Як пішуцца вершы?

Не існуе адзінага паэтычнага рэцэпту, як пісаць вершы. I гэта правільна. Бо, калі будзеш пісаць, карыстаючыся нейкім спецыяльным рэцэптам, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Таму я не буду тут іх прапаноўваць, проста падзялюся некаторымі свамі паэтычнымі сакрэтамі. Ну, а выкарыстоўваць іх у сваёй уласнай творчасці альбо не — гэта вырашаць аўтару.

Па-першае, я ніколі не планую напісанне верша загадзя. Тым больш не стаўлю перад сабой ніякай задачы. Зрэдку, праўда, пішу паэтычныя экспромты па просьбе сяброў. Але вершамі гэтыя экспромты не лічу і з лёгкасцю іх забываю.

Па-другое, пачаўшы складаць верш, я часта не ведаю, чым ён скончыцца і аб чым ён будзе наогул. Часцей за ўсё верш пачынаецца для мяне з нейкага аднаго радка, які прыйшоў мне ў галаву. Гэты радок не абавязкова будзе потым стаяць першым у вершаваным творы. Ён наогул можа не ўвайсці ў канчатковы варыянт верша. Але ён дае штуршок для напісання новага твора.

Напісаўшы верш, я не спяшаюся знаёміць з ім сваіх сяброў і блізкіх. Бо само напісанне верша — гэта яшчэ не заканчэнне працы над ім. Гэта толькі першы варыянт, чарнавік, як я яго называю. Далей будзе ісці апрацоўка.

Не ўтрымаюся, каб не даць адной парады. Ніколі не пачынай апрацоўку адразу пасля напісання верша, як бы табе гэтага ні хацелася. Адкладзі яе. На суткі, а магчыма, і на двое, трое… Затое потым ты паглядзіш на свой уласны твор свежым поглядам амаль старонняга чытача і адразу ж убачыш усе яго хібы і недахопы.

Пачнеш іх спраўляць. І, магчыма, усё зробіш вельмі хутка. А, можа, наадварот, надоўга засядзеш над сваім творам. I потым зноў адкладзеш яго на нейкі няпэўны час… Няхай. Нічога ў гэтым страшнага няма.

Калі нейкі радок, магчыма, сам па сабе і не кепскі, але рэжа слых, без усялякага шкадавання выкідвай яго з верша ці яшчэ над ім папрацуй. Выкідвай нават чатырохрадкоўі, калі адчуваеш, што яны тут лішнія. Самому вершу гэта пойдзе толькі на карысць.

I апошняе. Калі ты пішаш вершы зусім інакш і нічога з таго, аб чым я толькі што расказаў, табе не падыходзіць — гэта не значыць, што ты пішаш няправільна. Пішы, як лічыш патрэбным, бо, як я ўжо сказаў у самым пачатку, агульных рэцэптаў, як трэба пісаць вершы, проста не існуе.

Из рубрики