
Першае свята адметнае і знакавае, таму што сёлета спаўняецца сямнаццаць гадоў з моманту, калі роднае слова незваротна ўвайшло ў маю паўсядзённасць. Другое не менш знакавае, бо амаль праз год мне належала прайсці суровыя іспыты на адданасць і вернасць не толькі Радзіме, але і матчынай мове. І толькі вытрымаўшы іх, я займеў гонар звацца сынам Беларусі. Таму, карыстаючыся магчымасцю, распавяду шаноўнаму чытачу пра стаўленне беларускага войска да роднай беларускай мовы.
Літаральна з першых дзён майго знаходжання ў войску я прыцягнуў да сваёй сціплай асобы непрыхаваную цікаўнасць з боку як сваіх таварышаў па службе, так і сяржантаў.
Прыкладна праз тыдзень пасля майго знаходжання ў каранціне (пакуль маладыя салдаты не прымуць прысягу, яны знаходзяцца ў асобнай казарме) адбыўся досыць цікавы выпадак. Пасля страявой падрыхтоўкі да мяне ў казарме падышоў незнаёмы хлопец прыкладна аднаго са мною ўзросту і па-руску ўдакладніў маё прозвішча і прапанаваў мне зайсці з ім у Ленінскі пакой.
Там малады чалавек адразу ж перайшоў на выдатную беларускую мову і прадставіўся Захарам. Хлопец быў аднаго са мною стану – шараговец. Ён спытаў у мяне, ці не быў я ў Мінску на акцыях пратэсту. Калі ж я сказаў катэгарычнае «не», ён мне не паверыў:
«Я бачыў цябе ў Менску на акцыях пратэсту! Я не магу памыляцца, гэта быў ты!» Малады чалавек пачаў пераконваць мяне ў адваротным, запэўніваючы, што мне няма чаго баяцца: «Наша размова за сцены гэтага пакоя не выйдзе!» Але я па-ранейшаму настойваў на сваім: «Я не толькі на нейкіх там акцыях пратэсту не быў, але і ўвогуле ў Мінску не быў!»
Мае адказы хлопца не задавальнялі, ён яшчэ неаднаразова настойліва спрабаваў пераканаць мяне ў сваёй рацыі. Але паколькі доказаў адваротнага ў яго не было, дык у рэшце рэшт быў вымушаны прыняць маю пазіцыю.
Незнаёмец гэтак жа нечакана знік, як і з’явіўся. Больш я яго ніколі не бачыў.
Пасля таго як мы прынялі вайсковую прысягу, я зрабіўся сапраўднай славутасцю нашага гарнізона. Справа ў тым, што я адзіны прымаў прысягу па-беларуску, хаця тэкст быў на рускай мове. З гэтага самага дня я і атрымаў сваю мянушку – «Беларус»!
Мае ж прыгоды і выпрабаванні, звязаныя з маёй прынцыповай беларускасцю, толькі-толькі пачыналіся. У той дзень я знаходзіўся ў нарадзе па сталовай. Як правіла, у тых, хто знаходзіцца ў нарадзе, пад’ём адбываецца на дзесяць хвілін раней за агульны дывізійны пад’ём. Здзейсніўшы ранішні туалет, мы ўжо збіраліся выходзіць з казармы, як раптам дзяжурны па дывізіёне, пачуўшы маю размову з хлопцамі, выбухнуў гневам, звернутым у мой адрас:
«Да ты ублюдок! Националист! Да таких, как ты, убивать надо!»
Я літаральна аслупянеў, спрабуючы зразумець, за што ён так вызверыўся на мяне. І на нейкі момант моўчкі ўтаропіўся на капітана, твар якога аж пачырванеў ад злосці. Гэтага афіцэра я тады бачыў упершыню, як і ён мяне. Адкуль такая нянавісць і злосць да мяне? Апрытомнеўшы, я паспяшаўся выйсці з казармы, не сказаўшы яму ані слова. Увесь той дзень для мяне прайшоў, як у тумане, з адзіным пытаннем: «За што!?»
Гэты капітан яшчэ доўга прыглядаўся да мяне, задаваў дзіўныя пытанні: «Почему ты разговариваешь по-белорусски? Ты, наверно, являешься оппозиционером? Зачем тебе все это?» Я ж у сваю чаргу цярпліва спрабаваў тлумачыць, чаму гэта раблю і што да апазіцыі ніякага дачынення не маю.
А ўжо праз некалькі месяцаў гэты афіцэр вітаўся са мною выключна поціскам рукі.
Звяртацца да афіцэра па-беларуску забаронена
Прыкладна праз паўгода пасля таго, як я быў пераведзены з другой батарэі ў трэцюю і ў мяне змяніўся мой непасрэдны камандзір, мяне чакала чарговае выпрабаванне. Намеснік майго камандзіра, старэйшы лейтэнант вырашыў навучыць мяне, як трэба звяртацца да камадзіра згодна статуту.
Увечары старэйшы лейтэнант выклікаў мяне ў афіцэрскі пакой. Пагрукаўшы ў дзверы, я ўвайшоў : «Таварыш старэйшы лейтэнант, выклікалі?» У адказ я пачуў: «Не так входишь! Выйди и зайди как положено!» Прагледзеўшы вайсковы статут, я паўтарыў свае спробы яшчэ тройчы, а ў адказ:
«Выйди и зайди, как положено!» Пасля чацвёртай спробы я проста пачаў ігнараваць каманды днявальнага зайсці ў афіцэрскі пакой.
Толькі на наступны дзень высветлілася, што ад мяне патрабавалася. Я рабіў усё слушна і згодна вайсковаму статуту, але памылка была ў тым, што я рабіў усё не па-руску, як таго патрабаваў вайсковы статут. Толькі дзесьці ў 2009 годзе быў выдадзены статут па-беларуску, у 2003 годзе такога статуту не было! А на той час звяртацца да афіцэра па-беларуску было пад негалоснай забаронай. Большасць афіцэраў проста перасталі звяртаць на мае дзівацтвы ўвагу, хаця перад гэтым амаль кожны рабіў мне заўвагу:
«Надо по-русски. В армии нет места белорусскому языку!» Але ў выніку ўсе пагаджаліся, што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, а паколькі войска беларускае, значыць, і на яго гэта распаўсюджваецца!
Ужо напрыканцы маёй вайсковай службы, калі я наведаўся ў сакрэтную частку гарнізона, каб падпісаць абхадны ліст, літаральна з парога пачуў: «А, это ты, наш всем известный белорус – причина наших хлопот!»
Я заўсёды ганарыўся і ганаруся тым, што я беларус! Ганаруся, што родная мая мова – беларуская! Але падчас вайсковай службы гэтае простае і роднае слова «беларус» у вуснах шараговых салдат, сяржантаў, прапаршчыкаў і афіцэраў заўсёды патыхала нейкай пагардай, пыхай і нават холадам. Трэба адзначыць, што вакол была пераважная большасць беларусаў, хіба толькі сярод афіцэраў было наадварот.
Я ўсё аніяк не мог уцяміць: чаму так? Але толькі з часам я пачаў разумець гэтую пагарду да мяне як асобы: увесь час з экранаў тэлевізараў нас пераконвалі ў тым, што тыя беларусы, якія адважваюцца размаўляць на роднай мове, для іншых нясуць небяспеку. Нас нават вылучылі ў своесаблівую «пятую калону» альбо яшчэ называлі «свядомымі», ужываючы гэтае слова ў негатыўным кантэксце.
Але нават будучы затлумленымі гэтымі выдумкамі, усе, нават рускія па нацыянальнасці, прызнаваліся: «Белоруский язык очень красивый!» А некаторыя нават выказвалі сваё шкадаванне: «Жаль, что я не знаю этого языка и не умею на нём разговаривать!» Дык давайце ж, беларусы, ганарыцца тым, што дадзена нам Богам ад нараджэння!
После преследования в Беларуси Марина Зелёная переехала в Грузию, где создала проекты поддержки для соотечественников.…
32 чалавекі выйшлі на свабоду. Для іх родных гэта галоўнае. Не тэрміны, не артыкулы, не…
Дар убеждения или гипноз? Об этом говорят люди, которые стали жертвами телефонных мошенников. Как же…
Мошенники по телефону никогда сразу не говорят о деньгах. Обычно разговор начинается издалека. Звонят якобы…
Ирине позвонили в конце рабочего дня, когда телефон и так не замолкал. За несколько часов…
В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости…
This website uses cookies.
Read More