інтэрв’ю БелаПАН.

Палітолаг падкрэслівае: калі да 15 кастрычніка Брусель атрымае ад Мінска «недвухсэнсоўныя сігналы аб тым, што Каваленка і Сырамолатаў — гэта не два выпадкі, а менавіта пачатак працэсу вызвалення ўсіх без выключэння палітзняволеных», тады, магчыма, ЕС адкладзе пашырэнне санкцый або прыняцце нейкага рашэння па Беларусі.

«Але гэта толькі ў тым выпадку, калі ёсць дакладныя сігналы з Мінска, што гэта менавіта працэс вызвалення ўсіх, а не адзінкавыя вызваленні, падобныя да таго, як гэта адбылося з Саннікавым і Бандарэнкам вясной гэтага года», — падкрэсліў суразмоўца.

З ім салідарны і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў, які таксама нагадаў аб прынцыповай пазіцыі ЕС у пытанні палітзняволеных у Беларусі.

«Зыходзячы з гэтай прынцыповай пазіцыі і прымаючы да ўвагі, што місія АБСЕ зноў ацаніла парламенцкія выбары як далёкія ад свабодных і справядлівых, Савет ЕС, хутчэй за ўсё, пашырыць санкцыі», — мяркуе Елісееў. Аднак у выпадку вызвалення яшчэ шэрагу палітзняволеных да пасяджэння, падкрэслівае ён, верагодным уяўляецца захаванне існуючага набору санкцый.

У той жа час аналітык мяркуе, што няма прамой сувязі паміж нядаўнімі выбарамі, якія міжнародная супольнасць зноў прызнала не адпаведнымі дэмакратычным стандартам, і вызваленнем Каваленкі і Сырамолатава.

«Вызваленне магло адбыцца і напярэдадні, але ў любым выпадку на ацэнку выбараў місіяй АБСЕ гэта не паўплывала б, — сказаў Елісееў. — Таксама, як не аказвае прынцыповага ўплыву на рашэнне Савета ЕС вызваленне двух палітзняволеных да або пасля выбараў. У той жа час вызваленне напярэдадні пасяджэння Савета ЕС сапраўды ўскосна сведчыць аб намеры Мінска змякчыць рашэнне Бруселя».

Елісееў таксама не выключыў, што вызваленне Каваленкі і Сырамолатава пры адначасовым узмацненні націску на іншых палітзняволеных магло быць і выпадковым супадзеннем.

«Паколькі націск на іх адбываецца перманентна, то чарговае рашэнне змясціць Дашкевіча і Бяляцкага ў штрафны ізалятар магло проста супасці па часе з вызваленнем Каваленкі і Сырамолатава, — сказаў палітолаг. — З другога боку, працэдура памілавання заканадаўча прадугледжвае напісанне прашэнняў. Таму такія выпадкі могуць ускосна сведчыць аб узмацненні націску, каб прымусіць іншых палітзняволеных да найхутчэйшага напісання прашэнняў для наступнага вызвалення».

У той жа час Елісееў не выключыў, што Савет ЕС можа прыняць рашэнне аб карэкціроўцы чорнага спіса і выключыць з яго Уладзіміра Макея ў сувязі з яго пераходам на пасаду міністра замежных спраў. «Традыцыйна ЕС не ўключае з абмежавальныя спісы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў трэціх краін», — удакладніў палітолаг.

Што да прагнозу развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЕС, аналітык адзначыў, што дзеянні афіцыйнага Мінска прагназаваць складана «па прычыне закрытасці працэсу прыняцця рашэнняў і асаблівасці палітычнага рэжыму ў Беларусі». У гэтым сэнсе прагнозу больш паддаюцца дзеянні ЕС. «На сёння пазіцыя органаў ЕС наконт правядзення дыялогу з Беларуссю застаецца ўвязанай з наяўнасцю і рэабілітацыяй палітзняволеных», — падкрэсліў Елісееў.

На яго думку, іншыя крокі Мінска, напрыклад дазвол на ўдзел дзяржчыноўнікаў у ініцыятыве ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю», становішча спраў прынцыпова не памяняюць. Аднак такі ход патэнцыяльна робіць гэту ініцыятыву альтэрнатыўнай пляцоўкай для дыялогу на сярэднім узроўні.

Из рубрики