
На мінулым тыдні карэспандэнт «ГЧ» пабывала ў гасцях адразу ў абедзвюх майстрых.
Ганна Фёдараўна – пазітыўная і бадзёрая жанчына – сустрэла мяне каля брамкі ў беларускім нацыянальным строі, які быў вышыты ўласнымі рукамі, і выглядала значна маладзейшай за свае 74 гады. Калі ж я зайшла ў хату, то не ведала, куды кінуць позірк, бо кожны куточак зіхацеў вышыванкамі майстрыхі.
Пакуль я дзівілася на гэтае хараство, Ганна Фёдараўна распачала аповед пра сваё жыццё.
«Я рана засталася без мамы, навучыць вышыванню мяне не было каму – жыццё навучыла. Бо даўней жа як было: дзеўка замуж cабралася – значыць, павінна кашулю вышыць будучаму мужу: каўнерык, манішку. А цяпер жа ўся моладзь у інтэрнатах сядзіць, не надта працаваць хочуць, ды і мяне ў той інтэрнэт пасадзілі, са сваякамі гутарыла па скайпу нават. Дык крычала гэдак, што голас чуць не сарвала. Бо я думала: дзе ж тая Расія ці Украіна – моцна трэба крычаць, каб мяне пачулі».
Амаль на кожнай вышыванцы Ганны Фёдараўны кветкі: ружы, васількі, анюціны вочкі.
«Вышываю я гладдзю і крыжыкам. Некаторым узорам больш гадоў, чым мне – ад мамы і бабулі перайшлі, а навейшыя ў сябровак у часопісе «Ксюша» падгледзела. Работ 200, напэўна, ужо я вышыла і спыняцца не збіраюся», – ахвотна расказала майстрыха.
Узгадала жанчына і такі выпадак са сваёй маладосці: «Аднойчы кароў я пасвіла ды згубіла на полі прасціну амаль вышытую – як ні шукала, а знайсці не магла. А потым пазнала cваю вышыванку па гораню (нітках – заўв. аўтара) ў адной жанчыны з вёскі. Але ж тая не прызналася, дзе ўзяла, і сказала, што сама вышыла…»
Па словах Ганны Фёдараўны, ручнік яна можа вышыць за тыдзень. Вышывае жанчына абрусы і прасціны, вугалкі і сурвэткі, прычым часта ноччу, калі не спіцца, бо вышыванне супакойвае думкі і нервы
.
А сумных думак ніяк не пазбегнуць – у 35 гадоў Ганна Фёдараўна засталася ўдавой з шасцярымі дзецьмі на руках.
«Я нават памірала аднойчы ад перажыванняў, ледзь мяне адратавалі. З той пары, калі на душы цяжка, бяруся за вышыванне», – сказала жанчына.
У Ганны Фёдараўны шасцёра дзяцей – два сыны і чатыры дачкі. Кожная з дочак пераняла ад мамы любоў да вышывання, але больш за іншых здзіўляе бабулю адзінаццацігадовы ўнук Мікітка, які, калі бывае ў гасцях у бабулі, адразу з парога просіць палатно і іголку з ніткай: для сваіх гадоў хлопчык ужо няблага ўмее вышываць.
Жыццёвым сілам гэтай жанчыны можна пазайдросціць: не кожная маладая гаспадыня можа справіцца з такой гаспадаркай, як у Ганны Фёдараўны: карова, каза, свінні, куры, качкі, сабакі і каты.
А яшчэ Ганна Фёдараўна – актыўная ўдзельніца культурных мерапрыемстваў горада і раёна, яна прыгожа спявае і майструе лялькі, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю Боркаўскага клуба, у якім шмат гадоў яна адпрацавала тэхнічкай.
«Пайду я ў лес за палянячкамі і разважаю ўслых: асіна не падыдзе – будуць ножкі белымі ў лялькі, шкарпэткі прыдзецца апранаць. Алешыну шукаю. Кудзелі ў мех напхаю – гэта тулава лялькі, грудзі вялікія зраблю, каб на жанчыну была падобнай. Твар намалюю, апрану – і лялька гатова».
Закончыўшы свой аповед, жанчына звярнулася да мяне з просьбай: «Дзеткі, хай бы заскочыла да сястрыцы маёй ды за кроснамі яе сфатагравала б, яна ж у мяне такая майстрыха, а то я не хочу адна ў газету».
Шчыра прызнацца, я даўно хацела напісаць пра ткацтва, і тут ўдача сама мне ўсміхнулася.
Праз хвілін дзесяць мы ўжо былі ў Антаніны Фёдараўны.
Гаспадыня гасцінна запрасіла ў хату:
– Заходзьце-заходзьце, калі ласка, паглядзіце, як жыву.
У вочы адразу кінуўся ткацкі станок (кросны – заўв. аўтара), бо гэты драўляны асілак займаў амаль палову невялічкага пакойчыка.
«Станок зроблены з ясеню, гадоў сто ўжо яму як не больш. Раней жа людзі з тканага толькі і жылі. Не было чаго насіць, парткі мужыкам і тыя шылі з тканага палатна, называліся яны «серакамі», – з усмешкай сказала гаспадыня. Парткі ткаліся з шэрых( серых) нітак, таму і «серакі», – патлумачыла Антаніна Фёдараўна.
Майстрыха колькі жыве, столькі год сама садзіць лён, апрацоўвае яго, прадзе і тчэ, фарбуе ніткі, выбельвае палатно.
«Сядзіць лён да восені ў агародзе. Потым я яго зрываю. Галоўкі абрываю асобна, калачу іх пранікам. Самі сцябліны на траву кладу, каб расой набрынялі. Сцябло адлазіць –застаецца лыка. Лыка трэба патрапаць, церніцай пацерці, пачысціць: атрымліваецца кудзеля – на палавікі і лён – на тонкую пражу.
Лён прывязваецца да поцесі, робяцца ніткі, якія трэба наматаць у клубочкі. Прабельваеш іх, намотваеш на цэўку – цэўку ўстаўляеш у чаўнічок і тады ўжо тчэш».
«Калі памерла наша маці, мне было гадкоў дзесяць. Застаўся пасля яе прадзены лён у клубочках. Прыйшла бабуля наша ды і кажа, што трэба зрасходаваць гэтыя клубочкі. Крыху суседка мне дапамагла, паказала, як навіваць, а ўсяму астатняму сама навучылася», – расказала Антаніна Фёдараўна.
Жанчына прызналася, што ўжо цяжкавата ёй за кросны залазіць, але мне падалося, што яна хітруе, бо калі я папрасіла майстрыху крыху паткаць за кроснамі, каб зняць гэты працэс на відэа – яна жвава скокнула за стан, за якім прадэманстравала хуткасць і спрытнасць.
Па словах Антаніны Фёдараўны, можна адзін канец ручніка сёння саткаць, заўтра – другі, і пры такім раскладзе, глядзіш, к канцу тыдня ручнік гатовы.
«Вось настольніца, напрыклад, тчэцца радамі ў чатыры ніты, называецца такі ўзор «Вокначка», а можна і ў восем нітоў, каб у клетачку настольніца была – гэты ўзор мудрагелісты і складаны, – тлумачыла гаспадыня. – Можа, 200 ручнікоў ды настольніц я ўжо наткала, а можа, і болей. Радзюшкі і выбіранкі, палавікі, абрусы – шмат чаго я выткала, але ж усё раздарыла дзецям, унукам і іншым людзям».
Антаніна Фёдараўна працавала паляводам, а апошнія гады перад пенсіяй – на ганцавіцкім «Модулі». У жанчыны пяцёра дзяцей, не так даўно пайшоў з жыцця яе гаспадар. Дачка майстрыхі Святлана кліча матулю да сябе, каб тая разам з кроснамі да яе пераязджала. Па словах майстрыхі, яна б і рада пераехаць, хочацца майстэрству навучыць дачку, але ж пакуль яшчэ многа спраў дома. А ў планах саткаць кожнай дачцэ і сыну каляровую прасціну для лавы ў лазню.
Не толькі з ніткамі ды тканінай працуюць майстрыхі, яны яшчэ шчыруюць ля печы і радуюць блізкіх рознымі прысмакамі. На развітанне і мне пашанцавала пачаставацца смачнай булкай і паслухаць даўнейшую песню, якую праспявала Ганна Фёдараўна.
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More