Святлана Малышка
Бабуля жыве з малодшым сынам, бо з цяжкасцю перамяшчаецца па хаце (каля пяцідзесяці гадоў мае праблемы з суставамі), а ў апошнія два-тры гады ў яе пагоршыліся зрок і слых, часам падводзіць памяць, але яна з задавальненнем можа доўга распавядаць гісторыю свайго жыцця.
«Матуля мяне не песціла!»
Нарадзілася Надзея ў в. Малая Плотніца Лагішынскага раёна 28 кастрычніка 1918 года ў заможнай сям`і. Бацька яе трымаў свой магазін, таму быў вядомы далёка за межамі сваёй вескі. Але калі прыйшлі Саветы, бацькоў раскулачылі. Надзея Канстанцінаўна кажа, што ім яшчэ пашанцавала, што сям`ю не адправілі ў ссылку. А потым пачалася вайна…
«Ой, колькі ж гора мы тады перажылі, колькі слёз выплакалі… Божачкі ж ты мой!..» – расхвалявалася бабуля.
У ваеннае ліхалецце яна захварэла на тыф і сем месяцаў праляжала ў лесе ў будане, пакуль не ўстала на ногі. Яна расказала, што хвароба пазбавіла яе асабістага гонару – даўжэзнай касы.
«У мяне былі вельмі прыгожыя густыя валасы, усе дзяўчаты зайздросцілі! А падчас тыфу валасы палезлі жмутамі. Мне падказалі, што трэба напарыць малака і памыць галаву – валасы дрэнныя вылезуць, а добрыя застануцца. Я так і зрабіла, а мае ж валасы ўсе ўзялі і выпалі, аблысела я! От жа і галасіла! Потым, канешне, яны адраслі, але былі ўжо не такія, як раней…», – успамінала бабуля.
Пасля вайны іх сям`я перасялілася ў Малькавічы, дзе бацька збудаваў хату. Надзея была старэйшым дзіцем у бацькоў, да таго ж і адзінай дачкой. Яна да гэтага часу крыўдзіцца на матулю, якая трымала яе ў залішняй строгасці, не пускала на танцы, не давала знаёміцца з хлопцамі, бо лічыла, што дзяўчына павінна быць сціплай.
Надзея Канстанцінаўна распавяла гэткую гісторыю: «Мой сярэдні брат быў ваенным, таму да яго часта прыязджалі калегі і нават начавалі ў нас. Закахаўся у мяне падпалкоўнік дый і замуж пазваў, кажа неяк:
«Надзенька, выходзь за мяне!» А я як пачула, што маці з суседкай на кухні прыслухоўваюцца да нашай размовы, дый і кажу: «Ненавіджу ваенных!» Ён схапіў шынель ды і пайшоў з хаты, а я потым гаравала: нашто ж я яму адказала, мо б у мяне другім жыццё было б?..»
На Новы год любімы ласунак – матулін торт
Яна выйшла замуж за аднавяскоўца, які быў на шмат гадоў за яе малодшы.
«Яго сям`я вельмі хацела, каб мы пажаніліся, і ён валачыўся за мною, бо ўпадабаў мяне! І мне ён быў любы, таму шлюб быў шчаслівы», – расказала бабуля.
Хутка ў сям`і нарадзіліся трое дзетак: дзве дачкі і малодшанькі сынок. Надзея Канстанцінаўна расказала, што любіла песціць малых. Падчас навагодніх святаў у іх была традыцыя ставіць дзве ёлкі: маленькую памяшчалі ў цэнтры святочнага стала, а другую – велізарную, да самой столі – прыбіралі і ставілі ў зале. Акрамя ёлачных цацак, аздабленнем ёлкі служылі і цукеркі.
«Упрыгожым ёлку цукеркамі, а дзеці іх паціху з`ядуць, а ў цукерачныя фанцікі ўкладуць пластылін ці мякіш з хлеба. Пасля святаў муж хоча з`есці цукерчыну – адну разгорне, другую, трэцюю… і сварыцца пачынае: хто з`еў, чаму адразу з ёлкі не прыбраў пустую паперку? Але ж хіба хто прызнаецца?» – смяялася бабуля, расказваючы пра гэта.
Дзяцей яны з мужам на святы заўсёды радавалі і куплялі падарункі «ад Дзеда Мароза» пад ёлку. А ў навагоднюю ноч пасля святочнага застолля бацькі і дзеці ішлі на вуліцу: ладзілі снежную бабу, каталіся на санках.
«Весела было! Раней снег да каленяў ляжаў, можна было і пагуляць. А цяпер зімы не тыя, снегу не дачакаешся… Хутка дзеці пра зімовыя забавы зусім забудуцца», – сказала бабуля.
«Цвіком» свята быў торт, які Надзея пякла ў печы.
«Дзеці да гэтага часу ўспамінаюць матулін торт: вялізны, з белым крэмам, вішнямі з кампоту ўпрыгожаны… » – пасміхалася бабуля.
Прыгожым чалавек хоча быць у любым узросце
Падчас размовы бабуля вельмі хваляваляся, як яна выглядае.
«Маршчыны глыбокія ў мяне? А з твару я не надта брыдкая? Старасць не ўпрыгожвае чалавека… А некалі, не паверыце, я вельмі прыгожай была!» – пахвалілася Надзея Канстанцінаўна і прапанавала паглядзець яе старыя фотаздымкі.
Потым сказала, што любіць усё прыгожае і заўсёды акружала сябе прыгожымі рэчамі: ля дома садзіла шмат кветак, хату аздабляла вышытымі і вязанымі сурвэткамі. І заўсёды любіла прыбірацца, таму шыла сабе модныя сукенкі.
«Такіх, як у мяне, ні ў кога ў вёсцы не было! Шкада, што няма чаго вам паказаць: унучкі сукенкі сабе даўно пазабіралі, кажуць, гэта модна цяпер, вінтаж нейкі», – развяла рукамі доўгажыхарка.
«Хачу пажыць яшчэ»
Бабуля лічыць, што свайму доўгажыхарству ў першую чаргу яна павінна сказаць шчыры дзякуй генам: многія з яе родных і блізкіх пражылі больш за 80, а то і за 90 гадоў.
Cпрыяе здароўю і модны цяпер здаровы лад жыцця: карыснае харчаванне, фізічная актыўнасць, пазітыўны настрой.
«Старэйшыя людзі мацнейшыя за сучасную моладзь, бо мы елі і пілі ўсё натуральнае і чыстым паветрам дыхалі. І яшчэ раней людзі весялей жылі і дабрэйшымі былі, гэта падаўжае гады. А цяпер людзі хварэюць і мала жывуць, бо злыя, не ўмеюць весяліцца, толькі пра грошы і дбаюць…» – зазначыла бабуля.
Дрэнныя прывычкі таксама крадуць гады жыцця.
«Я ніколі не курыла і за ўсё жыццё мо толькі два разы гарэлкі выпіла! Муж казаў, што ў агульнай колькасці і бутэлькі спіртнога не пакаштавала. Арганізм мой не атручаны хіміяй, вось я і жыву!» – падвяла выснову Надзея Канстанцінаўна.
Сучаснасць доўгажыхарку не радуе.
«Сумна жыць: у старых дзень на дзень падобны – што будні, што святы, не разбярэш. Адно што тэлевізар паглядзіш, і то радасць», – сказала бабуля.
Любімыя перадачы – навіны, якія яна праглядвае гадзінамі, «бегаючы» па каналах.
«От нагляджуся і ведаю, што дзе робіцца ў свеце…» – сказала яна.
Пра будучае бабуля гаворыць з ахвотай і кажа, што хоча пажыць яшчэ хоць крышку, каб адсвяткаваць векавы юбілей.
«Я люблю жыццё і люблю жыць. Але каб без страху, без тэрарызму і іншых жахлівых падзей. Няхай усім добра будзе на гэтым свеце», – зазначыла доўгажыхарка.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More