Віктар Гардзей адзначыў свой 70-гадовы юбілей
19 жніўня спаўняецца 70 гадоў знанаму паэту, празаіку, крытыку Віктару Гардзею, ураджэнцу вёскі Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Высокі юбілей заўсёды становіцца падставай для асэнсавання даробку кожнага чалавека. Асабліва творчага.
У нашым выпадку ёсць пад чым правесці рысу прамежкавага выніку. Фармальна пра гэта гавораць і дзясяткаў з тры кніг пад прозвішчам названага літаратара. Лічба, несумненна, самавітая.
Аднак не яна характарызуе пісьменніка, а, канечне, творчасць. Як было сказана напачатку, Віктар Гардзей выступае як творца ў некалькіх іпастасях. Прычым, што важна, выступае аднолькава паспяхова.
У гісторыі літаратуры творчыя партрэты ўзнікаюць па-рознаму. У некага – з большым аздабленнем лаўровым, у кагосьці – з нязначным. Шкода, што, бывае, несправядліва нязначным. Да апошніх адносіцца постаць такога мастака слова, як Віктар Гардзей.
Не сказаць, каб яго творчасць заставался зусім абмінутай увагай крытыкаў і літаратуразнаўцаў, – усё ж і пару прэмій адшкадавалі (у 1993 г. – Літаратурную прэмію імя Івана Мележа – за кнігу прозы “Уратуй ад нячыстага” і ў 2007 г. – “Залаты Купідон” – за работы ў галіне літаратурнай крытыкі).
За кнігу лірыкі “Межань” (1999) была прысуджана Дзяржаўная прэмія, якую кіраўніцтва краіны не ўручыла.
Таму і вярэдзіць знаўцаў творчасці В. Гардзея збаналізаванае “аднак”… З іншага боку, гэты беларускі літаратар застаецца хіба не адзіным на Беларусі, хто пры жыцці атрымаў ці не самую высокую ўзнагароду – ад землякоў – у выглядзе надання яго імя вуліцы, на якой і вырас будучы пісьменнік. Так адбылося на яго пяцідзесяцігоддзе.
Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся 19 жніўня 1946 г. у в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна. Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы працаваў у мясцовым калгасе “Сцяг Леніна”.
Быў карэспандэнтам Ляхавіцкай (у 1965 – 1966 гг.), затым з 1966 г. Ганцавіцкай раённай газеты. (раён з цэнтрам у Ганцавічах на працягу 1962 – 1966 гг. быў расфарміраваны ў рамках палітыкі ўзбуйнення паміж Ляхавіцкім і Лунінецкім раёнамі.) В. Гардзей завочна закончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). З пераездам у Мінск (1983) працаваў у часопісах “Беларусь”, “Родная прырода”, “Маладосць”, “Вожык”, выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Завяршыў свой працоўны шлях толькі летась – у газеце “Літаратура і мастацтва”. Такім чынам, маем блізкі да тыповага для філалагічнага пакалення шлях у вялікую літаратуру яшчэ аднаго беларускага вяскоўца.
Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1963 г. яшчэ школьнікам. Пачынаючы з сярэдзіны 1970-х гг., выдаў больш чым два дзясяткі кніг прозы і вершаў. Творчаму амплуа В. Гардзея пакарыліся розныя пісьменніцкія іпастасі. Дастаткова пералічыць асноўныя, каб уявіць дыяпазон таленту: паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, крытык і журналіст. Апошняя з пералічаных была галоўнай у працадзейнасці В. Гардзея без малога два дзясяткі гадоў – з 1965 па 1984 г.
У 1979 г. В. Гардзеў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Гэту падзею, аднак, наўрад ці можна лічыць вехай у эвалюцыі творчасці аўтара. Да таго часу ён выдаў тры кнігі вершаў: «Касавіца» (1975), «Веснавое палясоўе» (1978) і дзіцячую – «Чырвоны нрабенчык» (1976). Таму ўступленне ў творчую арганізацыю варта расцэньваць перадусім як прызнанне прафесійнасці пяра творцы.
Відавочна, В. Гардзей не спяшаўся адарвацца ад каранёў – пакідаць родны кут. Хоць па ўступленні ў Саюз пісьменнікі ў той час мелі магчымасць атрымаць кватэру ў сталіцы рэспублікі ці абласным цэнтры. Да таго ж кватэра не перашкодзіла б: В. Гардзей якраз пачаў вучыцца ў галоўным вну краіны.
Аднак трымаў творчы асяродак, створаны галоўным рэдактарам ганцаўскай “раёнкі” Васілём Праскуравым (1926 – 1987).
Пад яго крылом узгадаваліся такія вядомыя творцы, як паэты Міхась Рудкоўскі (1936 – 1991), Iван Кірэйчык (1935 – 1996), Алесь Каско (нар. у 1951 г.), перакладчык і публіцыст Міхась Дубянецкі (1927 – 1990).
Пераезд у Мінск адбыўся, калі ўзрост В. Гардзея падкрадаўся да пятага дзясятка. Несумненна, увесь гэты час адбывалася назапашванне жыццёвага і творчага досведу, што пасля ў многім спрычынілася да выспельвання мастацкіх твораў.
Той перыяд пісьменнік не проста правёў сярод людзей, жыццё якіх затым стала творчай крыніцай, – як журналісту яму хоцькі-няхоцькі даводзілася бачыць і аналізаваць самыя розныя экзістэнцыйныя праявы.
Журналісцкая работа, аднак, наўрад ці пакідала багата часу на творчасць мастацкую. Таму пераезд у Мінск, які азначаў найперш перспектыву, такі адбыўся. Гэта адразу сказалася на выдавецкай актыўнасці В. Гардзея.
Адна за адной выходзяць кнігі – паэтычныя, празаічныя і – у самога ж дзеці! – для маленькага чытача: «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата – трактарыст» (1989).
З вышэйсказанага відаць, што пераезд у Мінск для творчай эвалюцыі В. Гардзея становіцца этапным. Да канца 10-годдзя васьмідзясятых заставалася не так і шмат. Але ў сярэднім на кожны год адна кніга з прозвішчам малосянца сыходзіць з друкарскага варштата. Акрамя таго, па розных перыядычных выданнях параскіданы літаратуразнаўчакрытычныя артыкулы, журналісцкія матэрыялы.
Спрычынялася тое, што па-ранейшаму працаваў журналістам. Але цяпер – у рэспубліканскіх выданнях. Таму гэта была ўжо не столькі голая, навінная журналістыка (як у раёнцы), колькі пісьменніцкая і рэдактарская праца.
У той жа час эпоха, да якой можна па-рознаму адносіцца, але нельга не прызнаваць яе маштабнай велічы, імкліва заканчвала сваё існаванне. Мастацкая літаратура па-свойму адзывалася на перамены. Гэта адчуваецца і па творах В. Гардзея. Не сказаць, што ў яго прынцыпова пашырылася кола тэм, — ён заставаўся адданым летапісцам падзей свайго роднага куточка.
Аднак датычна праблемнасці пяро, несумненна, завастрылася. Зрэшты, фактычна В. Гардзей толькі надаў кантраснасці таму, што ў яго ўжо ўздымалася ў ранейшых творах, і душэўнасці, што і так трымцела ў грудзях і прасілася на паперу. З гэтай прычыны нават самыя вострасацыяльныя творы пісьменніка ствараюць вакол сябе ауру лірычнасці.
Атрыманне краінай незалежнасці, трансфармацыя каштоўнаснай парадыгмы і лібералізацыя грамадскіх варункаў сказалася на творчасці В. Гардзея дабратворна: прасторней раскрыўся светапоглядны і гістарычны дыяпазон – як у прозе, так і ў паэзіі.
Аўтар не абыходзіць праблемы, якія ў савецкі час далікатна абміналіся – напрыклад, першыя гады калектывізацыі на Заходняй Беларусі (раман “Бедна басота”, 1995).
У вершах закранае шматлікія вострыя пытанні гісторыі і актуальнага жыцця. Так, сказаў В. Гардзей сваё слова па моўнай праблеме, экалогіі. І наогул не абыходзіў увагай як сацыяльныя балячкі дзяржаўнага ўзроўню, так і сваёй роднай мясцовасці.
Адметнай з’явай айчыннай літаратуры стала творчасць для дзяцей гэтага аўтара. Прычым яго можна лічыць роданачальнікам такога нестандартнага падыходу пры аповедах пра прыроду, як лірычныя вершаваныя даведкі пра занесеныя ў Чырвоную кнігу віды жывёл і раслін.
Важна, што сёння творы гэтага аўтара выдаюцца і перавыдаюцца, г. зн. маюць чытацкі попыт і тым самым атрымліваюць найвышэйшую ацэнку. За апошнія чвэрць стагоддзя ў В. Гардзея выйшла блізу дваццаці кніг.
Гэта, да прыкладу: апавяданні і аповесці «Уратуй ад нячыстага» (1995), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997), «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), раман “Бедна басота” (2003); зборнікі вершаў «Дзікая пчала» (1994), “Зялёныя дажджы” (1997), “Межань” (1999), “Трыадзінства” (2010); нарэшце вершаваныя кнігі для дзяцей «Зай, які лічыў варон» (1991), «Зайкава балалайка» (1998), “Малая дзіцячая Чырвоная кніга” (2008), “Малая дзіцячая Чырвоная кніга. Ахоўная флора” (2010), “Сарочына цырульня” (2013), “Мудры воран” (2013), “Лясная трывога” (2015).
Цяпер Віктар Канстанцінавіч на заслужаным адпачынку. Але гэта не азначае, што пяро адкладзена ў бок. З няменшай рэгулярнасцю мы сустракаем яго публікацыі на старонках перыёдыкі. Новых твораў В. Гардзея асабліва чакаюць землякі.
Творчая актыўнасць пісьменніка спараджае ўпэўненасць, што свежыя вершы, апавяданні і працяг рамана будуць, і мы даведаемся пра лёсы як старых, так і новых герояў. Касавіца (назва самай першай кнігі В. Гардзея) працягваецца.
Новости
- 17:10 Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку
- 12:19 Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
Из рубрики
Оскар 2025: кто лауреаты и новый рекорд
Шон Бейкер вошел в историю: его фильм «Анора» получил Золотую пальмовую ветвь и завоевал пять «Оскаров», в том числе за лучший фильм, лучшую режиссуру и лучшую женскую роль. 97-я церемония вручения премий Американской киноакадемии вынесла свой вердикт.
Тайны смерти Яниса Тиммы: обвинения, слухи и загадочные совпадения
История с трагической гибелью латвийского баскетболиста Яниса Тиммы продолжает обрастать новыми подробностями. В центре внимания оказалась его бывшая жена, певица Анна Седокова. Ее последние признания в социальных сетях стали еще одним поводом для обсуждений.