Невялікі кавалак зямлі ў жыхароў вёскі Макава, на якім яны садзяць бульбу, па распараджэнні дырэктара ААТ «Люсіна Агра» Аляксандра Амельяновіча зааралі. Аб гэтым дзве сям`і заявілі ў міліцыю і паведамілі на тэлефон «гарачай лініі» газеты «Ганцавіцкі час».
Жыхары вёскі Макава скардзяцца, што кіраўніцтва «Люсіна Агра» самавольна захапіла частку іх зямельных на дзелаў. / Фото: Пётр Гузаеўскі
Жыхарка Макава Валянціна Макарэвіч расказала, што яна ўжо пасадзіла на сваім участку каля хаты бульбу, а раніцай у суботу трактар, захапіўшы кавалак зямлі, дзе было пасаджана, заараў яго. Па словах Валянціны, усе ранейшыя гады яна садзіла тут бульбу, там стаялі слупкі, якія былі закапаныя ў зямлі, а паміж яе надзелам і землямі, дзе калгас сее, заўсёды быў шырокі праезд.
«Амельяновіч неяк вечарам прыязджаў на машыне, пастаяў каля майго ўчастка, і, напэўна, угледзеў, што я пасадзіла бульбу, а на другі дзень, бачу, трактар арэ. І мой участак зааралі, і нявестчын, – расказвае Валянціна Уладзіміраўна. – Хай бы хоць сказаў ці папярэдзіў, а то ні слова! Быццам бы назло. Выаралі плугамі два слупкі, дык дырэктар сам вынес іх і паклаў на маім участку.
Кавалак зямлі, на якім пасаджана бульба, зусім невялікі, літаральна некалькі квадратных метраў.
Валянціна Макарэвіч лічыць, што гэта дырэктар помсціць ёй за тое, што кінула працу, бо працавала яна на макаўскай ферме даяркай. «Нікога ж знайсці не могуць, дык, можа, і злуецца, – сказала Валянціна Уладзіміраўна. – Звольнілі мяне за прагулы, хоць я сама напісала заяву аб звальненні,а ў той дзень у мяне было накіраванне ў бальніцу. І то я не стала спрачацца. Не пайду я працаваць туды, бо адносіны такія, быццам мы там рабы якія».
Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Амельяновіч па тэлефоне адказаў «ГЧ», што зрабіў гэта дзеля таго, каб на зямлі быў парадак.
Тое, што гэта нейкая помста, дырэктар катэгарычна абверг. «Ніякім чынам да звальнення за прагулы гэта не адносіцца», – сказаў А. Амельяновіч.
Верыць ці не – справа кожнага. Але без эмоцый, відаць, усё ж не абышлося. Бо дзіўна, што дырэктар адправіў трактар з Люсіна, каб заараць нейкіх 15–20 сотак і вярнуцца назад, бо поле далей трактарыст не араў. Гэта ж нерацыянальнае выкарыстанне тэхнікі, паліва і часу работніка.
Такое дзеянне кіраўніка гаспадаркі, які нарадзіўся і жыў на гэта жа вуліцы, жыхары Макава не адобрылі.
«Няўжо яму мала зямлі? За мінулыя гады гектары пазарасталі, а тут кавалачак у людзей, што каля хаты, адбірае, – сказаў пенсіянер, які шмат гадоў працаваў у гэтым калгасе.
Хто праў і вінават, будуць разбірацца. Але некаторыя факты ўжо вядомыя. Высветлілася, што ў Валянціны Макарэвіч надзел 0,14 га. Гэты ўчастак з удзелам старшыні сельвыканкама Вячаслава Шкута памералі спецыялісты сельгасгаспадаркі, аказалася, што гаспадыня займае толькі 11 сотак. І яе надзел павінен быць яшчэ большы на тры соткі! Яна ж і падаткі аплачвае за 14 сотак зямлі. Аляксандр Амельяновіч і спецыялісты гаспадаркі, відавочна, пра гэта не ведалі.
Жыхарка вёскі Макава Валянціна Макарэвіч напісала заяву ў міліцыю за тое, што дырэктар ААТ «Люсіна Агра» Аляксандр Амельяновіч даў загад пераараць кавалак зямлі, дзе яна пасадзіла бульбу.
«Калі гэта так, то яшчэ метраў дзесяць на калгаснае поле павінен цягнуцца іх участак! І што гэта тады атрымаецца? – разважаў Аляксандр Цімафеевіч, бо таксама ўжо ведаў пра замеры зямлі. – Дзіўна, хто гэта раней мераў, калі выдаваў такія дакументы, ды ці наогул памералі гэты надзел перад тым, як напісалі ў паперах?»
Па яго словах, зараз жыхары Макава не хочуць браць соткі, а вось так пакрыху кожны год каля хаты адхопліваюць калгаснай зямлі. Раней на соткі людзям не хапала і 30 гектараў, а сёлета ўсяго 2 гектары адмералі.
«Я вырас у гэтай вёсцы і жыў па суседстве, таму з пяці гадоў памятаю, да якой мяжы былі зямельныя надзелы.
Зараз там не загароджана, на калгаснае поле потым бацвінне будуць выкідваць, таму я даў распараджэнне ад`араць роўную паласу ад людскіх участкаў, каб потым трактарыстам, якія будуць працаваць на гэтым полі, было зручна араць і сеяць, а не віляць па полі, трацячы час і паліва».
Аляксандр Амельяновіч, дырэктар ААТ «Люсіна агра»
Заяву ў міліцыю аб прыцягненні дырэктара «Люсіна Агра» да адказнасці за самаўпраўства напісала не толькі Валянціна Макарэвіч, але і гаспадыня суседняга дома Валянціна Шапялевіч. Яе кавалак зямлі таксама перааралі, але там яшчэ нічога не было пасаджана.
«Ну, калі я быў не праў, то няхай звяртаюцца ў суд: беларускі суд – самы гуманны ў свеце», – сказаў дырэктар ААТ «Люсіна Агра».