Любашаўцы хвалююцца за будучыню сваёй вёскі

Пра вёску Любашава можна сказаць, што гэта малады і квітнеючы куточак, бо сярэдні ўзрост жыхароў тут – 38 гадоў. Пры гэтым яна даволі вялікая, бо пражывае тут 1038 жыхароў.

Аляксандр Мікалаевіч Плотка.
Аляксандр Мікалаевіч Плотка. / Фото: Светлана Малышко

Але вяскоўцы чамусьці не вераць у росквіт сваёй вёскі, прадракаючы сумную будучыню, якая напаткала ўжо многія вёскі нашага раёна. Яны лічаць, што працэс вымірання вёскі запушчаны, і яго ўжо не спыніш.

«Я б сказала Прэзідэнту: дайце людзям жыллё і зарплату…»

Алена Адамаўна Плотка, якой на пачатку мая споўнілася 83 гады, пераехала яна на Ганцаўшчыну з Ляхавіцкага раёна яшчэ 18-гадовай дзяўчынай.

«Прыехала сюды будаваць сушыльны завод, ды так і засталася назаўсёды. Вось ужо хутка 65 гадоў міне з той пары», – сказала Алена Адамаўна.

Бабуля ўспамінае свае першыя ўражанні ад вёскі.

«Некалі, памятаю, каровы ў брудзе тапіліся, машыны буксавалі, такая калатуша на дарозе была, – успамінала яна. – Цяпер у тапках людзі ходзяць, суха і чысценька ўсюды».

Алена Плотка гаворыць, што цяпер у іхняй вёсцы зручна жыць.

«О, каб мы раней так лёгка жылі! Памперсы, індэзіты, мікравалноўкі – усё на палёгку моладзі, – сказала яна. – У нас у вёсцы цяпер жывуць па-гарадскому. За вадой не трэба бегаць да калодзежа. Газ правялі, вяскоўцы таксама цяпер з гарачай вадой, зручнасці ў хатах парабілі розныя. І чаму тут не жыць?»

Але распаўсюджаная тэндэнцыя, калі моладзь пакідае малую радзіму, не абмінула і Любашава. На пытанне «А чаму так?» адказала:

«Едуць вучыцца ў вялікія гарады, пасля вучобы маладым даюць накіраванне ў іншыя гарады. Хто ж сюды вернецца, калі паспытаў жыцця ў вялікім горадзе? Тут ім сумна. Адно слова – глуш…»

Каб змяніць сітуацыю ў зваротны бок, па меркаванні Алена Адамаўны, моладзь трэба заахвоціць: даць жыллё, працу і добрыя заробкі.

Жанчына дадала, што каб Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Ганцавічы, дык яна сама б пайшла да яго на размову: «Я б яму сказала тое, што і вам: стварыце людзям спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы. Дайце зарплаты, пра якія гаварылі – па 10 мільёнаў! Я ж тэлевізар гляджу, і там шмат казалі пра гэта. От каб людзі столькі зараблялі, дык трымаліся б абедзвюма рукамі за месца, нікуды не паехалі б шукаць лепшае долі».

«Без каровы вёска – не вёска…»

Аляксандру Мікалаевічу 76 гадоў, ён пражыў у вёсцы ўсё сваё жыццё. Быў сведкам яе росквіту, а цяпер перажывае за яе лёс.

«Паміраюць вяскоўцы. Асабліва шкада, калі хаваюць маладога, якому яшчэ жыць ды жыць. Але час такі, што старыя цяпер дужэйшыя за моладзь. Бо раней так не пілі гэтай атруты – так званага віна, а насамрэч пойла. І да гарэлкі неахвочыя былі, толькі ў святы дазвалялі сабе выпіць крышку, – сказаў дзядуля. – А ежа цяпер якая? Нітраты ды дабаўкі, натуральнага нічога няма. Экалогія дрэнная. От людзі слабыя і сталі, з самага дзяцінства хварэюць, таму да старасці не дажываюць».

Перспектывы развіцця вёскі ён не бачыць. На яго думку, каб людзі заставаліся ў Любашаве, трэба знайсці ім працу. А гэта немагчыма, бо ў самой вёсцы і ў горадзе шмат арганізацый закрылася. «Цяпер на адно працоўнае месца мо дваццаць чалавек стаіць. Пакуль людзям няма тут працы, яны будуць уцякаць», – патлумачыў ён.

Пенсіянер расказаў, што цяпер вёска Любашава губляе свой каларыт таму, што жыццё ў ёй усё больш нагадвае гарадское, бо знаходзяцца яны на мяжы з Ганцавічамі.

«Без кароўкі тут, канешне, можна пражыць, але ж хіба то вёска будзе? Раней у Любашаве было пяць гуртоў па 40–50 кароў, цяпер жа толькі адзін табун на пашу гоняць. І куды ўсё падзелася? Усе цяпер хочуць жыць, як гараджане, – з сумам зазначыў Аляксандр Плотка. – А карову ж трымаць выгадна, яна сябе апраўдае. Можна зарабіць неблагі дадатак да пенсіі ці зарплаты, здаючы малако ў калгас».

«Канешне, прыходзіцца і папрацаваць на яе: гной з хлява выкінуць, сена на зіму назапасіць, – але ж хто робіць, той і мае. – сказаў стары, а потым дадаў: –Пакуль у вёсцы застаюцца людзі, пакуль яны будуць трымаць жывёлу і працаваць на зямлі, то вёска жыць будзе. А іначай згіне вёска…»

«Мяне цяпер не загоніш у кватэру, бо ў вёсцы я – гаспадар»

Леанід Плотка пераехаў у Любашава каля 20 гадоў таму. Да жаніцьбы ён жыў у Ганцавічах у мікрараёне, а пасля вяселля пераехаў з жонкай на яе радзіму.

І не пашкадаваў аб гэтым. Бо, па яго словах, адчувае сябе гаспадаром. Яны трымаюць гаспадарку: птушку, парсюкоў. Вырошчваюць бульбу і іншую гародніну. Для гэтых мэтаў ёсць у гаспадара матаблок. Наогул, без справы ён не сядзіць, нават і ў нядзельку працаваў бы, але ж жонка не дазваляе.

«Кажа: «Адпачні!» – пасміхаецца Леанід Плотка. – А я, калі дзень які без працы сяджу, дык хворым раблюся. Не жыў бы я цяпер у горадзе. Зараз мяне сілком не зацягнеш у кватэру, бо на сваёй зямельцы я гаспадар!»

Праўда, па яго словах, каб жыць у вёсцы, трэба падрыхтавацца да цяжкай і разнастайнай штодзённай працы, а гэта многім сучасным людзям не падабаецца.

«Моладзь адсюль уцякае, бо працаваць не хоча. От дай каму скасіць дзялку, дык добра, калі бензакасой справяцца гэта зрабіць. А іншы і на ёй не ўмее працаваць, не тое, што касіць простай касой. А папрасі заараць агарод – ён вам заарэ! Адвучылі мы моладзь працаваць», – сказаў Леанід Плотка.

Таму, па яго словах, моладзь не імкнецца на працу ў калгас, дзе заўсёды патрэбныя былі маладыя і працавітыя кадры. І як вынік – калгас стаў банкротам. З-за гэтага вёска Любашава бесперспектыўная ў плане працы і жыцця.

«Многія бацькі пакінулі сваім дзецям хаты тут, але каму яны патрэбныя? Без працы і заробкаў жыць у вёсцы людзі не будуць, – зазначыў ён. – Я вось таксама сваім дзецям хату пакіну, а ці будуць яны тут жыць – гэта ў іх трэба спытаць. Мабыць, наўрад ці… Мо хіба сын, а дочкі то не».

Напрыканцы Леанід Плотка сказаў: «Вёска наша будзе стаяць, куды ж яна дзенецца? А вось ці будуць жыць у ёй людзі? Калі пачалі ўжо ўцякаць – не спыніш. Мода такая. Цяпер у вёсцы жыць непрэстыжна».


Из рубрики