Свята вёскі Задуб’е: і весела, і сумна + Фотарэпартаж
Вёска Задуб’е першай на Ганцаўшчыне ў гэтым годзе адзначыла традыцыйнае свята вёскі, якое прайшло ў нядзелю, 12 жніўня. Песнямі, танцамі ў сонечны дзень, а значыць, і з добрым настроем сустракалі арганізатары свята вяскоўцаў і гасцей каля клуба-бібліятэкі.
З 11 гадзін амаль да вечара весялілі самадзейныя артысты з Задуб’я, Ліпска і Малькавіч гледачоў. Для загадчыцы Задубенскага сельскага клуба-бібліятэкі Марыі Дабралінскай, якая працуе тут зусім нядаўна, гэта было дэбютнае мерапрыемтва такога маштабу. Яна як руплівая гаспадыня завіхалася, паспяваючы быць і вядучай, і салісткай.
Упрыгожваннем свята стала выстава майстроў народных промыслаў, вышывальшчыц і ткачых Таццяны Міхайлаўны Валасюк, Марыі Раманаўны Маляўкі і Ганны Фёдараўны Шпандарук.
Як і павялося на розных святах, “сагрэўшы душу” спіртным напоем, весялілі народ і амаль цыркавыя нумары на падтанцоўцы паказвалі тры вясковыя дзецюкі Уладзімір Валасюк, Іван Завадскі і Анатоль Валасюк. Яны так па-заліхвацку танцавалі, куляліся праз галаву і рабілі акрабатычнае практыкаванне “кола”, што іх экспромт выклікаў смех прысутных.
Конкурс прыпевак пад гармонік і барабан для задубенцаў, відаць, быў адным з самых займальных, бо спявалі іх жанчыны і мужчыны наперабой. А некаторыя пра нялёгкае жыццё на трасянцы былі нават з палітычным падтэкстам: “Рыбу я не покупаю, мясо я не кушаю, чарку брагі габляну, Лукашэнку слушаю”.
Віншавалі на свяце дзве сем’і, Андрэя і Галіну Грушукевічаў і Мікалая і Галіну Валасюкоў, якія адзначылі 10 гадоў сумеснага жыцця. Падарункі, па паўмяха збожжа з новага ўраджаю, мужчыны пацягнулі дадому.
Не забыліся клубныя работнікі і старшыня сельсавета пра самых пажылых жыхароў, пра гаспадароў, якія маюць прыгожыя падвор’і. Дарэчы, пераможцамі ў конкурсе “Лепшы эстэтычны падворак вёскі” стала сям’я Таццяны Станіславаўны і Валерыя Антонавіча Валасюкоў, за што і атрымалі падарунак ад старшыні сельсавета Ніны Буйкевіч.
Самыя маленькія жыхары Задуб’я прадставілі цэлы канцэрт і больш за дзесяць канцэртных нумароў запар. І хоць іх праграма крыху зацягнулася, пакрыўдзіць маленькіх артыстаў дарослыя не хацелі, бо вельмі ж яны стараліся.
Прыгожая вёска, ветлівыя і дабрадушныя людзі, але яна павольна памірае. Амаль палова пустых дамоў засталася, ды і тыя прадаюць і вывозяць. Сярод жыхароў большасць пенсійнага узросту, нараджальнасць дзяцей зусім маленькая. У гэтым годзе у 1 клас не пойдзе ніводнае дзіця.
Кульмінацыяй напрыканцы свята стала традыцыйная бяспройгрышная латарэя, на якую вяскоўцы не шкадавалі па 7 тысяч рублёў за адзін білет. Аж 70 прызоў Леанід Блінкоўскі з смешнымі каментарамі, якія ён прыдумваў на хаду, уручаў пераможцам. Зайздросцілі мужчыны асабліва прызу пенсіянеркі Аляксандры Нестараўны Малышкі. На яе білет выпала пляшка гарэлкі. І хоць жанчына не ўжывае гэты напой, але ад падарунка не адмовілася “Можа, якому з зяцёў падабрэю, калі налью шклянку”, – жартам сказала Аляксандра Нестараўна.
Экспромтам стаў адзін з апошніх нумароў на свяце, які не быў пазначаны у праграме – загадчыца клуба Марыя Дабралінская аб’явіла, не папярэджваючы, нумар для аўтара гэтага артыкула. Адмаўляцца было няёмка і прыйшлося браць у рукі гармонік і спяваць. Добра атрымалася ці не, але вяскоўцы аддзякавалі моцнымі апладысментамі.
Ад’язджаючы з добрым настроем, усё ж было крыху сумна. Сумна і балюча, бо, гледзячы на добрых і адкрытых вяскоўцаў, разумеў, што, на вялікі жаль, у Задуб’я пакуль няма перспектывы. І дзень вёскі праз дзясятак-другі гадоў святкаваць ужо не будзе каму. Але надзея жыве, жыве ў сэрцах таленавітых і працавітых задубенцаў, якія па-сапраўднаму любяць сваю вёсачку. А крык-заклік Марыі Раманаўны Маляўкі закрануў душу да глыбіні душы. “Аднавяскоўцы! Канечне, шкада, што моладзь не застаецца, але ж трэба прывіваць любоў да сваёй вёскі, старацца і тлумачыць нашым дзецям, каб заставаліся, каб давалі нашаму Задуб’ю новае жыццё!” – сказала пенсіянерка. А можа, яна мудрэйшая, і так і будзе.
Новости
- 12:32 Костюковичи проведут День белорусской письменности 5 и 6 сентября
- 11:11 С карты Беларуси исчезли 18 деревень – Витебская область в лидерах
- 18:35 Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт