Ледзь не застаўся без грошай і хлеба
У Люсіна, як і ў іншых вёсках Ганцавіцкага раёна раней была традыцыя збірацца на вячоркі і ўспамінаць ўсякія цікавыя падзеі, якія адбыліся з аднавяскоўцамі. У вёсцы было некалькі хат, куды па завядзёнцы прыходзілі жыхары Люсіна.
У хаце Занькі заўсёды былі рады гасцям. Туды збіраліся мужчыны старэйшага ўзросту, якія вялі між сабою гамонку. На адных з такіх вячорак яны гаварылі пра гаспадарку, вайну, палітыку, а потым нечакана рассказалі, якія перашкоды прыходзілася пераадолець, каб купіць хлеба.
ПЕШШУ ЗА ХЛЕБАМ З ЛЮСІНА Ў БАРАНАВІЧЫ
«Ох і цяжка было, калі бальшавікі забралі ў людзей зямлю і арганізавалі калгасы, – пачаў гаворку Шэмет. – Не стала хлеба, і ў сельмагу яго не прадавалі. Дык вось людзі з нашай вёскі хадзілі пяшком аж за 60 кіламетраў у горад Баранавічы, каб купіць яго.
Канешне, можна было заехаць туды і прыгарадным цягніком, але ён ішоў позна, ды і за грошы, якія належала аддаць на білет, можна было купіць паўмяшка хлеба.
Вясною і ўлетку людзі выходзілі з дому на самым світанку, і ў кожнага ў руках была торба з мяшком. Часам магло і пашанцаваць: шафёры спачувалі хадакам і падвозілі іх на машынах.
Трапіўшы ў Баранавічы, адразу займалі чаргу каля хлебнага магазіна. Там жа стаялі людзі з другіх раёнаў. У адны рукі выдавалі па дзве буханкі хлеба, таму прыходзілася зноў і зноў займаць чаргу.
Дадому вярталіся з поўным мяшком хлеба, канешне ж, на прыгарадным. А колькі радасці было ў дзяцей, калі прывозілі некалькі батонаў! Сённяшнія дзеці гэтага не разумеюць, бо выраслі на цукерках і пячэнні».
БАРАНАВІЧЫ – БАНДЫЦКІ ГОРАД?
Шэмет змоўк, і ў хаце павісла цішыня, якую неўзабаве парушыў Сямён Рылка.
«Восенню і зімою пяшком у Баранавічы ўжо не хадзілі, – расказваў ён, – бо дні кароткія былі. Да таго ж восенню ішлі дажджы, а зімою было холадна і снежна. Таму прыходзілася браць білеты на прыгарадны цягнік і ехаць вечарам.
Ноччу сядзелі на вакзале, а зранку ішлі займаць чаргу. У тыя далёкія савецкія часы пра горад Баранавічы гаварылі, што там бандыт на бандыце едзе і бандытам паганяе. У гэтай нядобрай славе Баранавічы ўступалі пальму першынства хіба толькі гораду Растову.
Аднойчы, калі я прыехаў у Баранавічы, мне прыйшлося ноччу адлучыцца ў туалет, які знаходзіўся на дварэ. Там нікога не было. Але не паспеў я зачыніць дзверы, як адкуль ні вазьміся ка мне падышлі двое.
Адзін з іх, высокі хлопец, адразу вынуў з кішэні нож і загадаў:
«Давай сюды грошы».
Грошы я яшчэ дома закруціў у анучку і паклаў пад сцельку гумовага бота. Пры хадзьбе гэта крыху мне перашкаджала, затое, як мне здавалася, там яны былі надзейна схаваныя.
Я адказаў бандытам, што грошай у мяне няма, акрамя як на білет, бо прыязджаў я праведаць хворую маці. Аднак мае словы бандыты нібы і не чулі.
Высокі па-ранейшаму трымаў нож, а другі, ніжэйшы ростам, пачаў мяне абшукваць. Спачатку ён зняў у мяне шапку, а потым дайшоў да кішэняў. Падумалася тады: забяруць гэтыя невялікія грошы, і я не прывязу сваім дзецям хлеба.
Краем вока я зірнуў на высокага: ён не глядзеў на мяне, а пазяхаў, закрыўшы рот рукою. Мяне нібы пружынай падкінула, я ірвануўся да яго і ўдарыў галавою ў пах…
Прыбег я ў памяшканне вакзала без шапкі. Нікуды больш мне ўжо не хацелася. А на світанні бандыты ўкінулі маю шапку ў залу чакання».
«Дык ты, Сямён, герой: пад нажом бандыцкім стаяў, а грошы не аддаў і здолеў уцячы, – сказаў Жалезны і прадоўжыў: – А яны ж цябе маглі забіць. Дык мо лепш было аддаць тыя невялікія грошы…»
Сямён Рылка на гэта яму адказаў:
«Каб на сённяшні дзень, то мо і аддаў бы. А тады я быў малады і вельмі хацеў прывезці сваім дзецям хлеба».
Па радыё прабіла 12 гадзін ночы, і мужчыны сталі расходзіцца па хатах, каб заўтра вечарам зноў сустрэцца.
Новости
- 12:32 Костюковичи проведут День белорусской письменности 5 и 6 сентября
- 11:11 С карты Беларуси исчезли 18 деревень – Витебская область в лидерах
- 18:35 Недостачу нашли в магазине, а наказали кадровика
- 17:56 Новые правила: изменения для строителей и инвесторов
- 11:25 Кофейни самообслуживания в Минске теряют привлекательность
- 18:00 17 миллионов в масла и сотни работников на рыбе. Что получилось в райцентре Глубокое Витебской области?
- 14:49 Белорусские водители начнут пользоваться новыми дорогами
- 12:03 В аграрном секторе и у строителей проблемы с зарплатами
- 13:25 Иркутск и Беларусь на пути к новому сотрудничеству
- 12:59 Зарплаты в Беларуси: Минск впереди, но разрыв растёт
Из рубрики
На Каляды можна даведацца пра свой лёс, ураджай і якім будзе год
Каляды – гэта час цудаў і варажбы. З 7 па 19 студзеня на Беларусі адзначаюць святкі, ці Каляды. Па традыцыі на працягу ўсіх гэтых дзён дзяўчаты варажылі на сваё замужжа і жаночую долю. Самымі дакладнымі лічыліся прадказанні, атрыманыя ў ноч з 13 на 14 студзеня: казалі, што не наварожыш, усё спраўдзіцца!