Як адна вялікая сям’я

Шумна, весела і адметна адзначылі штогадовае свята вёскі Задуб’е мясцовыя жыхары, якія сабраліся ў мінулую нядзелю, 11 жніўня, каля сельскага клуба. На фэст прыйшлі задубенцы ад малога да старога, на малую радзіму таксама завіталі былыя выпускнікі Задубенскай школы, якіх лёс параскідаў па розных кутках Беларусі і іншых краін былога Савецкага Саюза.

Злева направа: Міхаіл Пракапчук, Міхаіл Малышка, Сяргей Берташ, Фёдар Маляўка, Мікалай Маляўка
Злева направа: Міхаіл Пракапчук, Міхаіл Малышка, Сяргей Берташ, Фёдар Маляўка, Мікалай Маляўка / Фото: Пётр Гузаевский

Невялічкая вёска Задуб’е знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра. У будзённыя дні вуліцы вёскі нешматлюдныя, людзі заняты сваімі паўсядзённымі вясковымі справамі, затое ў святы вёска ажывае.

Вось і ў гэтую нядзелю цэнтр вёскі нагадваў разварушаны мурашнік – прыехалі госці і знаёмыя, дзеці і ўнукі задубенцаў з вёсак, райцэнтра, з іншых мясцін Беларусі, Расіі і Украіны. На гэты раз на мерапрыемства запрасілі і былых выпускнікоў мясцовай школы розных гадоў, старэйшых настаўнікаў, якія жывуць у вёсцы і знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Назіраючы за прысутнымі, можна было сказаць, што на свята вёскі сабралася адна вялікая сям’я.

Мерапрыемства праходзіла хоць і традыцыйна, але вельмі шчыра і пранікнёна. Самыя цёплыя і шчырыя пажаданні прагучалі ў адрас доўгажыхароў Максіма Тарасавіча Маляўкі і Вольгі Емяльянаўны Сідарэвіч, якім у жніўні гэтага года спаўняецца адпаведна 92 і 91 гады. Гэтыя людзі – жывая гісторыя вёскі, захавальнікі традыцый і культуры. Ушаноўвалі на свяце і самага юнага жыхара Сцяпана Малышку, і тых вяскоўцаў, хто ў жніўні адсвяткуе юбілейны дзень нараджэння, – Алёну Стрыжыц, Вольгу Рабцэвіч, Ірыну Валасюк, Аляксандра Сідарэвіча і Людмілу Грышукевіч.

Віншаванні прымалі таксама стараста вёскі Сцяпан Сідарэвіч з жонкай, якія «пераступілі» 45-гадовы рубеж сумеснага жыцця. На свята прыйшлі і “сярэбраныя” маладажоны Галіна і Міхаіл Валасюкі. “На працягу доўгіх гадоў гэтыя пары з’яўляюцца прыкладам для маладых сем’яў”, – аб’явілі са сцэны вядучыя і пажадалі: – Шчасця вам і доўгай-доўгай любові!”

Добрай традыцыяй на свяце стала цырымонія ўзнагароджвання лепшых гаспадароў, чые сядзібы прызнаюцца самымі дагледжанымі і прыгожымі. Таксама ў час свята працавала выстава работ народных умельцаў вёскі. Майстры з “залатымі рукамі” Ганна Шпандарук, Людміла Грышукевіч, Таццяна Валасюк, Марыя Маляўка і Ганна Малышка прынеслі на ўсеагульны агляд свае вырабы: ручнікі, посцілкі, карціны.

Але не толькі на вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва здольны задубенцы. Ёсць тут і свой “жаўранак” – спявачка, без якой не абыходзіцца ні адно свята ў вёсцы, ні адно выступленне на мерапрыемстве. Гэта Марыя Малышка. “Яна з самага дзяцінства ўлюбёная ў песню, – сказала пра яе вядучая. – Думаю, кожны са мной пагодзіцца, што сваімі спевамі Марыя дарыць людзям радасць”. І спявачка ў чарговы раз не расчаравала гледачоў.

На свяце вёскі далі слова і былым настаўнікам: Сяргею Іванавічу Берташу, Еве Міхееўне Малышцы і Лідзіі Васільеўне Сідарэвіч. Дарэчы, Сяргей Іванавіч з 1954 года працаваў у Задуб’і настаўнікам матэматыкі, а з 1953 па 1965 гады быў дырэктарам школы. За гады яго працы Задубенскую школу скончылі больш за 1500 выпускнікоў. Многія з іх у гэты дзень спецыяльна прыехалі на свята, сустрэліся з былым дырэктарам як з родным. Яны ўспаміналі былое, гаварылі пра сённяшні час, фатаграфаваліся на памяць і горача абдымаліся.

“Мае выпускнікі што родныя дзеці мне,” – расчулена гаварыў Сяргей Іванавіч. А яго вучні з цікавасцю слухалі ўспаміны свайго настаўніка. Па яго словах, каля паўстагоддзя таму ў Задуб’і пражывала 840 чалавек, а ў школе штогод навучалася каля 250 вучняў. “Цяпер ва ўсёй вёсцы столькі людзей ці засталося…” – са шкадаваннем адзначыў настаўнік.

Адна з выпускніц, цяпер жыхарка райцэнтра, прадпрымальнік Галіна Чумакова на свята прыехала з падарункамі, і не толькі з матэрыяльнымі, але і музычнымі – у яе выкананні прагучала некалькі песень. Таксама ў культурнай праграме свята прынялі ўдзел і іншыя мясцовыя самадзейныя артысты.

Прыемным і напружаным момантам свята стаў розыгрыш латарэйных білетаў. Найбольш пажаданымі “лотамі” былі мяхі з зернем. Але лыжкай дзёгцю, па словах вяскоўцаў, стала тое, што замест абяцаных пяці мяхоў ячменю старшыня СВК “Бярозавец” даў толькі чатыры мяхі ячменю і адзін мех жыта. Ды і зерне было вельмі дробным. “Калі ў гаспадарцы ўвесь такі ўраджай, то няхай бы схавалі яго, а не на вочы людзям выносілі, – казалі задубенцы. – Ці мо старшыня аддаў тое, што самому не патрэбна, а выкінуць шкада?!.”

Старшыня СВК “Бярозавец” Уладзімір Бялоў па тэлефоне сказаў карэспандэнту, што даць некалькі мяхоў зерня з нагоды свята вёскі Задуб’е было добрай воляй кіраўніцтва гападаркі. “Мы пайшлі насустрач арганізатарам свята і далі столькі зерня, колькі ў нас папрасілі. Дарэчы, свята вёскі не мае ніякага дачынення да нашай гаспадаркі, з Задуб’я ў нас працуюць толькі некалькі чалавек, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Увогуле, я не разумею, чаму людзі скардзяцца, што атрымалі жыта. Яго ж таксама можна даваць на корм жывёле ці змалоць на муку – у добрага гаспадара нічога не прападзе”.

Из рубрики