Паштарка Люда сумуе без любімай працы
«Ой, даражэнькая, спазнілася, нічым не магу дапамагчы, будзе працаваць паштальёнам у вашых Шашках Муха Марыя, апярэдзіла цябе, вунь і заява ад яе ляжыць» ....
З такой невясёлай навіны роўна 30 год таму пачынаўся восеньскі дзень для адной вясковай дзяўчыны. Уладкавацца на працу ў тыя часы было не так проста. Але лёс усё ж усміхнуўся, бо ўжо за дзвярыма яе прыпынілі: «Дзяўчына, ідзі пішы заяву, перадумала тая кабета, яна ў магазін пойдзе працаваць»…
Жданюк Людміла Андрэеўна, пра якую пойдзе гаворка, – звычайны, на першы погляд чалавек, а для мяне незвычайны, бо гэта мая любая мама. Для іншых людзей, асабліва для шашкоўцаў, незвычайнасць «паштаркі» Люды заключаецца ў бязмежным цярпенні і бясконцым ахвяраванні сябе любімай справе. У дваццацігадовым узросце прыступіла яна да працы ў аддзяленні паштовай сувязі вёскі Агарэвічы і 27 гадоў аддала гэтай справе.
Мая матуля нарадзілася на хутары Барсукі каля Агарэвіч у сям`і працаўнікоў калгаса Алены Іосіфаўны і Андрэя Фёдаравіча Лісок. Семнаццацігадовай дзяўчынай, падчас вучобы ў Ганцавіцкім ПТУ, пайшла замуж за простага, харошага хлопца Валодзю. На радзіме мужа ў вёсцы Шашкі пабудавалі дом, там і сталі жыць.
«Ой, складана мне было, асабліва спачатку, ажні галасіла, – усміхаецца мама, – кругом адны Радзюкі ды Пакумейкі – блыталася, ды яшчэ торба з капейкамі цяжкая, да зямлі гнула, а на кожны хутар заглянуць трэба было. Раней з Шашкоў да Агарэвіч лёгка было даехаць: аўтобусы ішлі адзін за адным, заплаціў пяць капеек – і парадак. З гадамі стала складана – сем кіламетраў у адзін бок ды сем назад – паспрабуй дабярыся. Летам добра, сеў на ровар ды круці, а вось зімой… Колькі напеша я папахадзіла, колькі снегу папамясіла, аднаму Богу вядома. Прыйду, бывае, на працу, а ногі ўсе мокрыя, і пошта не атоплівалася – так і прасяджу ў холадзе паўдня. Спачатку пошта знаходзілася ў будынках Сельскага савета і калгаса, а ўжо потым перайшла на месца, дзе раней быў ФАП. Тут была печка, і гэта было вялікай радасцю для паштальёнаў.
Іду зімой тыя разы і азіраюся: баюся, каб хто на сумку не пазарыўся… Пад`ехаць іншы раз прапануюць на папутцы – дык боязна… Але пошта клапацілася пра сваіх работнікаў: у кожнай з нас быў балончык, але, на шчасце, прымяняць яго не прыйшлося ніколі».
Пытаюся ў мамы, чым пошта тых часоў ад сучаснай адрозніваецца.
– Раней не трэба было тавары ды латарэі на продаж насіць. Падпіску выканай, за радыё грошы збяры, пенсію разнясі – вось і ўсё. Гэта ўжо потым быў уведзены план па таргоўлі: насіла ў торбе і крупы, і цукар, і парашок пральны – усё, што людзі прасілі, тое і прыносіла. Пару гадоў давялося абслугоўваць і вуліцу Горкага ў Агарэвічах.
Зарплата вялікай ніколі не была, муж часта папракаў: «Свіння ў хляве газету не пачытае». Але ж у дапамозе не адказваў, колькі раз снежнымі зімамі прабіваў шлях трактарам да далёкіх хутароў. Пошта і форму давала, і сумку, і абутак, нават некалькі веласіпедаў пашчасціла абкатаць за час працы.
Працавалі паціху, адно засмучала – не было дзяцей… аж 7 гадоў. Не ведала, куды мне кідацца, – расказвае мама, – дзе шукаць якую раду. Урачы толькі разводзілі рукамі.
Аднойчы трапіла я да старэнькай акушэркі ў Драгічын, вось яна мне і дапамагла, дзякуй Богу.
На сёмым месяцы цяжарнасці панесла пенсію бабулі адной, а яе сабакі мяне і пакацілі. Добра што не пакусалі. Дык тая бабуля аж дахаты ка мне прыходзіла, выстрыгала валасы, каб спалох выгнаць. Ды і так не раз за час працы нападалі сабакі. Адзін як цапнуў, дык і сёння значно, на бальнічным нават была тады. Усяго нагледзелася. Аднойчы і зусім сумная гісторыя адбылася. Тры дні запар хадзіла я да адной жанчыны, каб узяць плату за тэлефон, а дастукацца ніяк не магла. На чацвёрты дзень пазвала родзічаў, яны выбілі дзверы і знайшлі яе ўжо нежывой.
Іншы раз як пайду разносіць пошту па Шашках, дык і да вечара затрымацца магу, асабліва ў адзінокіх людзей: ім жа так хочацца пагутарыць, навіны апошнія пачуць. Ды і дапамагчы некаторым трэба было: каму вады начэрпаць вядро, каму паказанні за свет з лічыльніка зняць».
Апошнія гады працавала мама без падтрымкі свайго вернага памочніка і любага мужа – 2008 год стаў самым страшным: ад цяжкай хваробы ў сорак сем год памёр наш тата і пры трагічных абставінах загінулі маміны бацькі – у адзін дзень. Гора, страх, пакуты, адчай… Але патрэбна было працягваць жыць, працаваць, падымаць на ногі дачку.
Жыццё ішло далей. У 2012-м годзе Жданюк Людміла Андрэеўна атрымала пасведчанне «Ветэран працы», а праз два месяцы – недарэчнасць! – непрыемную навіну аб скарачэнні штатнай адзінкі. Непрыемнай яна стала як для мамы (да пенсіі 8 год недапрацавала), так і для ўсіх вяскоўцаў: яны і сёння крыўдуюць, што цяжка без паштальёна.
Наш аднавясковец Іван Муха выказаўся: «Мне не падабаюцца змены… Амаль кожны тыдзень на паштовай машыне нас абслугоўваюць розныя людзі. Хочацца, каб свой чалавек быў, пастаянны паштальён. Вось раней добра нам было, наша былая паштальёнка такая адказная, сур`ёзна да працы ставілася.Тавары заўсёды прыносіла і ўсё астатняе рабіла як трэба. Пра хлопцаў нічога дрэннага не магу сказаць, але не хапае нам свайго паштальёна».
Ганна Блінкоўская прызнаецца: «У мяне баляць ногі ў Круговічы хадзіць. Раней клопату не было: я была спакойная, бо ведала, што прыйдзе Люда і ўсё зробіць, што я папрашу, добра нам было за ёю. А на машыне паштавікоў не кожны раз зловіш…»
Падобны лёс напаткаў многіх паштальёнаў. Крыўдна, але нічога не зробіш –вёскі выміраюць. Жыццё прымуcіла новыя віды працы асвойваць. Як кажа мама: «Захочаш жыць, то будзеш рабіць». Зімой яна працуе качагарам у мясцовым магазіне, летам жыве часовымі заробкамі, як і ўсе, хто застаўся без працы.
Я бачу, як яна сумуе, пазірае моўчкі ў акно, і мне нават здаецца, што яна часта ўспамінае пра сваю любімую працу –складаную, ды такую карысную і неабходную.
Магу сказаць ад сябе, што праца паштальёна адказная і нялёгкая. Два разы я замяняла маму ў адпачынку, з дзяцінства ёй дапамагала, ведаю кожную хату, кожнага чалавека, але самастойна працаваць мне было складана.
Не так даўно мая мама стала бабуляй, у яе падрастае ўнучка. Упэўнена, што праз некалькі год і ёй будзе вельмі цікава паслухаць паштальёнскія гісторыі сваёй бабулі.
Новости
- 17:10 Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку
- 12:19 Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
Из рубрики
Паэты такія, як Аляксей Галаскок, не паміраюць!
22 снежня 2023 года пайшоў з жыцця беларускі паэт Аляксей Пятровіч Галаскок. Кранула душу такая страта. Чалавек-глыба, якога ведалі ў Ганцавіцкім раёне і малыя, і старыя. Ведалі і за межамі раёна, бо нарадзіўся ён на Гродзеншчыне. І яшчэ яго адна малая радзіма - Зэльва. Ён меў яскравы характар і запомніўся непаўторнымі сваімі жартамі. І чым выдзяляўся Аляксей Пятровіч – дык гэта бязмернай любоўю да свайго краю і роднай мовы.
Памяці карэспандэнта “Ганцавіцкага часу” Святланы Малышка
17 верасня 2023 года ў росквіце сіл раптоўна пайшла з жыцця карэспандэнт інтэрнэт-рэсурса “Ганцавіцкі час” Святлана Малышка. У лістападзе Святлана Міхайлаўна рыхтавалася справіць юбілейны 45-гадовы дзень нараджэння... Без клапатлівай маці засталося двое непаўналетніх дзяцей – 9 гадовы Цімафей і 11-гадовая Паліна.
400 балаў «выбіў» выпускнік з Ганцавіч з 400 магчымых і ўвайшоў у склад рэкардсменаў
Выпускнік гімназіі г. Ганцавічы Раман Кандраценя па выніках уступнай кампаніі 2023 года набраў 400 максімальных балаў. Раман меў атэстат са 100 баламі і на 100 балаў задаў цэнтралізаваных экзаменах па рускай мове і матэматыцы. І "сотку" атрымаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы.
Фармацевт из Ганцевичей стала стилистом и может зарабатывать в любой стране мира
После медицинского колледжа ганцевчанка Елена Секач «выкупила» диплом, чтобы не отрабатывать второй год по распределению и переучилась на стилиста. Теперь она может жить и зарабатывать даже в Америке.