Ксёндз Алег Шпець правёў у Ганцавічах апошнюю імшу

З кветкамі, словамі падзяк і віншаванняў, са слязамі на вачах прыхаджане ганцавіцкага касцёла ў нядзелю 6 ліпеня прыйшлі на развітальную ўрачыстую імшу, якую правіў у апошні раз у Ганцавічах ксёндз Алег Шпець . Малады святар-місіянер, які на працягу сямі гадоў быў настаяцелем касцёла, атрымаў новае прызначэнне і павінен адбыць у Гродна, каб выканаць адказнае духоўнае заданне – пабудаваць там новы касцёл.

Пасля службы па просьбе прыхаджан ксёндз Алег спяваў разам з імі песню
Пасля службы па просьбе прыхаджан ксёндз Алег спяваў разам з імі песню / Фото: Пётр Гузаевский

У гэты дзень у касцёл на дзённую імшу сышліся практычна ўсе прыхаджане, каб выказаць пашану і ўдзячнасць свайму святару, які стаў для кожнага католіка сапраўды прызнаным духоўным айцом. Маладыя сем’і прыйшлі ў касцёл з маленькімі дзецьмі. Па-святочнаму апранутыя, а многія з кветкамі ў руках, людзі, аднак, былі засмучанымі: нялёгка было перажываць момант развітання.

Святая імша праходзіла ў кранальнай атмасферы: дружна молячыся і спяваючы, слухаючы прамову святара, прыхаджане раз-пораз выціралі слёзы. Імша адбывалася на беларускай мове, і нават самыя старэйшыя прыхаджане, якія прывыклі маліцца па-польску, прамаўлялі малітвы на роднай мове.

Напрыканцы імшы ксёндз Алег звярнуўся да вернікаў са словамі падзякі за актыўны ўдзел у жыцці касцёла, за падтрымку ва ўсіх касцельных справах, за клопат пра яго самога і папрасіў прабачэння ў тых, каго, магчыма, неспадзявана пакрыўдзіў ці абдзяліў увагай. Было відавочна, што прыхаджане сталі яму таксама дарагімі і блізкімі, і тыя паўзы, калі ён стараўся справіцца са сваім хваляваннем, запаўняліся шквальнымі апладысментамі вернікаў.

Падзяка ж вернікаў святару, здавалася, была бясконцай. На працягу амаль цэлай гадзіны ў сваіх выступленнях яны імкнуліся выразіць усе свае пачуцці і ўражанні, выказаць глыбокае шанаванне ксяндзу, запэўніць яго ў тым, што асэнсавалі ўвесь аб’ём той працы, якую ён рабіў на працягу сямі гадоў. Са словамі падзякі выступіла старшыня касцельнага камітэта Марыя Рабцэвіч, якая адзначыла ў выступленні : “Вы, ксёндз Алег, былі для нас добрым прыкладам ва ўсім, маглі супакоіць нас і ўцешыць, навучалі спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі і спадзявацца на Бога”. Дзякавалі прыхаджане Казімір Іруць, Людміла Курловіч і Марыя Заляценка, ад міністрантаў выказаўся Ілья Багатыроў, ад імя моладзі – Віка Гуліцкая. Мнагадзетная маці Алёна Рылка з Люсіна сказала: “Вы пахрысцілі чатырох нашых малодшых дзетак, умацавалі нас з мужам у веры. Бываючы ў нас дома, вы паводзілі сябе проста, спявалі з намі песні. Вы значыце для нас вельмі шмат…”.

Малады святар стаў ініцыятарам стварэння сямейных суполак Маці Божай (Нотардам), якія разгарнулі актыўную дзейнасць пры касцёле. Вялікім дружным калектывам паўсталі сямейныя пары перад алтаром, каб сказаць словы ўдзячнасці духоўнаму айцу. Яны адзначылі, што жыццё іх напоўнілася духоўным зместам, верай і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, што яны ўбачылі рэальны сэнс і зразумелі важнасць духоўнага выхавання сваіх дзяцей, а таксама набылі многа сяброў і аднадумцаў.

У выступленнях адзначалася, што за гады святарскай паслугі ў Ганцавічах ксёндз Алег зрабіў вельмі шмат для прыхода і касцёла. Ён прадоўжыў добрыя традыцыі правядзення святой імшы ў вёсках раёна, штогод арганізоўваў удзел прыхаджан у пілігрымках да Маці Божай Лагішынскай і Маці Божай Будслаўскай (а сёлета адбыліся пілігрымкі ў Польшчу да Маці Божай Чанстахоўскай і па мясцінах жыцця і дзейнасці Святога Яна Паўла ІІ), наладжваў адпачынак дзяцей і моладзі ў іншых прыходах Беларусі і за мяжой. Дарэчы, сам ксёндз пастаянна выязджаў у іншыя парафіі і за мяжу, каб святарскай паслугай там зарабіць грошай на патрэбы касцёла.

За час працы ў Ганцавічах ксёндз Алег, маючы вышэйшую духоўную адукацыю, паступіў у Варшаўскі тэалагічны ўніверсітэт Стэфана Вышынскага, паспяхова яго закончыў і атрымаў ступень доктара тэалогіі. Акрамя таго, што ён асабіста сам праводзіў урокі рэлігіі з дзеткамі ўсіх узроставых груп, ён знаходзіў час, каб выкладаць лекцыі ў Пінскай духоўнай семінарыі і Баранавіцкім катэхетычным каледжы.

Ды і тэрыторыя вакол касцёла за гэты час набыла яшчэ больш эстэтычны выгляд і напоўнілася рэлігійным зместам: была рэканструявана каплічка Маці Божай і пабудавана каплічка Святога Іосіфа. Было зроблена асобнае памяшканне для правядзення ўрокаў рэлігіі, выканана рэканструкцыя плябані (жылога будынка). Шмат намаганняў прыклаў ксёндз, каб адрамантаваць дах касцёла і ацяпліць храм. І ўнутры касцёла праведзена рэканструкцыя службовых пакояў, практычна ўсё арганізавана і заказана для замены алтара. Заўсёды разам з прыхаджанамі працаваў і ксёндз Алег: яго можна было ўгледзець і з касою ў руках, і з малатком, і на рыштаваннях.

Ксёндз быў добрым прыкладам для сваіх вернікаў як у духоўным, так і ў паўсядзённым жыцці.

Дзякавалі прыхаджане Богу і маліліся за бацькоў ксяндза Алега Шпеця, якія выхавалі такога сына.

Ксёндз узгадаў добрымі словамі і падзякаваў арганізацыям, якія аказвалі дапамогу і падтрымку: ПМК-14, лясгасу, ААТ “Модуль”, СВК “Дубнякі” і “Бярозавец”, раённаму Дому культуры, а таксама газетам / і “Савецкае Палессе”, якія інфармавалі жыхароў раёна пра мерапрыемствы і святы, што ладзіліся пры касцёле.

Галоўны рэдактар “ГЧ” Пётр Гузаеўскі, якому таксама прадаставілі слова, адзначыў: “Сем гадоў таму “Ганцавіцкі час” пісаў радасную навіну пра тое, што ў касцёле новы ксёндз, а зараз навіна крыху сумная: ксяндзу даручана іншая місія, і ён едзе на месца новага прызначэння. Ксёндз Алег пакінуў след у гісторыі Ганцаўшчыны не толькі на старонках газеты, але і ў сэрцах і памяці жыхароў. Ён змог сабраць і ўмацаваць каталіцкую супольнасць, аб’яднаць моладзь і сем’і. Дзякуючы яму ў касцёле загучала беларуская мова”.

Узгадваючы, што ксёндз Алег прасіў успамінаць яго не столькі асабіста, колькі ў місіі служэння Богу, Пётр Паўлавіч сказаў: “Бог і бацькі далі нам самае галоўнае – жыццё і дзень нараджэння, і ксяндза Алега я буду абавязкова ўспамінаць, таму што нарадзіліся мы з ім у адзін дзень, 13 верасня. У думках я буду жадаць, каб Бог і надалей яму дапамагаў”.

Прыхаджане пажадалі ксяндзу Алегу моцнага здароўя, бясконцай жыццёвай энергіі, творчых поспехаў, выказалі ўпэўненасць у тым, што пад яго кіраўніцтвам з Божай дапамогай і пад апекай Маці Божай новая святыня абавязкова будзе пабудавана і ксёндз стане духоўным айцом для тысяч іншых прыхаджан.

Из рубрики