Падарунак? Знявага!

Я большую частку свайго жыцця, пачынаючы з 16 гадоў, была членам прафсаюза. Некалі прафсаюз меў хоць нейкую ролю ў жыцці працоўных, асабліва калі гэта тычылася абароны іх правоў.

А што цяпер? Нешта я і ў СМІ не сустракаю ніякай інфармацыі пра дзейнасць прафсаюзных арганізацый. Але ж вось неяк на старонках газеты «Свободные новости плюс» за 4 красавіка 2017 года прачытала пра тое, як дзяржаўны прафсаюз «ашчаслівіў» выхавацеляў дзіцячых садкоў г. Пінска, падарыўшы ім сертыфікаты на суму тры рублі, якія можна было атаварыць у магазіне «Товары для женщин». Цяжка здагадацца, што гэтая акцыя праводзілася да свята 8 Сакавіка. Моцна ўпэўнена, што тыя, хто атрымаў гэтыя сертыфікаты, успрынялі гэты падарунак як здзек над іх жаночай годнасцю. Я нават у стане беднасці пасаромелася б атаварваць такі сертыфікат і выкінула б яго ў сметніцу. Гэта ж як з барскага пляча ў працягнутую руку: што ні пакладзеш – будуць рады. Ужо па адным такім падарунку можна ўявіць, да якога стану мы даведзены.

Мне хтосьці запярэчыць: дарагі не падарунак, а ўвага. Але гэта не пры зарплатах, якія атрымліваюць выхавальнікі дзяржаўных садкоў; кошт падарунка якраз і мае першачарговае значэнне.

Тут дарэчы расказаць пра адзін выпадак. У часы вайны маладую жанчыну вывезлі на работу ў Германію. Яе малога сынка прытулілі сваякі.

І вось праз дзесяцігоддзі, калі Германія стала прысылаць гуманітарку, бабулю Акуліну паклікалі ў Брэст атрымаць рэчы з чарговай гуманітаркі. Яна паехала з дачкою. Якраз у той самы дзень ехала ў Брэст і мая сястра. Ехалі разам туды і назад. «Хваліцеся», – сказала мая сястра, калі вечарам селі ў цягнік да Ганцавіч. Аказалася, хваліцца не было чым: бабуля Акуліна адказалася ад прапанаваных рэчаў. «Яны ўжо былі такія, што, хутчэй за ўсё, іх не адзін раз перабралі ў вышэйшых кабінетах», – заўважыла яна. Менавіта пачуццё годнасці і не дало бабулі браць рэчы па народным выслоўі «Даранаму каню ў зубы не глядзяць».

Я ведала гэтую жанчыну, бо яна бабуля маёй нявесткі – простая жанчына, працавала ў школе прыбіральшчыцай. Муж яе быў дырэктарам школы, ён ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

У нас, сённяшніх беларусаў, якраз і не хапае такіх якасцей, якімі валодалі людзі старэйшага пакалення. Памятаеце, у класіка: «Я мужык, а гонар маю…»? А мы… што згубілі, а што дарэшчваем. Дазваляем здзекавацца з сябе, з нашай мовы, моўчкі праглынаем крыўдлівае «Дармаеды» (а гэта ж мы – некалі гераічны і працавіты народ!), хапаем з радасцю ды са словамі падзякі падачкі – сертыфікаты аж на тры рублі! Трэба ўжо пачынаць трэніраваць нашых унукаў і праўнукаў цалаваць ручку тым, хто сёння гадуецца ў прыватных дзіцячых садках, дзе за адно дзіця плацяць 500–800 еўра за месяц. Не для палёў, заводаў ды фабрык іх там выхоўваюць з безакцэнтным веданнем англійскай класічнай мовы і не маючых уяўлення пра родную мову.

Из рубрики