Святлана Малышка
Пра нялёгкую працу санітаркі расказала 80-гадовая жыхарка в. Ганцавічы Ганна Мелехавец, якая адпрацавала 17 гадоў на мясцовым ФАПе, а цяпер ўжо шмат гадоў на заслужаным адпачынку. Але пра яе ў вёсцы памятаюць і адзываюцца вельмі станоўча.
“Яна – санітарка ад Бога: ветлівая, добразычлівая, а спагадлівая якая! У вёсцы Ганну ўсе ведаюць і паважаюць”, – такую адзнаку далі аднавяскоўцы Ганне Аляксандраўне.
Хутка і мы ўпэўніліся ў тым, што вяскоўцы не перабольшваюць. Апрача гэтага, высветлілася, што жанчына яшчэ і вельмі сціплая.
Калі завіталі да яе ў госці, то Ганна Аляксандрана завіхалася па гаспадарцы. Выслухаўшы мэту візіту, засмяялася і замахала рукамі: “А мо не трэба пра мяне пісаць? Я саромеюся, – сказала яна і дадала: – А мо што не так скажу, ды і памяць цяпер мяне падводзіць. Што ж рабіць – гады… Ды і хіба я такі важны чалавек, каб пра мяне пісаць?”
У прафесію санітаркі Ганна Аляксандраўна трапіла выпадкова: на ФАПе з`явілася вакансія, фельчар ведала пра яе добры характар і адказнасць за ўсё, таму і прапанавала працу. І жанчына згадзілася.
Спачатку праца падалася складанай і адказнай, але калі з цягам часу набралася вопыту, то стала лягчэй.
“Я санстанцыі баялася як агню, траслася, каб ні пылінкі, ні смяцінкі нідзе не было, вымывала ўсё па некалькі разоў на дзень. Чысціню рабіла, як у хірургічным пакоі, стэрыльную. Можна было смела ў белых шкарпэтках па падлозе хадзіць – не запэцкаеш, – засмяялася Ганна Аляксандраўна. – Потым, калі перажыла некалькі праверак і мне сказалі, што сваёй дасціпнасцю хутка я дзірак у падлозе нараблю, зразумела, што мне няма чаго баяцца: прыбіраю чыста, сумленна, дык чаго ўжо вельмі баяцца?”
Акрамя таго, што санітарка стаяла на варце чысціні, яна яшчэ дапамагала фельчару праводзіць розныя медыцынскія працэдуры.
“Як пойдзем дзеткам у школе галовы правяраць, то, бывала, і знойдзем што-небудзь. Дык я ціхенька казала дзіцяці, каб на ФАП прыходзіла, а там я дапамагу галаву апрацаваць спецыяльным сродкам ці мылам, якое выдавала санстанцыя. І прыходзілі, я мыла галовы, вычэсвала – і ніхто, нават мае родныя не ведалі, што і каму я рабіла”, – расказала Ганна Аляксандраўна.
Па словах пенсіянеркі, хоць яна і не давала клятву Гіпакрата, але і цяпер упэўнена, што любы чалавек, які працуе ў медыцыне, не павінен ні з кім абмяркоўваць здароўе пацыентаў, каб не нанесці ім ніякай шкоды.
“У медыцыне трэба ўмець трымаць язык за зубамі. Я ніколі не адыходзіла ад гэтага правіла: што мне людзі казалі, ад мяне не выходзіла больш нікуды. Я ніколі не падтрымлівала плёткі і розныя чуткі – чаго марна плявузгаць?” – расказвала яна.
Нягледзячы на тое, што каля чвэрці стагоддзя Ганна Аляксандраўна ўжо не працуе на ФАПе, яна часты госць там і заўсёды прымае блізка да сэрца ўсе змены і праблемы, якія адбываюцца. Ганна Аляксандраўна прыгадала выпадак, які адбыўся гэтай зімой, калі яна была вельмі засмучана тым, што супрацоўнікі медыцынскай установы мерзнуць.
“Калі я працавала санітаркай, то паліла грубку сама, у нас на ФАПе было цёпла-цёпленька. А цяпер прыйшла – дык там дубар, фельчар і санітарка сядзяць, калоцяцца. Хто ж хворых лячыць будзе, калі фельчар зляжа? Ніяк кіраўніцтва не думае пра сваіх падначаленых, толькі пра эканомію і дбае, – выказала жанчына сваё меркаванне. – І так мне стала шкада дзяўчат, што я прапанавала ім, каб забралі некалькі мяхоў торфабрыкету, які мне быў без патрэбы. Хоць на некалькі дзён у самыя маразы ім хапіла пагрэцца…”
Такія “штрышкі” вельмі трапна характарызуюць жанчыну. Яна ж сама выказала меркаванне, што некалі вельмі ўдала прыйшла ў прафесію, бо працаваць санітаркай зможа далёка не кожны чалавек.
“Санітарка – гэта табе не проста прыбіральшчыца, якая падлогу памыла і дадому ідзе. Калі выбраў працу санітаркі, то трэба быць гатовым прыйсці на дапамогу і доктару, і людзям. Гэта праца – сапраўдная праверка на надзейнасць, на шчырасць і спагаду, на балбатлівасць. Не кожны вытрывае такую праверку…” – сказала яна.
Чулы характар у сталай ганцаўчанкі выпрацавала жыццё. Лёс з самага дзяцінства кідаў ёй выпрабаванне за выпрабаваннем, таму яна з разуменнем адносіцца да людскіх нягод.
Нарадзілася Ганна ў вёсцы Ганцавічы 4 лістапада 1936 года ў простай вясковай сям`і Занькаў: Аляксандра Гаўрылавіча і Соф`і Ільінічны. Матуля Ганны была другой жонкай у бацькі, ад першага шлюбу ў яго ўжо былі дзве дачкі. У новай сям`і нарадзілася чацвёра дзяцей: тры дзяўчынкі і адзін хлапчук, і Ганна была старэйшая з іх.
Дзяцінства прыйшлося на ваеннае ліхалецце. У памяць Ганны ўрэзаўся эпізод, як яны ўцякалі ў лес ад немцаў.
“Маці была цяжарная нашым брацікам, дык бацька яе праз брады на руках пераносіў, – расказала яна. – Наш Косцік у лесе і нарадзіўся. Жанчыны, якія жылі з намі ў лесе, зрабілі з кары дуба ночвы і купалі ў іх малога”.
Уцекачы яшчэ некалькі тыдняў жылі ў лесе ў шалашах, карміліся “падножнай ежай”, а праз пэўны час высветлілі, што ў вёсцы немцаў даўно няма. І яны ўсе вярнуліся дадому.
Хутка бацька пайшоў на фронт, дзе трапіў у палон і прабыў там сем гадоў. Дадому ён вярнуўся пакалечаным і хворым чалавекам, таму неўзабаве памёр.
Праз хуткі час памерла і матуля – недзе падхапіла запаленне лёгкіх.
“Мама спачатку захварэла звычайнай прастудай, якая потым за некалькі тыдняў загнала яе ў магілу. Доктар казала ёй: “Каб табе, Соф’я, харчаванне добрае, дык імунітэт быў бы моцны, хваробу б ты пераадолела”. А адкуль яму было ўзяцца, харчаванню?.. Засталіся мы круглымі сіратамі гараваць”, – сказала Ганна Аляксандраўна.
Малодшых дзяцей – Вольгу і Косцю – забралі ў дзіцячы дом гадавацца. А старэйшыя – Ганна і Соня – засталіся дома.
“Мы адмовіліся, не хацелі з дому з`язджаць. А малодшыя так галасілі, калі іх забіралі, што аж сэрца на часткі рвалася, – дзялілася ўспамінамі жанчына. – Я часта ездзіла ў дзіцячы дом іх праведваць – яны ж недалёка жылі, на Лунінеччыне. І кожны раз мы ўсе разам плакалі: малыя прасіліся дадому, за рукі чапляліся, прасіліся дадому. А што я магла зрабіць? Плакала ад жалю і бяссілля. Я сама яшчэ была непаўналетняя, мне б малых не аддалі…”
Старэйшым дзяўчынкам таксама жылося нясоладка: спазналі і голад, і холад. З удзячнасцю жанчына ўспамінае ўсіх, хто дапамагаў ім выжыць. Суседзі і іншыя аднавяскоўцы прыносілі ежу, дапамагалі нарыхтоўваць дровы, садзіць агарод. Не пакідалі дзяўчат і дзве зводныя сястрычкі. Марыся і Міхаліна працавалі, зараблялі грошы, куплялі ежу і прыносілі сёстрам, а таксама дапамагалі ім па гаспадарцы.
Выказваў свой удзел і спачуванне да сірат і загадчык РАНА, які кожны тыдзень наведваў дзяўчат.
“Прыносіў нам грошы, распытваў пра жыццё, цікавіўся праблемамі і калі мог – вырашаў. Было відаць, што ён сапраўды хваляваўся за нас, а не рабіў усё дзеля галачкі. Яго дапамога заўсёды была своечасовай, бо мы нярэдка недаядалі”, – успамінала яна. – Менавіта з дзяцінства я вынесла думку: калі можаш дапамагчы – дапамажы, не стой збоку”.
Сіроцкае дзяцінства дапамагло жанчыне зразумець: сіраты вельмі ўразлівыя людзі, бо кожны можа іх пакрыўдзіць, а заступіцца няма каму. Прыходзілася думаць, што гаворыш, каму гаворыш і як гэта адзавецца на табе самой.
“Рабі сваю справу сумленна і нікога не бойся – вось чаму мяне навучыла сіроцтва”, – сказала Ганна Аляксандраўна.
Тыя выпрабаванні лёсам цяпер даўно ў мінулым. Цяпер не так моцна адзываецца ў душы смутак па мужу, з якім у шчаслівым шлюбе пражыла каля трох дзесяцігоддзяў і які раптоўна памёр сем гадоў таму ад інсульту.
“Сумую па ім, успамінаю часта, але ж вечна плакаць не будзеш, трэба жыць. Дзякаваць Богу, што ёсць дзеля каго”, – сказала Ганна Аляксандраўна.
У яе трое дзяцей: дзве дачкі і сын. Ёсць пяць унукаў і нават адзін праўнук – трохгадовы Мікітка.
Бабуля з усмешкай расказала, які малы рухавы: “Я прывыкла, што ў мяне ўсё на месцы ляжыць, а Мікітка як толькі ў дом зойдзе, дык усё ўверх дном! На месцы не пасядзіць, усё яму трэба, усё цікава, і ўсё подбегам… Суседка кажа, што не справілася б з такім неслухам. А я так лічу: калі любіш, то справішся. Дзеці цяпер усе такія – рухавыя. Ну і няхай сабе, абы здаровыя былі! ”.
Наогул, яна аптымістка. Лічыць, што вельмі добра жыве. Гаспадаркі не трымае, бо проста не мае ў тым патрэбы: у краме цяпер можна купіць усё, чаго душы заўгодна. Пенсіі хапае, каб смачна есці і купляць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Грошы нават застаюцца, каб “крыху ў руку сунуць дзецям”.
Яна бачыць у гэтым пэўную заканамернасць: “Некалі ў дзяцінстве лёс пакрыўдзіў мяне, пазбавіўшы бацькоў. Напрыканцы жыцця, мабыць, Бог пашкадаваў мяне, даў пажыць добра, без выпрабаванняў. От каб у мяне ў дзяцінстве было тое, што цяпер! Я б тады і гора не ведала… Праўду людзі кажуць, што ў жыцці палосы няўдач і шанцавання чаргуюцца. Лічу, што ў мяне цяпер настала белая паласа…”
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами…
Беларусь внезапно решила стать страной форели: Лукашенко поручил построить 10 рыбхозов. Проблема в том, что…
Ученые из Университета Торонто провели систематический обзор и мета-анализ клинических исследований с участием меда. Результаты…
Замучил понос? Помогите своему организму простыми, но действенными способами. Избавится от поноса и лечиться в…
Егор – молодой парень из Бреста. В 2023 году он ушёл в армию, но уже…
This website uses cookies.
Read More