Былы вязень канцлагера не любіць гарбузы і плача па сваёй хаце

У часы Вялікай Айчыннай вайны маладых хлопцаў і дзяўчат гналі на прымусовую працу ў Германію, дзе ім выпалі выпрабаванні голадам, хваробамі і здзекамі ад прыгнятальнікаў. Дадому вярнуліся не ўсе... Сведкаў тых падзей з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Пакалечаныя вайной, яны ўспамінаюць часы ліхалецця са слязьмі на вачах, расказваючы нашчадкам пра тое, як ім удалося выжыць.

94-гадовы Аляксандр Мікалаевіч Макарэй са слязамі на вачах успамінае гады няволі ў Германіі.
94-гадовы Аляксандр Мікалаевіч Макарэй са слязамі на вачах успамінае гады няволі ў Германіі. / Фото: Святлана Малышка

Былы вязень – 94-гадовы Аляксандр Мікалаевіч Макарэй – жыве ў Ганцавічах. У 19-гадовым узросце гітлераўцы прымусова вывезлі яго ў Германію, дзе хлопец перанёс жыццё ў канцлагеры, палоне, а дадому вяртаўся пяшком праз усю Еўропу.

Час няўмольны да яго: дзядуля з цяжкасцю перамяшчаецца па кватэры, бывае, што забываецца пра некаторыя падзеі. Але важнейшыя моманты з біяграфіі ўрэзаліся ў яго памяць, і, калі ён расказвае пра іх, голас яго дрыжыць ад хвалявання.

Ад няволі не ўцячэш…

Аляксандр Мікалаевіч нарадзіўся 22 верасня 1922 года ў вёсцы Мілеўцы (Гродненскай вобласці Навагрудскага раёна). Ён – другі сын у бацькоў, а ў сям`і, акрамя яго, былі яшчэ старэйшы брат Мікалай і малодшыя – сястра Соф`я і брат Віктар.

Аляксандр Макарэй успамінае, як трапіў да немцаў.

“Стараста вёскі загадаў усім маім аднавяскоўцам выйсці з хат і паведаміў, каб збіраліся на працу ў Германію. Сказаў, што з бацькамі пакінуць толькі аднаго-двух дзяцей, астатнія павінны ехаць. Калі падышла чарга да нашай сям`і, сталі вырашаць, каму ехаць, а каго дадому адпускаць. Я сказаў, каб адпусцілі Соню, бо дзяўчына ж, куды яе забіраць! Старэйшага брата бацька таксама выкупіў: аднёс старасту ліпавага мёду і яшчэ нешта, і Колю адпусцілі. У яго ж сям`я ўжо на той час была, жонка з малым дзіцем – нельга было іх без гаспадара пакінуць”, – расказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Калі надышоў час ехаць, у вёсцы галасілі ўсе – і тыя, хто ехаў на чужыну, і тыя, хто заставаўся. Палохала невядомасць: куды, чаго, ці застануцца жывымі…

Спачатку іх павезлі пад Мінск, у мястэчка пад назвай Сцяпянка.

“Там сабралі людзей многа-многа, падагналі машыны і пачалі грузіць нас. Некаторыя не вытрымалі і кінуліся наўцёкі. Ну і я пабег. А па нас стралялі! Кулі свісталі над галавой… Ух, і жаху я нацярпеўся”, – расказаў мужчына.

Немцы палавілі людзей, пасадзілі ў машыны і недзе павезлі. Але некаторыя нявольнікі зноў спрабавалі збегчы.

“Мы павыскоквалі з машын і пабеглі. Нейкая жанчына ў вёсцы пашкадавала нас і падказала, каб схаваліся на загуменні, а калі немцы паедуць, каб ішлі далей. Але мы, мусіць, ад страху не разумелі, што нам гавораць, бо немцы па нас з кулямётаў страчылі. Мы пабеглі па полі, і немцы ізноў нас палавілі”, – расказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Гарбузы і вошы: непрыемныя ўспаміны пра канцлагер

Беларусаў завезлі ў Вільню, каб адправіць у Германію. Дзядуля ўспамінае, што калі іх садзілі на цягнік, то немцы давалі своеасаблівую пайку кожнаму вязню: буханку хлеба і пачак махоркі.

Завезлі іх у лагер пад горадам Зэрау. Там ён прабыў некалькі месяцаў. Гэтыя часы дзядуля ўспамінае як самыя горшыя падчас свайго зняволення.

“На працу нас гналі пад канвоем. Працаваць прыходзілася цяжка: зямлю капалі і вазілі ў кучы, потым яе прадавалі на агароды нямецкім домаўладальнікам… –успамінаў дзядуля. – Калі надыходзіў вечар, немцам не было каго збіраць, каб весці ў лагер: усе разбягаліся ў пошуках ежы. Немцы нас дрэнна кармілі, многія ад голаду пухлі”.

Вязні беглі на чыгуначную станцыю і кралі там з вагонаў бульбу. Потым вярталіся ў лагер і пяклі яе на вогнішчы.

“Мы радаваліся, калі ўдавалася нешта здабыць. А былі дні, што вярталіся ні з чым і спаць клаліся галоднымі”, – выцер слёзы дзядуля.

Ён расказаў, што ежу, якой кармілі вязняў у лагеры, спажываць было немагчыма: кожны дзень давалі гарбузы, якія да таго ж непрыемна пахлі.

“Я наеўся там гэтых гарбузоў на ўсё жыццё. Калі мне цяпер прапануюць што-небудзь, прыгатаванае з гарбузоў, мяне аж перасмыкае!” – сказаў ён.

З агідай успамінае дзядуля і пра частых “падарожнікаў” вязняў – вошай. Каб палонныя не нахапалі гэтых непрыемных насякомых, немцы давалі вязням адзін дзень, у які тыя мылі бялізну, мыліся самі, стрыгліся нагала.

“Немцы не шкадавалі газы, бо самі баяліся, калі мы пачыналі чухацца”, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Праз некаторы час для Аляксандра ўсё памянялася. У яго выхадны дзень, калі ён ужо памыўся і паставіў на агонь выварвацца бялізну, яго запрасілі да кіраўніцтва лагера, дзе хлопца чакалі нейкі немец і перакладчыца.

Спачатку госць агледзеў хлопца, спытаў, ці не мае ён вошай, і, калі пачуў адмоўны адказ, сказаў: “Гут”. Потым праз перакладчыцу спытаў, ці ўмее ён працаваць на кані. “А як жа? У бацькі конь быў, і араць, і ездзіць умею”, – сказаў Аляксандр.
Тады немец запрасіў яго на працу да сябе. Але хлопец спачатку адмовіўся. “Куды я пайду? Тут мае аднавяскоўцы, тут я не адзін. А там каму я патрэбны?” – так ён абгрунтаваў свой адказ.

Перакладчыца сказала: “Дурны ты, не спяшайся адказвацца. Тут недалёка, твае сябры будуць цябе наведваць, бо гэта не забаронена. А ты жыць лепей будзеш, чым тут. Усё ж лепш, чым у турме!”

І ён згадзіўся. Так ён трапіў у няволю да немца-гаспадара.

Працаваць прыходзілася ад цямна да цямна. Аляксандр быў не адзіны парабак, працавалі ў гаспадара яшчэ мужчыны і жанчыны з Польшчы, Украіны і Беларусі. Гаспадар адносіўся да сваіх работнікаў памяркоўна, ежы не шкадаваў – карміў да адвалу, а калі трэба – лячыў, даваў адпачыць.

І таму напрыканцы вайны, калі немцы ўцякалі ад наступлення савецкага войска, парабкі аднесліся да гаспадара таксама па-чалавечы.

“Сабраў гаспадар воз з маёмасцю, пасадзіў жонку і папрасіў мяне адвезці яе ў небяспечнае месца. Немцы ўцякалі ад нашых, баючыся, што тыя будуць здзекавацца, як яны некалі з нас”, – патлумачыў ён.

Гаспадыню Аляксандр давёз да чэшскай граніцы, а сам вырашыў вяртацца дадому.

Бацька знішчыў дакументы вязня канцлагера, каб не пасадзілі ў турму

Ісці прыйшлося пяшком. Ён ішоў некалькі месяцаў, пабываў у Польшчы, зайшоў і ў Варшаву. Першымі з родных ён убачыў бацьку і малодшага брата Віцю.
Калі дзядуля ўспамінаў момант сустрэчы, ён не вытрымаў і заплакаў. “Калі бацька ўбачыў мяне на двары, спачатку аслупянеў, а потым кінуўся абдымаць і цалаваць. Родным жа сказалі, што я загінуў, калі ўцякаў, бо немцы па нас стралялі… Усю вайну родныя лічылі мяне мёртвым! Практычна яны ўжо пахавалі мяне, – выціраючы слёзы, сказаў ён. – А калі брат убачыў мяне цераз акно, то як закрычыць: “Саша прыехаў!” – і бягом да мяне кінуўся…”

Пасля вайны бацька парваў дакументы, якія пацвярджалі тое, што хлопец быў вязнем у Германіі.

“Некалі за гэта маглі ў турму пасадзіць, і бацька вельмі баяўся, што мяне зноў забяруць, – сказаў ён. – Каб дакументы аднавіць, прыйшлося абабіць не адзін парог”.
Пасля вайны жыццё ў Аляксандра Мікалаевіча нічым не адрознівалася ад тысяч яго сучаснікаў: пайшоў працаваць у калгас, ажаніўся, нарадзіліся дзеці: дачка Вера і сын Вячаслаў. Потым з`явіліся ўнукі і праўнукі.

Ён усё жыццё нязменна быў на добрым ліку ў кіраўніцтва: працаваў і на трактары, і слесарам, і кавалём.

“У мяне вось столькі медалёў назбіралася – і ўсе за добрую працу, – склаў далоні ў прыгаршню дзядуля. – Кожны год узнагароджвалі, я нават з ліку збіўся”.

Аляксандр Макарэй больш не пакідаў сваю вёску і не думаў, што напрыканцы жыцця мусіць пераехаць са сваёй хаты, якую, дарэчы, пабудаваў сам.

“Я яе бервяно за бервяном склаў сам. І хоць тут, у дачкі, жывецца мне добра, але ж гэта не родныя сцены… І як там адна мая хатка гаруе?” – сказаў ён, выціраючы слёзы.

Аляксандр Мікалаевіч пераехаў у Ганцавічы шэсць гадоў таму з-за таго, што цяжка захварэла жонка Марыя Сцяпанаўна, а моцы, каб самому даглядаць яе, ужо не ставала.

Занядужалых бацькоў забрала да сябе дачка.

Год таму жонка Аляксандра Макарэя памерла. Цяпер, па яго словах, у нашым горадзе яго нічога не трымае, ён і рад быў бы вярнуцца ў роднае сяло, у сваю хату, але аднаму старому з гаспадаркай не справіцца.

“Не адужаю. Буду век тут дажываць. А колькі мне засталося?!”, – заключыў ён.

Из рубрики