
Тады сябры Уладзіміра Антонавіча, сям’я Хайнэке, запрасіла прыехаць пісьменніка разам з жонкай Ларысай. У Папковіча нават і сёння дакумент той ёсць – „Aufforderung”, што значыць “Запрашэнне”. За візай муж і жонка паехалі ў Маскву.
– Калі прыехалі туды ў сярэдзіне жніўня, убачылі перад варотамі пасольства такі вялізны натоўп, што нас, без досведу і не вельмі рашучых у такіх сітуацыях, ахапіў жах. Як туды праб’ешся? – прыгадвае Уладзімір Антонавіч.
Але праз нейкі час выйшаў супрацоўнік і аб’явіў, што хвалявацца не трэба, сёння пасольства прыме ўсіх. Неўзабаве наведнікаў запрасілі ў будынак, яны запоўнілі паперы. А праз два дні атрымалі візы.
Пірог з вішняй нагадваў пра родны Дварэц Тое падарожжа па Германіі пачалося з Кёльна.
Папковічаў сустрэлі Клаўс і Урсула Хайнэке, адразу адвялі ў прывакзальную кавярню. Падчас гэтага падарожжа было шмат абедаў у кавярнях. Нямецкія гаспадары звычайна замаўлялі сабе салату.
А Папковіч браў пірог з вішняй: – Гэта як напамін пра родны кут. Вельмі ж смачныя вішні раслі ў нашым Дварцы на Вілейшчыне. Жанчыны звычайна замаўлялі марожанае. Дзівіла тое, што ў кавярнях – сотні наведнікаў, а амаль усе афіцыянты – мужчыны.
У першыя дні падарожжа гасцей з Беларусі павялі ў прадуктовы магазін у Браўнфэльсе: – Процьма прадуктаў! Кілбасы, садавіна, гародніна. На адным падносе – 30 гатункаў кілбасы, а такіх падносаў – чатыры ці пяць, – эмацыйна распавядае Уладзімір Антонавіч. Хайнэке прапанавалі Ларысе Папковіч выбраць прадукты, каб потым прыгатаваць беларускі абед.
Нямецкіх гаспадароў беларусы частавалі баршчом і дранікамі.
– Я заўважыў, што немцы высока цэняць чалавека, які нешта ўмее. Як, напрыклад, Ларыса: не толькі боршч зварыць, але і стол упрыгожыць, і кветкі падабраць для стала, – дзеліцца Уладзімір Антонавіч.
Захапілі цікавосткі Франкфурта-на-Майне У адзін з дзён Папковічаў павезлі ў Франкфурт-на-Майне. Шмат хто са знаёмых старэйшага пакалення у 1970-80-х гадах быў у Франкфурце-на-Одэры. Хтосьці з начальства не адзін раз. А вось на Майне…
Мой субяседнік распавёў, што горад называюць яшчэ Банкфурт, таму што гэта дзелавая і фінансавая сталіца Еўропы. Будынкі банкаў відаць здалёк, яны вышэйшыя за самыя высокія новыя забудовы ў горадзе.
Майн цячэ спакойна, праз яго вядуць лёгкія, ажурныя масты, а за Майнам – раён Заксэнхаўзэн з яго музеямі ўздоўж берага ракі. Шмат славутасцяў горада тады прыцягнула ўвагу беларускіх гасцей.
Гэта кайзераўскі палац, у якім ад 1562 года ладзілі банкеты пасля каранавання каралёў. У ім жа галерэя партрэтаў каранаваных асоб. А далей – царква святога Паўла, у якой пасля рэвалюцыі 1848 года адбываліся першыя пасяджэнні Нямецкага Нацыянальнага сходу, першага парламента Германіі і там жа была прынятая першая нямецкая Канстытуцыя.
Усе цікавосткі блізка, усё ў старым горадзе: і гандлёвая вуліца Цайль, самая ажыўленая ў Франкфурце, і бацькоўскі дом пісьменніка Вольфганга Гётэ, дзе ён нарадзіўся ў 1749 годзе. Сюды Ларыса і Уладзімір Папковічы зайшлі на экскурсію.
– Нас сустрэла пажылая, даволі важная немка, якая ведае праграму экскурсіі на памяць і не адыходзіць ад яе, бо час абмежаваны, – прыгадвае Папковіч. Прафесар у гумовых ботах і саламандры ў склепе.
У горадзе Айторфе Папковічы гасцявалі ў сям’і Брыскорн. Хайдрун Брыскорн, музыкант аркестра Кёльнскага радыё, некалі была ў Віцебску. І Папковіч суправаджаў групу як перакладчык. Так і пазнаёміліся.
Домік сям’і Брыскон стаяў на ўскраіне лесу. З шашы трэба ехаць па простай прасёлачнай дарозе, дзе машыны ходзяць рэдка, як у нас з вёскі ў вёску. Каля дома гасцей сустрэў прафесар Эгбэрт Брыскорн. Уладзіміру Антонавічу асабліва запомнілася, што той быў у гумовых ботах.
Па словах Папковіча, Брысконы – незвычайная сям’я. Прафесар Эгбэрт Брыскорн працаваў у Боне ва ўніверсітэце, дзе выкладаў матэматыку. Фраў Хайдрун Брыскорн іграла на альце ў аркестры. Не проста заняць вакантнае месца ў гэтым аркестры, бо бываюць конкурсы па некалькі соцень прэтэндэнтаў. На працу яны ездзілі кожны на сваёй машыне.
Прыкладна аднолькавая адлегласць, што да Бона, што да Кёльна – недзе каля 60 кіламетраў. Брыскорны – вегетарыянцы і сапраўдныя рупліўцы за зберажэнне прыроды. У іх у склепе жывуць саламандры. А калі аднойчы Брыскорны з Папковічамі ехалі па іхняй прасёлачнай дарозе да шашы пасля дажджу, фраў Брыскорн вяла машыну так, каб перад ёй можна было паціху ісці пешшу.
Прафесар матэматыкі ішоў, пільна ўглядаючыся ў дарогу. Калі там траплялася маленькая жабка, ён браў яе ў рукі і пяшчотна пераносіў на ўзлесак, дзе яна не магла ўжо трапіць пад колы.
– У той час у мяне, магчыма, і выклікала ўсмешку, такая сентыментальнасць, – згадвае Папковіч. – Прыпаміналіся нашы дзіцячыя забавы, калі мы клалі ўпоперак бервяна дошку, на адзін канец усаджвалі жабу з сажалкі, а па другім білі нечым цяжкім, і жаба, раскінуўшы лапкі, узлятала высока ў неба.
Цяпер Уладзімір Антонавіч перакананы, што гэта дзікунства. Кажа, што яму сапраўды сорамна: – Колькі мы, беларускія паэты, напісалі вершаў пра родны край і спакойна далі і даём нішчыць жывое ў нашых палях і лясах. Хаця, здаецца, і нішчыць ужо мала чаго засталося. Як немцы не дазволілі пакаштаваць гамбургер Гуляючы па Айторфе, пісьменнік з Беларусі ўбачыў Макдональдс і сказаў, што было б здорава пайсці і пакаштаваць гамбургер.
У нас такога яшчэ не было.
Хайдрун вельмі здзівілася тады: “Ты, інтэлігентны чалавек, еў бы гамбургер? Без відэльца і нажа запіхваць у рот гэты амерыканскі прадукт, зроблены невядома з чаго? Не, не і не!” У Айторфе зладзілі сустрэчу Уладзіміра Папковіча з нямецкімі гімназістамі 12-13 класаў.
Дзеці задавалі пытанні пра тое, што будзе з Савецкім Саюзам, рэспублікамі, Беларуссю, ці ёсць атамная зброя на тэрыторыі Беларусі, а калі ёсць, то што з ёй будзе? – У мяне не запісана, што я ім адказваў, – кажа Папковіч. – Але ведаю, што не спрабаваў неяк выкруціцца, загладзіць праблемы, якіх тады хапала, да вырашэння якіх мы і сёння не прыйшлі яшчэ канчаткова.
І сёння мне адказы, думаю, даваліся б куды цяжэй.
У Германіі Папковіча, звычайнага выкладчыка ўніверсітэта, чамусьці называлі прафесарам. Спачатку ён спрабаваў аднеквацца, а потым махнуў рукой.
За вячэрай шмат гаварылі пра гісторыю Германіі.
Прафесар Брыскорн прыгадваў свае маладыя – 1960-я гады. Рэвалюцыйны уздым у студэнтаў. Падзеі ў Германіі, у Чэхаславакіі. – А мне не было што распавесці пра тыя часы, – кажа Уладзімір Антонавіч.
У 1990-я, расказаў гер прафесар, у тых дарослых палымяных некалі рэвалюцыянераў – самазадаволенасць і застой.
– Я здзіўляюся. Які застой? Вось у нас быў застой, дык застой.
А яшчэ ў адной з размоў прафесар Брыскорн спытаў у Папковіча: “Для мяне загадка. Адкуль такая незразумелая сімпатыя немцаў да рускіх?”
– Я – беларус, – адказаў Уладзімір Антонавіч. На тым і разышліся. Матэрыял прадастаўлены «Рэгіянальнай газетай»
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More