Чырвоны конь перажыў вайну і здох у калгасе
Прыйшоў красавік. Снег растаў, загаманілі ручайкі, зашчабяталі птушкі... Але не прынеслі радасці Яўхіму Дзямідчыку гэтыя цудоўныя змены ў прыродзе. Ён застаўся без каня і моцна перажываў: як цяпер вывезці гной на свае ніўкі, чым араць, як дагледзець зямлю?
Па гэтай прычыне Яўхім дрэнна спаў, страціў апетыт, з-за ўсялякай дробязі сварыўся з жонкай. Яшчэ ў пачатку сакавіка немцы забралі ў іхняй вёсцы ўсіх коней і на санях паехалі ў лес рабіць аблаву на партызан. Але сувязныя папярэдзілі лясных мсціўцаў і тыя падрыхтавалі засаду.
Калі немцы выехалі з лесу, то ўздыхнулі з палёгкай, бо дарога далей ішла праз поле. І вось, нарэшце, першыя сані сталі падымацца на пагорак, дзе раслі маладыя густыя елкі.
Нечакана проста ў лоб абознікам застрачылі аўтаматы і кулямёт, з абодвух бакоў поля раздаваліся адзіночныя выстралы. Застрэленыя коні падалі, пераварочваючы сані, з якіх вывальваліся на снег ворагі. Немцы не бачылі замаскіраваных партызан, а самі на снезе былі выдатнымі мішэнямі.
Коні, спужаныя стралянінай, адзічэла рванулі па полі, чуваць былі крыкі параненых. Некалькі апошніх саней развярнуліся і памчаліся назад к лесу, за імі пабеглі і тыя, хто застаўся без коней. Перамога партызан была відавочнай. На полі засталіся ляжаць каля двух дзясяткаў забітых, большасць з якіх былі паліцаі, што ехалі ў першай частцы абоза.
ПАРТЫЗАНЫ ВЯРНУЛІ КАНЯ
Яўхім чуў пра гэты бой і ўжо не спадзяваўся ўбачыць свайго каня. І вось неяк удзень, калі ён папраўляў плот за гумном, да яго прыбегла жонка і расказала, што ў сяло на конях прыехалі партызаны і вяртаюць іх гаспадарам. Праз некалькі хвілін Яўхім быў ужо на вуліцы, што была бліжэйшай да лесу.
Там ён убачыў сваіх аднавяскоўцаў і партызан, якія, спешыўшыся, трымалі за лейцы коней. Праўда, коней было мала, але калі Яўхім падышоў бліжэй, сэрца яго радасна закалацілася: ён пазнаў свайго каня. Усцешаны гаспадар падышоў да маладога партызана і сказаў:
«Братка, гэта ж мой чырвоны конь».
Але партызан весела адказаў:
«Адкуль мне ведаць, што ён ваш?»
«А ты правер, – настойваў Яўхім, – на правым вуху ў каня ёсць шрам. Мой гэта конь. Так што ідзём да мяне дадому, мы з жонкай добра пачастуем цябе, ды яшчэ і з сабою дамо гарэлкі з закускаю».
Неўзабаве мужчыны сядзелі за сталом ў Яўхімавай хаце і чаркавалі. Гаспадыня засмажыла ў печы на вялікай патэльні яечню, зварыла чыгунчык бульбы, прынесла з сеняў міску агуркоў і галоўку квашанай капусты. Потым яна пайшла на двор: трэба было накарміць і напаіць каня.
ЯК РАТАВАЛІСЯ І ГІНУЛІ СЕМ’І ВЯСКОЎЦАЎ
За чаркай Яўхім бліжэй пазнаёміўся з партызанам, мужчыны разгаварыліся. Грыша – так звалі партызана – расказаў, як улетку 1942 года загінула ўся яго сям`я: бацька, маці, дзве сястры і брат. Бяда тая здарылася ў нядзельку. Людзі няспешна снедалі, нікуды не спяшаліся, бо працаваць у гэты дзень лічылася грэшным.
Максім Таўкачан запрог каня, каб паехаць у суседнюю вёску праведаць дачку, якая ўжо паўгода як была замужам. Узяў з сабой гасцінцы: сушаныя грыбы і гаршчок мёду.
Сусед Міша Певень папрасіўся паехаць разам з ім: сказаў, што яму трэба там нейкія справы вырашыць ды ўдваіх і ехаць будзе весялей.
Яны выехалі з вёскі, праехалі лес і выбраліся ўжо на нізіну, якая цягнулася мо з кіламетр, а абапал дарогі раслі лазовыя кусты. Раптам штосьці нібы заставіла Максіма прыўзняцца на возе і паглядзець наперад, і… жах скаваў яго цела: наперадзе з лесу насустрач ім выязджаў атрад коннікаў.
«Міша, немцы!» – крыкнуў ён суседу і развярнуў каня.
Але іх заўважылі і пачалі страляць наўздагон. Кулі свісталі, пралятаючы міма, і Максім у думках прасіў Бога, каб не забілі каня. Потым страляніна спынілася, бо ворагам прыйшлося злезці з коней і асцярожна весці іх па грэблі метраў дзвесце.
У гэты час Максім пра сваё жыццё не трывожыўся, хацеў уратаваць людзей, сваю сям`ю. У лесе, калі пад`ехалі да ўзгорка, каб было лягчэй каню, загадаў суседу саскочыць з воза і схавацца ў лесе, а сам, не аглядваючыся, пагнаў каня.
Пад`язджаючы да вёскі, стаў моцна крычаць:
«Немцы, немцы!» – і крычаў, пакуль не аказаўся каля сваёй хаты, якая стаяла на краі вёскі каля самага балота.
Максім кінуў каня, з хаты выскачыла жонка з дзецьмі, і ўсе пабеглі за хлеў, адтуль цераз кусты ў балота – гэта быў іх паратунак. Сям`я Грышы жыла ў першай хаце ад лесу. У хаце яшчэ снедалі, калі пачулі крыкі. Наспех сабраліся, выскачылі на двор – і тут іх адразу ж расстралялі.
Гэта былі не немцы, а карнікі-мадз’яры. Яны загубілі яшчэ тры сям`і і пайшлі правяраць астатнія хаты. Але ўсе, хто мог хадзіць, здолелі ўцячы і ўратавацца. Засталіся ў хатах толькі вельмі старыя і саслабелыя людзі. Родныя спадзяваліся, што ворагі акажуцца да іх міласэрнымі і пакінуць у жывых.
Аднак мадз’яры штыкамі закалолі гэтых небарак, потым селі на сваіх коней і пакінулі вёску. Вяскоўцы доўга не рашаліся выходзіць са сваіх схованак і толькі з надыходам цемнаты вярнуліся ў свае хаты.
Яўхім наліў у чаркі гарэлкі, і яны з Грышам моўчкі выпілі, гэтак жа моўчкі закусілі – памянулі родных хлопца. Грыша гаротна ўздыхнуў і сказаў:
«Мы з сябрам у той страшны дзень на Чырвоным возеры лавілі рыбу. Пра тое, як загінула мая сям`я, расказаў дзед Раман – ён жыў па суседстве з намі. У яго пад дрывотняй быў лаз, ён там схаваўся і праз шчыліну ўсё бачыў. Пасля гэтай трагедыі я пайшоў да партызан. Ды і ўсе мужчыны з нашай вёскі падаліся ў партызаны. А вораг у нашу вёску больш ні разу не прыходзіў».
Грыша падзякаваў за гасціннасць гаспадарам і ўстаў з-за стала. Яўхім борздзенька прынёс са сховішча невялікае барылка гарэлкі, а гаспадыня наладавала ў торбу харчоў. Развітваючыся, дамовіліся сустракацца.
ЧЫРВОНЫ КОНЬ СТАЎ КАЛГАСНЫМ
У хуткім часе немцаў прагналі, і жыццё стала наладжвацца. Яўхім засеяў і засадзіў усе свае ніўкі, даваў другім людзям свайго каня. Праўда, калі людзі аралі, то сачыў, каб конь моцна не стамляўся, а калі ў якой гаспадарцы не было мужчыны, сам араў.
За сваю працу грошай не браў, казаў:
«Дапаможаце калі-небудзь грэбці сена альбо бульбу пакапаеце».
Каня свайго даглядаў добра і бярог, у дажджлівыя і снежныя дні конь стаяў у хляве. Прайшоў пэўны час. Многія вяскоўцы набылі сваіх коней, умацавалі свае гаспадаркі, але з усходу прыйшло яшчэ адно выпрабаванне: пачалі ствараць калгасы.
Спачатку ў вёсцы раскідалі ўсе гумны, але людзі маўчалі. Адна толькі Волька Жмырка, якую з-за маленькага росту празвалі Мышкай, устала на абарону сваёй маёмасці. Але старшыня калгаса падышоў да яе і стукнуў ёй у грудзі так, што жанчына ўпала на снег.
Калі з разабраных гумнаў пабудавалі канюшню і кароўнік, у людзей забралі коней і кароў, калі хто меў больш, чым адну. Кожнай сям`і адмералі трыццаць сотак разам з агародам, і пачаліся невясёлыя дзянькі.
Людзі хадзілі на працу ў калгас, але нічога за гэта не атрымлівалі – усе выжывалі за кошт сваёй гаспадаркі. Яўхім таксама стаў калгаснікам – а куды дзенешся? Яго чырвоны конь стаяў ужо ў калгаснай стайні. Некалькі разоў ён прыбягаў на свой двор, і Яўхіму прыходзілася адводзіць яго назад.
Праз два гады каня не стала, хаця першую зіму ў халоднай канюшні ён вытрымаў. Коней зімою практычна не кармілі – ледзь хапала сена каровам. Кармілі толькі людзі, якія бралі каня ў калгасе, каб прывезці дроў альбо сена. А на другую зіму Яўхімаў конь захварэў, злёг на ногі і больш не падняўся.
А з партызанам Грышам Яўхім так і не сустрэўся больш. Ад людзей даведаўся, што хлопец загінуў пры вызваленні Польшчы.
Новости
- 17:10 Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку
- 12:19 Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск
- 10:59 Беларусь уходит в форель: старые рыбхозы в убытках, новые – в планах
- 16:00 Как всего несколько ложек мёда в день могут изменить ваше здоровье
- 14:30 Как быстро и легко остановить понос народными средствами!
- 22:44 Парень из Бреста после болезни в армии перенес онкологию и потерял глаз
- 09:20 Готовим и едим в Лиссабоне – мастер-класс по закускам
- 09:18 Четыре дня ткачества в Лиссабоне – как проходит ретрит у мастера
- 17:33 Дельфины под Лиссабоном – как проходит морская прогулка и сколько стоит
- 15:24 Рыбалка в Атлантике у Лиссабона – как проходит тур и что можно поймать
Из рубрики
На Каляды можна даведацца пра свой лёс, ураджай і якім будзе год
Каляды – гэта час цудаў і варажбы. З 7 па 19 студзеня на Беларусі адзначаюць святкі, ці Каляды. Па традыцыі на працягу ўсіх гэтых дзён дзяўчаты варажылі на сваё замужжа і жаночую долю. Самымі дакладнымі лічыліся прадказанні, атрыманыя ў ноч з 13 на 14 студзеня: казалі, што не наварожыш, усё спраўдзіцца!
«Лучшая ёлка Беларуси»: как один щелчок превратил голосование в пустую трату времени
Голосование за лучшую ёлку Беларуси на одном из ТГ-каналов, где десятки тысяч людей соревновались в детской забаве, в итоге оказалось с фальшивыми результатами. Это ещё один пример, как накрутки за один щелчок превращают любое онлайн-развлечение в фарс. Там, где ещё вчера были живые голоса и равная борьба, сегодня – фальшивые результаты.
Крик души «колхозницы» о том, почему её так называют
Тиктокерша kate.flaw.less живёт в Нидерландах. А перебралась она туда из полесской глубинки Беларуси. В одном из своих роликов она пофилософствовала на тему того, почему деревенских людей часто называют «колхозниками» и высказала своё мнение на этот счёт. Приводим её обращение текстом, близким к говору автора.
Семья с 15 детьми показала, сколько стоит поход в магазин
У Саши и Лиры 15 детей, семья известна в TikTok, где ролики о их жизни собирают сотни тысяч и миллионы просмотров. Глава большого семейства показал на видео, как происходит распаковка продуктов после похода в магазин и сколько это стоит. Итоговый чек впечатляет, в комментариях говорят, что у некоторых это зарплата.