Амбіцыі новага дырэктара на карысць КПД

Новы дырэктар Ганцавіцкага КПД быў прызначаны на мінулым тыдні і 12 лістапада  афіцыйна прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. Змены кіраўніка не сталі нечаканымі – на пасаду кіраўніка прадпрыемства, як і меркавалася, прызначаны Мікалай Паўловіч. Да гэтага ён займаў пасаду начальніка ўчастка «Ганцавічы» філіяла аўтапарка №10 г. Лунінца. У мінулы чацвер на сходзе Мікалай Мікалаевіч быў прадстаўлены калектыву КПД.

Новапрызначаны дырэктар Ганцавіцкага КПД Мікалай Мікалаевіч Паўловіч.
Новапрызначаны дырэктар Ганцавіцкага КПД Мікалай Мікалаевіч Паўловіч.

Аб тым, як адчувае сябе на пасадзе аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў новы дырэктар КПД, якія перамены чакаюць работнікаў прадпрыемства і якія перспектывы бачыць Мікалай Паўловіч, у аўторак гутарыў галоўны рэдактар «ГЧ».
 
– Якім быў першы дзень на прадпрыемстве і як Вы настроены на працу?

– У чацвер адбылася першая сустрэча з калектывам КПД. На сход прыязджаў генеральны дырэктар «Брэстжылбуда» Аляксандр Іванавіч Раманюк, які расказаў пра агульнае становішча спраў у арганізацыі. Я таксама выказаў работнікам сваё бачанне сітуацыі.
Магу адзначыць, што калі мне пранавалі ўзначаліць КПД, я не хваляваўся. З КПД я супрацоўнічаў, спецыфіку працы ведаю, таму ніякага страху перад новай працай не было. У мяне ёсць бачанне новай працы, я ведаю, што патрэбна зрабіць. Хоць і не спадзяюся, што тут будзе лёгка. І ўжо зараз мне не хапае 24-х гадзін у сутках.

– Што збіраецеся зрабіць у першую чаргу?

– Першае што мы будзем рабіць, – гэта наводзіць парадак, рабіць тое, што не патрабуе ўкладання грошай. Калектыў тут добры, але ёсць усё ж моманты, якім патрэбна надаць увагу, каб не было расхлябанасці. У першую чаргу буду надаваць увагу строгаму выкананню службовых абавязкаў, працоўнаму распарадку і стварэнню бяспечных умоў працы. Здароўе і жыццё людзей – гэта найважнейшыя крытэрыі. Нельга дапускаць трагічных здарэнняў, якія, на жаль, мелі месца на прадпрыемстве.
З першых дзён езджу і наладжваю кантакты з пастаўшчыкамі матэрыялаў і заказчыкамі. Таксама спрабую неяк спаганяць пратэрмінаваныя даўгі. І асабістыя размовы з кіраўнікамі будаўнічых арганізацый, я спадзяюся, хоць часткова дадуць станоўчы вынік.

– Як Вас прынялі  работнікі прадпрыемства, і як Вы ацэньваеце атмасферу ў калектыве КПД?

– Я ўдзячны за цёплы прыём.  Шчыра кажу: калектыў прафесійны, і я вельмі рады, што спецыялісты дапамагаюць мне не ўскладаць усё і цягнуць на сабе, як гэта было ў аўтапарку. Я не настроены рабіць нейкіх кадравых перамен і скарачэнняў. Бачу, што людзі  настроены самааддана працаваць. І хоць зараз няпроста працаваць, калі заказаў не так шмат, паспрабую захаваць прыстойную зарплату работнікам. Пакуль што рэнтабельнасць у гэтым годзе па выніках дзевяці месяцаў склала  14,7%. Наогул, падразаць зарплаты нават узімку не плануем, хоць і будзем менш загружанымі. У мяне мэта цяпер закупіць матэрыялы, каб зіму адпрацаваць без зрываў.

– Ці адчуваеце Вы падтрымку кіраўніцтва «Брэстжылбуда»?

– Так, такое спадзяванне ёсць. Для нас адным з галоўных фактараў фінансавай устойлівасці з’яўляецца наяўнасць бесперапыннай вытворчасці і аб’ёмаў па выпуску нашай прадукцыі. І калі будуць аб’ёмы, мы можам працаваць у некалькі змен на поўную загружанасць. Сёння я гутарыў з намеснікам генеральнага дырэктара «Брэстжылбуда» Дзмітрыем Анатольевічам Сапешкам, і ён мне сказаў, што ў Баранавічах пасля новага года плануецца ўзвядзенне трох шматпавярховых дамоў па тэхналогіі «Шырокі крок». Акрамя гэтага, у планах на 2016 год тры дамы ў Пінску, адзін у Баранавіцкім раёне і яшчэ па адным 40-кватэрным доме ў Ганцавічах і Мікашэвічах.

– Як Вы ацэньваеце свае асабістыя якасці і здольнасці  як кіраўніка з немалым калектывам у больш за 200 чалавек і з даволі складанай вытворчасцю?

– У мяне амбіцыі здаровыя па натуры. Я максімаліст і  не магу сядзець на месцы і глядзець спакойна, калі нешта ідзе не так. У мяне такі падыход: прыйшоў на працу, закачаў рукавы і працуй, патрабуй выніку ад сябе і ад  работнікаў. А калі цяжка, гэта павінна праходзіць з трайной энергіяй. І пры гэтым важна яшчэ захаваць чалавечыя адносіны як да работнікаў, так і да заказчыкаў. Вядома ж, што іншы раз патрэбна ісці на ўступкі. Напрыклад, калі  ёсць дагавор на выпуск пліт, а ў адначассе заказчык не можа заплаціць, то, можа, варта і адпусціць прадукцыю, пачакаўшы на аплату. Усе  людзі разумеюць адзін аднаго, аддадуць жа грошы, бо будаўніцтва ажыццяўляецца за дзяржаўны кошт. Гэта лепш, чым сказаць: „Ідзіце, людзі, дадому, бо няма працы”.

– Часта даводзілася чуць, што рынак падзелены, што цяжка ўклініцца, каб павялічыць аб’ёмы вытворчасці за кошт кантрактаў на пастаўку прадукцыі ў іншыя вобласці. Ваша меркаванне на гэты конт?

– У мяне якраз і ёсць такія планы – шукаць новыя рынкі, дзе наша прадукцыя можа быць запатрабаванай. Вось Мінская вобласць побач. Чаму не паехаць і не прапанаваць? Нашы панэлі трохі даражэйшыя за гомельскія, але па якасці лепшыя адназначна, таму што ганцавіцкія панэлі больш трывалыя і даўгавечныя. У нашых плітах металу нашмат больш, чым у канкурэнтаў, і гэты аргумент вельмі важны для бяспекі тых людзей, якія будуць жыць у гэтых дамах.

Из рубрики